Узнагароды Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі

Узнагароды Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна ўручаны ў рамках VI Маладзёжнага форуму Беларусі і Расіі дзяржаўным дзеячам нашай краіны — міністру адукацыі Ігару Васільевічу Карпенку і старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэю Эдуардавічу Белякову. Словы падзякі, а таксама граматы і памятныя медалі за ўклад у падрыхтоўку і правядзенне XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў 2017 года ў Сочы яны прымалі ад кіраўніка Федэральнага агенцтва па справах моладзі Расійскай Федэрацыі Аляксандра Вячаслававіча Бугаёва.

“Любы фестываль — нішто без яго ўдзельнікаў, без тых людзей, якія не проста прыязджаюць, а актыўна прадстаўляюць свае краіны, свае народы, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Бугаёў. — Самай шматлікай і яркай дэлегацыяй нашых гасцей у Сочы была менавіта дэлегацыя Рэспублікі Беларусь, у склад якой увайшло больш за 450 чалавек. І мы вельмі ўдзячны нашым беларускім сябрам і братам за тое, што падтрымалі нас у гэты момант, які стаў гістарычнай вяхой. Гэта было вельмі важна для Расійскай Федэрацыі — паверце, такія рэчы не забываюцца. Асобныя словы падзякі — тым людзям, якія рыхтавалі прыезд дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Расію, людзям, якія зрабілі гэта магчымым”.

Да віншаванняў далучыліся старшыня Асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў “Нацыянальны савет маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі” Рыгор Валер’евіч Петушкоў і старшыня Агульнарасійскай грамадскай арганізацыі “Расійскі саюз моладзі” Павел Паўлавіч Краснаруцкі.

У сваю чаргу міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка ад імя ўсёй беларускай моладзі падзякаваў расійскім гасцям за працу ў галіне маладзёжнай палітыкі і ўручыў ім памятныя падарункі.

“Фестывальны рух шматгранны і шматнацыянальны, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Вельмі важна сёння з пункту гледжання сучаснага свету, яго глабалізацыі ўмець падтрымліваць баланс міжканфесійнай і міжнацыянальнай згоды, умець выбудоўваць адносіны паміж народамі шляхам палітычнага дыялогу, знаходжання кампрамісаў. Безумоўна, фестываль адыгрывае ў гэтым велізарную стваральную ролю, накіроўваючы моладзь у патрэбнае рэчышча і папулярызуючы сярод падрастаючага пакалення ідэі міру, дружбы і салідарнасці”.

Таксама міністр адукацыі паведаміў, што ў хуткім часе ў адной са сталічных школ-новабудоўляў з’явіцца музей, прысвечаны фестывальнаму руху. Ідэя яго стварэння ўзнікла ў беларускай дэлегацыі падчас правядзення сочынскага фестывалю і была безумоўна падтрымана. Паводле задумы арганізатараў, музей будзе пастаянна развівацца і дапаўняцца новымі экспанатамі.

Свой уклад у стварэнне яго экспазіцыі ўнеслі і прадстаўнікі расійскага маладзёжнага руху. Так, падчас сустрэчы Рыгор Петушкоў перадаў для новага музея эксклюзіўны набор фестывальных значкоў. Адзін з іх — значок заявачнай кампаніі, калі Расія толькі вырашыла змагацца за права стаць у 2017 годзе Сусветнай маладзёжнай фестывальнай пляцоўкай. Такіх значкоў выпушчана ўсяго каля 150 штук, таму іх цалкам можна лічыць эксклюзівам, адзначыў старшыня Асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў. Акрамя таго, госць падарыў музею памятную сярэбраную манету наміналам 3 рублі, выпушчаную Банкам Расіі накладам 3 тысячы экзэмпляраў і прысвечаную XIX Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў 2017 года.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.