Узнагарода за творчасць

Прыемная навіна прыйшла ў рэдакцыю “Настаўніцкай газеты” напярэдадні нашага прафесійнага свята — Дня друку. За актыўную плённую працу ў галіне культурнага выхавання моладзі, распрацоўку і развіццё інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Мая малая радзіма” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь узнагародзіла Ганаровай граматай нашага калегу — рэдактара аддзела праблем выхавання “Настаўніцкай газеты” Ігара Грэчку.

Ігар Грэчка — выдатны журналіст, якога вылучаюць вобразнасць мыслення і глыбокая павага да роднай зямлі. Яго матэрыялы вызначаюцца інфармацыйнай насычанасцю, грунтоўнасцю, стылістычнай вобразнасцю. Імя нашага калегі добра вядома шырокай педагагічнай грамадскасці, асабліва айчынным краязнаўцам. Прыемна, што Ігар Віктаравіч — прафесіянал высокага класа і чулы, далікатны чалавек — працуе менавіта ў галоўным педагагічным выданні нашай краіны.

Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. Міністэрства інфармацыі Беларусі выказала падзяку найбольш актыўным нашым калегам і памочнікам. Так, за ўдзел у рабоце выставы, за актыўнае творчае прадстаўленне свайго рэгіёна ў рамках прэзентацыі праекта “Мая малая радзіма”, прысвечанага папулярызацыі краязнаўчай работы педагогаў і навучэнцаў устаноў адукацыі краіны па вывучэнні сваёй малой радзімы, які рэалізоўваецца рэдакцыяй нашай газеты, падзяку міністэрства атрымалі: Вераніка Самускевіч, студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Мастацтва эстрады” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў; вакальная група “Рэнесанс” — Алена Сазонава, Алеся Іўлева, Ірына Коршун і мастацкі кіраўнік Жанна Савіцкая (Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў); Уладзімір Аруцюнян, навучэнец 1 курса Барысаўскага дзяржаўнага каледжа; удзельнікі ўзорнага ансамбля эстраднага танца “Экшн” Петрыкава (мастацкі кіраўнік Ірына Буднік); вакальная група заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь Магілёўскага ўзорнага тэатра-студыі “Вясёлка” — Ірына Круглік, Лізавета Сімановіч, Дар’я Цімашэнка, Настасся Аксенава, Аліна Дудко і іх мастацкі кіраўнік Лілія Чагадаева.
Віншуем з заслужанымі ўзнагародамі!

Наталля КАСТЭНКА.

Адна думка пра “Узнагарода за творчасць

  1. Ігар! Віншуем! Так трымаць! Сапраўды заслужаная ўзнагарода!

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *