Узнагарода — стажыроўка ў Міністэрстве замежных спраў

- 12:19Навіны рэгіёнаў

Студэнты эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пройдуць стажыроўку ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Такая магчымасць з’явілася ў маладых людзей, якія вучацца па спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” пасля годнага ўдзелу ў фінале II Адкрытай (міжнароднай) алімпіяды па сусветнай эканоміцы, якая прайшла ў сталіцы нашай краіны ў мінулым годзе.

У інтэлектуальным конкурсе прынялі ўдзел 80 студэнцкіх каманд і 119 індывідуальных удзельнікаў з устаноў вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі. Каманда “Міс Сміт” ГДУ імя Ф.Скарыны ўвайшла ў лік пераможцаў-фіналістаў.

— Асаблівы гонар выклікае тое, што ў фінал прайшлі каманды толькі двух беларускіх універсітэтаў — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і нашай установы, — гаворыць старшы выкладчык кафедры эканамічнай тэорыі і сусветнай эканомікі ГДУ імя Ф.Скарыны Наталля Шалупаева.

У ліку фіналістаў былі таксама Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт. Тое, што гомельскія будучыя эканамісты-міжнароднікі апынуліся ў гэтай кампаніі, паказвае высокі ўзровень іх падрыхтоўкі.

Акрамя таго, па выніках конкурсу на валоданне дзелавой англійскай мовай, які прадугледжвае публічныя выступленні перад журы на прапанаваную эканамічную тэму, студэнтка 4 курса спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” Гомельскага дзяржуніверсітэта Алена Бычкова заваявала 2-е месца сярод 119 удзельнікаў і была ўдастоена дыплома.

Залогам такога поспеху стала перш за ўсё згуртаваная праца студэнтаў і выкладчыкаў эканамічнага факультэта. Актыўную падрыхтоўку канкурсантаў да ўдзелу ў алімпіядах вялі загадчык кафедры эканамічнай тэорыі і сусветнай эканомікі прафесар Барыс Сарвіраў, выкладчыкі кафедры Наталля Шалупаева і Яўген Западнюк.

— Падрыхтоўка была сапраўды сур’ёзнай і напружанай, — расказвае Наталля Сяргееўна. — Штодзень чыталіся лекцыі, праводзіліся практычныя заняткі і кансультацыі па такіх прадметах, як “Сусветная эканоміка”, “Міжнародныя эканамічныя адносіны”, “Міжнародны бізнес”, “Міжнароднае эканамічнае права”. Сёння мы бачым вынікі сваёй працы і працы нашых падапечных. Па-першае, у нас ёсць перамога, а па-другое, нашы лепшыя эканамісты-міжнароднікі маюць выдатную магчымасць прайсці стажыроўку ў Міністэрстве замежных спраў. Гэта не проста цікава, гэта неверагодная магчымасць спасцігаць практычныя веды і навыкі, адкрываць для сябе новыя магчымасці і мэты.

Дзяўчаты, якім выпаў такі шанс, з нецярпеннем чакаюць пачатку стажыроўкі, якая адбудзецца ўжо ў лютым — сакавіку.

— Мы насамрэч шмат працавалі падчас падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядзе, — дзеліцца лепшы знаўца дзелавой англійскай мовы Алена Бычкова. — Час патрачаны недарма: мы ў пераможцах нароўні з вядучымі УВА Беларусі і Расіі. Разам з гэтым, несумненна, у кожнага з нас прыбавілася ўпэўненасці ў сваіх сілах, з’явіліся нейкія новыя задачы, вышэйшыя за тыя, што мы ставілі перад сабой раней.

Варта адзначыць, што студэнты эканамічнага факультэта спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” Гомельскага дзяржуніверсітэта заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у навуковых конкурсах і алімпіядах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, на якіх ужо традыцыйна паказваюць глыбокія веды і эрудыцыю ў галіне сусветнай эканомікі і міжнародных эканамічных адносін. Таму, перамога на II Адкрытай (міжнароднай) алімпіядзе па сусветнай эканоміцы далёка не адзіная за мінулы год.

Так, студэнты Мікіта Козыраў і Наталля Сасунова ў 2017 годзе сталі пераможцамі рэгіянальнай міжуніверсітэцкай алімпіяды па англійскай мове World of English для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцей, на якой ім неабходна было выступіць з дакладам на англійскай мове на зададзеную эканамічную тэматыку.

Па выніках XXIV Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ усе прадстаўленыя на конкурс работы студэнтаў спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” ГДУ імя Ф.Скарыны былі ўдастоены дыпломаў, работы Мікіты Козырава, Армана Казарана і Ірыны Шылец узнагароджаны дыпломам I ступені. Акрамя таго, магістрант Арман Казаран увайшоў у лік пераможцаў VI Міжнароднага конкурсу навуковых работ студэнтаў і аспірантаў, які праходзіў у Маскве на базе Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі.

Наогул, у “сусветных” эканамістаў Гомельскага дзяржуніверсітэта ўзнагарод, медалёў і дыпломаў мноства. Сярод іх — медалі Міжнароднага дабрачыннага фонду “Планета Альфрэда Нобеля”, дыплом І ступені і медалі за перамогу ў Міжнародным конкурсе навукова-даследчых работ для студэнтаў з краін СНД і Балтыі, шматлікія дыпломы Міжнароднага конкурсу навуковых работ студэнтаў і аспірантаў, дыплом лаўрэата Усерасійскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, аспірантаў і маладых навукоўцаў “Ельцын — новая Расія — свет”, стыпендыі Міжнароднага навуковага фонду эканамічных даследаванняў акадэміка Н.П.Федарэнкі, дыпломы пераможцаў конкурсаў навуковых работ студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, якія праводзяцца Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, дыплом пераможцы III Міжнароднага інтэлектуальнага конкурсу студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў University Stars — 2016, шматлікія дыпломы I ступені і дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках штогадовага Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. І гэты спіс можна працягваць.

Вынікі вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў і іх заслужаныя перамогі пацвярджаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі эканамістаў-міжнароднікаў у вядучай УВА гомельскага рэгіёна. Навучанне студэнтаў па спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” ў Гомельскім дзяржуніверсітэце ажыццяўляецца высокакваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім калектывам эканамічнага факультэта, у прыватнасці кафедры эканамічнай тэорыі і сусветнай эканомікі, з 1999 года. За гэты час факультэт выпусціў у свет шмат выдатных спецыялістаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.