Узнагарода валанцёрам года

Традыцыйна ў Міжнародны дзень валанцёра, які адзначаецца 5 снежня, увага пераключаецца не на тых, каму неабходна дапамога і падтрымка, а на тых, хто яе дорыць кожны дзень на працягу года. Фінал рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — добрае сэрца — 2018” прайшоў у Мінску і аб’яднаў больш за 100 лепшых валанцёраў БРСМ з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Так, у межах сустрэчы для яе ўдзельнікаў на базе БДПУ імя Максіма Танка прайшоў валанцёрскі інтэнсіў, які ўключаў адукацыйныя пляцоўкі і камунікатыўныя трэнінгі па арганізацыі дзейнасці валанцёраў: “Практычная дапамога па асаблівасцях цьютарскай дапамогі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і маладых інвалідаў”, “Псіхалагічная праніклівасць”, “Магчымасці міжнароднага валанцёрства” і інш.

Інтэрактыўныя пляцоўкі, гульнявыя праграмы і майстар-класы ладзіліся на базе аднаго з гандлёвых цэнтраў сталіцы. Валанцёры вучылі вырабляць сваімі рукамі навагоднія паштоўкі, падарункавую ўпакоўку, фігуркі з шароў, парасят з фетру і інш. Асаблівую атмасферу творчасці прыўнеслі творчыя калектывы і маладыя выканаўцы.

Кульмінацыяй свята стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых валанцёраў і валанцёрскіх атрадаў, якія папярэдне прайшлі адбор і сталі лепшымі на раённых, абласных і рэспубліканскім этапах.

Так, у намінацыі “Асабісты ўклад сярод навучэнскай моладзі” лепшым быў названы 11-класнік Раман Новікаў, удзельнік валанцёрскага атрада “Служба добрага настрою” пярвічнай арганізацыі БРСМ Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна. У межах праекта Раман з сябрамі-валанцёрамі зрабіў акцэнт на працоўных акцыях. Яны прыводзілі ў парадак аграгарадок Калодзішчы, прышкольную тэрыторыю, мемарыял, алею славы настаўнікам, лясны масіў у раёне Уручча, прымалі ўдзел у раённых і гарадскіх акцыях па добраўпарадкаванні тэрыторый #ЗаДело і інш.

У намінацыі “Асабісты ўклад сярод студэнцкай моладзі” пераможцай стала Ганна Васюніна, 3-курсніца эканамічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання і камандзір валанцёрскага атрада “Шчасце ў падарунак”.

У чарговы раз сярод пераможцаў апынуліся валанцёры Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Праўда, калі 2 гады назад перамогу атрымаў увесь валанцёрскі атрад “Рука ў руцэ”, то на гэты раз віншаванні і ўзнагароды прымала яго кіраўнік Вольга Жыхарка. Перамога ў намінацыі “Асабісты ўклад сярод працоўнай моладзі” стала для яе сюрпрызам. Цэлы год падчас прывычных для атрада візітаў у сацыяльны прытулак Баранавіч, дзіцячую бальніцу, ЦКРНіР Баранавіч і раёна і г.д. камера факусіравалася і на Вользе Аляксандраўне, а пасля яе навучэнцы зманціравалі ролік і адправілі на конкурс.

У намінацыі “Лепшая вучэбная праграма для валанцёраў” перамагла сацыяльная праграма “Школа дабра” і яе аўтар Вераніка Ражкова, загадчыца аддзела сацыякультурнай дзейнасці Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

“У валанцёрстве я ўжо вельмі даўно, таму ўсе актуальныя праблемы мне вядомы, — расказвае Вераніка Ражкова. — У прыватнасці, калі валанцёры ўпершыню прыходзяць у сацыяльныя ўстановы, яны ўсе могуць толькі ўсміхнуцца і ўручыць падарунак. А што рабіць далей? Бывала, што пасля першага візіту людзі не былі гатовы да далейшай валанцёрскай дзейнасці, таму мы і стварылі свой праект. Гэта адукацыйная пляцоўка па падрыхтоўцы валанцёраў да работы ў канкрэтных установах. Мы супрацоўнічалі з дабрачынным аб’яднаннем “Свет без межаў”, і да нас прыязджалі выкладчыкі, псіхолагі і на працягу года праводзілі вучэбныя трэнінгі на камунікацыю, стрэсаўстойлівасць, каб валанцёры прыйшлі да асаблівых дзяцей, былі падрыхтаваны і мелі жаданне далей працаваць з імі. На сёння ў нас ужо выпушчана першая група — 17 чалавек, якія прайшлі ўвесь вучэбны курс і атрымалі адпаведныя сертыфікаты”.

У намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод навучэнскай моладзі” перамог валанцёрскі атрад “Млечны Шлях” пярвічнай арганізацыі БРСМ сярэдняй школы № 22 Гомеля (кіраўнік атрада — педагог-арганізатар Яніна Гарбачэўская).

У намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод студэнцкай моладзі” адзначаны валанцёрскі атрад “Аптыміст” пярвічнай арганізацыі БРСМ Аршанскага каледжа пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава (кіраўнік атрада — педагог-арганізатар Алена Шавека).

У намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод працоўнай моладзі” перамог валанцёрскі атрад “Сёмае неба” пярвічнай арганізацыі БРСМ Гомельскага завода ліцця і нармалей (кіраўнік атрада — электрагазазваршчык Іван Дусёнак).

У намінацыі “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы” адзначана група Гомельскага абласнога камітэта БРСМ “Валанцёры Гомельшчыны/Добрае сэрца”.

Названы таксама лепшыя тэрытарыяльныя камітэты БРСМ па рэалізацыі рэспубліканскіх дабрачынных акцый “Цуды на Каляды”, “У школу з добрым сэрцам”, “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям”, “Аднаўленне святынь Беларусі”, “Дзень абароны дзяцей з БРСМ”, дабрачыннага марафону “Усе фарбы жыцця для цябе”, маладзёжнага фестывалю-выставы “Велікодны куліч”.

У завяршэнне свята быў дадзены старт дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. Ганаровая місія даць старт акцыі была даверана актывісту Саюза моладзі фокусніку Яўгену Стадольніку (пераможца тэле-шоу “Я магу!”), а таксама любімым навагоднім персанажам — Дзеду Марозу і Снягурцы і сімвалу будучага года парасяці Пятачку. Усе сабраныя ў гэты дзень падарункі валанцёры перададуць 26 снежня выхаванцам падшэфнага БРСМ Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.