Узнагароды — прызёрам алімпіяды

- 15:32Якасць адукацыі

На Магілёўшчыне вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі. Асаблівы ўпор у гэтым кірунку робіцца на развіццё алімпіяднага руху, бо менавіта ён з’яўляецца самай масавай і эфектыўнай формай рэалізацыі здольнасцей навучэнцаў. У вобласці склалася станоўчая сістэма падрыхтоўкі вучняў да ўдзелу ў розных этапах алімпіяды, і яна дае адпаведныя вынікі: сёлета на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда Магілёўшчыны была прадстаўлена 71 удзельнікам з ліку навучэнцаў 11-х класаў. Усе яны выступілі годна: заваявана 36 пераможных дыпломаў. Магілёўская вобласць стала лідарам алімпіяды па колькасці дыпломаў у камандным заліку.

Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд на ўласным прыкла­дзе прадэманстравалі высокую матывацыю да вучобы, волю да перамогі і імкненне да поспеху. Надоечы ўсе 36 прызёраў, а таксама педагогі, якія іх падрыхтавалі, атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

— Адораная моладзь — залаты фонд любой дзяржавы. Падтрымка маладых людзей і развіццё іх здольнасцей — прадмет асаблівай увагі ў нашай краіне. Значна, што сярод магілёўскіх юнакоў і дзяўчат ёсць тыя, хто на працягу ўжо некалькіх гадоў запар на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах даказвае свой высокі ўзровень ведаў. Гэта выпускніца сярэдняй школы № 2 Бялыніч Дар’я Міцькова, выпускніца гімназіі № 3 Магілёва Ганна Несцер, выпускнік Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Раман Карабейнікаў, выпускнік гімназіі № 3 Бабруйска Дзмітрый Макуцэня і многія іншыя. За кожным з вас высокія асабістыя дасягненні, якімі ганарыцеся вы, ганарацца вашы бацькі, наша вобласць і ўся Беларусь. За вамі поспехі, якія заслугоўваюць павагі і падтрымкі. Дзякую вам усім за дастойнае выступленне. Вашы перамогі — вынік вашай руплівасці, мэтанакіраванасці. Але доля поспеху належыць і педагогам. Важна, каб вы памяталі пра гэта і не забывалі казаць ім словы ўдзячнасці. Упэўнены, што сумесная работа прынясе яшчэ больш высокія вынікі, а сістэма адукацыі вобласці і ў далейшым будзе садзейнічаць усебаковаму развіццю падрастаючага пакалення, яго паспяховай будучыні, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, пасля чаго распачаў цырымонію ўзнагароджання.

На сцэну адзін за адным падымаліся лепшыя магілёўскія навучэнцы. Разам з дасягненнямі дзяцей была адзначана і добрасумленная праца настаўнікаў, трэнераў каманд, якія здолелі разгледзець талент сваіх падапечных і дапамагчы яму раскрыцца. Асобныя педагогі падрыхтавалі некалькіх пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Напрыклад, па два прызёры заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сёлета падрыхтавалі настаўніцы Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Алена Міхайлаўна Лось і Людміла Мікалаеўна Гетманава, настаўніца сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталля Мікалаеўна Круталевіч і настаўнік Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Леанід Пятровіч Галушкін.

Не менш значную работу правялі трэнеры каманд. Асабліва вызначыліся тут начальнік аддзела Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Канстанцінавіч Мішкевіч, настаўнік фізікі і астраноміі ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 7 Крычава Кацярына Уладзіміраўна Сіманкова, настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталля Мікалаеўна Круталевіч і шэраг іншых педагогаў, дзякуючы суладнай працы якіх магілёўскія школьнікі годна выступілі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

— У рэгіёне склалася сур’ёзная сістэма падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядным руху. І не выпадкова ў гэтым годзе мы ўпершыню занялі 1-е каманднае месца па выніках рэспубліканскіх прадметных алімпіяд сярод рэгіёнаў краіны, заваяваўшы найбольшую колькасць прызавых дыпломаў. Няхай алімпіяда сёлета праводзілася не ў поўным аб’ёме, але гэта ўсё роўна вельмі высокае дасягненне. Спадзяюся, у новым навучальным годзе мы сумеснымі намаганнямі зможам утрымаць і паўтарыць гэты поспех, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання станоўчыя ўражанні перапаўнялі навучэнцаў і педагогаў. У адрас кожнага з іх гучалі шчырыя словы падзякі за плённую працу. Арганізаванае мера-прыемства стала для ўсіх сапраўдным святам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.