Узнагароды для маленькіх даследчыкаў

Чаму начныя матылькі ляцяць на яркае святло лямп? Ці добрая маці зязюля? Чаму батлейка — скарб беларускай культуры? Як нараджаюцца мультфільмы? Адкуль узнікае электраэнергія і дзе жыве? Для чаго чалавек вынайшаў снегаступы? На гэтыя і многія іншыя пытанні знайшлі адказы пераможцы, прызёры і ўдзельнікі трэцяга этапу Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”, які прайшоў з 20 па 30 красавіка. Вынікі спаборніцтва былі падведзены падчас урачыстай цырымоніі ў АПА.

Удзельнікі, прызёры і пераможцы конкурсу ў намінацыі “Мая Радзіма Беларусь”.

Конкурс “Я — даследчык” праводзіцца з мэтай развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту (5—7 гадоў). Спаборніцтва аб’ядноўвае дарослых і дзяцей, якія імкнуцца да навуковага і даследчага пошуку, падчас якога маленькія навукоўцы вучацца ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць і фармуляваць найпрасцейшыя высновы, ацэньваць навакольны свет. У кожным дзіцячым даследаванні можна ўбачыць жаданне нешта змяніць да лепшага ў сабе або ў вялікім свеце. Удзел у конкурсе спрыяе таксама прафесійнаму ўдасканальванню педагагічных работнікаў, дае ім магчымасць абменьвацца карыснымі напрацоўкамі з калегамі, набываць вопыт кіравання даследчай дзейнасцю, падрыхтоўкі дзяцей да першых публічных выступленняў.

У.М.Каланчук – дзядуля пераможцы конкурсу.

Вынікі даследаванняў прадстаўляліся ў выглядзе стэндаў, макетаў і  відэазапісаў дакладаў, якія дзеці рыхтавалі да першага і другога этапаў конкурсу. Яны абаранялі свае індывідуаль­ныя або калектыўныя работы ў чатырох конкурс­ных намінацыях. На трэцім этапе была арганізавана Рэспубліканская выстава даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту, дзе ад кожнай вобласці і Мінска прэзентавалася па чатыры работы. Іх ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, НІА, АПА, БДПУ імя Максіма Танка і Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У якасці старшыні журы выступіла намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Алена Іванаўна Смолер. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі работ былі навізна тэмы даследавання, арыгінальнасць аўтарскай задумы, адпаведнасць зместу работы пастаўленай мэце, наяўнасць у рабоце логікі, даследчай культуры, высноў і г.д. Ацэньвалася і ўменне дзяцей прэзентаваць свае даследаванні. Дарэчы, некаторыя выступленні прагучалі на бездакорнай беларускай мове.

Падчас цырымоніі закрыцця конкурсу і ўручэння ўзнагарод маленькіх канкурсантаў і кіраўнікоў іх даследчых работ (педагогаў і бацькоў) вітала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі, намеснік старшыні аргкамітэта рэспубліканскага конкурсу Альбіна Леанідаўна Давідовіч. Яна падкрэсліла важнасць таго, што творчасць і даследчыя здольнасці, якія праявілі ўдзельнікі конкурсу, аб’ядналі дзяцей, бацькоў і педагагічных работнікаў. Альбіна Леа­нідаўна пажадала, каб маленькія даследчыкі і ў будучыні захоўвалі здольнасць да адкрыццяў, уласнае бачанне свету і маглі самастойна выбудоўваць сваю жыццёвую стратэгію.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 50, 4 мая.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.