Узнагарода за працу і стараннасць

- 10:21Адукацыйная прастора

Вынікі Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Фізіка” і “Астраномія” падведзены ў Полацку. У фіналістаў засталіся за плячыма дні, напоўненыя хваляваннем, новымі ўражаннямі і знаёмствамі; дні, калі яны здзіўлялі журы сваімі глыбокімі ведамі, знаходзілі новых сяброў, знаёміліся з прыгожым старажытным горадам, яго гісторыяй і сучаснасцю. Урачыстая цырымонія закрыцця заключнага этапу спаборніцтва праходзіла ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай.

Трыумф перамогі з маладымі талентамі краіны прыйшлі падзяліць намеснік начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Канстанцін Пятроў, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, члены журы, педагогі і навучэнцы Полаччыны.

— Лічаныя хвіліны аддзяляюць нас ад часу, калі алімпіяда-2018 стане гісторыяй, — адзначыла Алена Багдановіч. — Імёны пераможцаў будуць унесены ў спісы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У спаборніцтве перамагае мацнейшы; вартыя шчырага прызнання і захаплення навучэнцы, якія паказалі найлепшыя вынікі. Але і тым, каго аддзялілі ад перамогі лічаныя балы, таксама вялікая ўдзячнасць. Галоўнымі складнікамі поспеху з’яўляюцца наяўнасць мэты і часу на яе ажыццяўленне, спрыяльныя ўмовы для асабістага развіцця, працавітасць, зацікаўленасць, талент. Усё гэта ў вас ёсць. Ашчадна выкарыстайце дадзеныя рэсурсы. Думаю, што нашу Радзіму чакае вялікая будучыня, таму што ў зале знаходзіцца столькі выдатнай моладзі.

Уручаючы ўзнагароды і дыпломы І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта старшыня журы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы Анатоль Слабадзянюк павіншаваў пераможцаў і падкрэсліў, што адпачываць на лаўрах не варта, першы сёння не азначае лепшы заўтра, а таму галоўнае пажаданне — каб і для ўладальнікаў дыпломаў, і для ўсіх удзельнікаў алімпіяда стала першай прыступкай да больш высокіх дасягненняў. Сярод юных фізікаў лепшымі з лепшых прызнаны навучэнцы 9 класа гімназіі № 1 Барысава Дзяніс Дзядкоў, сярэдняй школы № 16 Полацка Павел Бяляўскі, сярэдняй школы № 21 Магілёва Раман Карабейнікаў, гімназіі № 10 Мінска Аляксей Кіркоўскі; навучэнцы 10 класа ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста Андрэй Кацэвіч, гімназіі № 1 Барысава Аляксандр Мамекін, сярэдняй школы № 17 Ліды Сяргей Лаза, гімназіі № 1 Барысава Ілья Драпеза; навучэнцы 11 класа гімназіі № 7 Віцебска Аляксандр Фядотаў, Ліцэя БДУ Яўген Ганковіч, Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Мікалай Зунікаў, гімназіі № 1 Барысава Яўген Дзядкоў.

Пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі сталі навучэнцы гімназіі № 42 імя Жарэса Алфёрава Мінска Ігар Красоўскі, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназіі № 50 Мінска Валерыя Сяльчонак, ліцэя № 1 Мінска Сяргей Насека, ліцэя № 1 Гродна Аляксандра Маляўка, школы № 1589 Масквы Дамір Гасымаў.

Па традыцыі, што бачыцца яшчэ больш сімвалічнай напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, удзел у фінале алімпіяды прыняла каманда Масквы — і, трэба сказаць, спаборнічалі беларусы і расіяне практычна на роўных. Алімпіяда па фізіцы і астраноміі — спаборніцтва з адназначна “мужчынскім” абліччам. Але той факт, што дзяўчаты знаходзяцца ў гендарнай меншасці, і колькасць дыпломаў, атрыманых прыгажунямі і разумніцамі, кажа аб іх выключна высокім патэнцыяле. На працягу алімпіяднага тыдня за фіналістаў ад усёй душы хварэлі іх блізкія і родныя, сябры, настаўнікі. Палачане таксама з хваляваннем сачылі за выступленнем сваіх землякоў. Спецыяльным прызам Полацкага райвыканкама ўзнагароджаны навучэнец сярэдняй школы №16 Полацка Павел Бяляўскі.

— Сімвалічна, што цырымонія закрыцця алімпіяды па фізіцы і астраноміі праходзіць у Міжнародны дзень абароны Зямлі, — звярнуў увагу моладзі на супадзенне Пётр Пяткевіч. — Менавіта вам трэба будзе клапаціцца аб захаванні ўнікальнай планеты Сонечнай сістэмы. У вашых сілах зрабіць нашу Беларусь моцнай і квітнеючай. Для вас адкрыты новыя далягляды і шляхі, пачынанні і перамогі, высокія мэты, радасці і ўдачы! Вы, як ніхто іншы, ведаеце, наколькі цяжка быць першым, які вялікі кошт поспеху і колькі радасці прыносіць перамога. Мы кажам вам “вялікі дзякуй” за імкненне не спыняцца на дасягнутым, пастаяннае развіццё і рух наперад. Наша шчырая ўдзячнасць паважанаму журы, членам арганізацыйнага камітэта алімпіяды, кіраўнікам каманд, педагогам, якія крапатліва рыхтавалі сваіх вучняў да выступленняў. Полацк не развітваецца з вамі, а кажа “Да новых сустрэч”!

Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Пятроў уручыў навучэнцам гімназіі №1 Барысава Дзянісу Дзядкову (фізіка) і ліцэя № 1 Гродна Аляксандры Маляўцы (астраномія). Падарункі для ўсіх удзельнікаў алімпіяды падрыхтавала выдавецтва вучэбнай літаратуры “Аверсэв”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.