Узнагароды таленавітай моладзі

- 11:16Навіны рэгіёнаў, Рознае

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення адбылася ў Магілёве. Падчас святочнага мерапрыемства ўзнагароды атрымалі паспяховыя маладыя спецыялісты, а таксама навучэнцы, якія сталі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Падобнае ўзнагароджанне праводзіцца ў вобласці не ўпершыню. Уручэнне такіх прэмій — своеасаблівая магчымасць нагадаць моладзі, што мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, талент і плённая праца ў нашай дзяржаве высока цэняцца і атрымліваюць адпаведную падтрымку.

Сёлета лаўрэатамі спецыяльнай прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы сталі 47 маладых людзей. Яны прадстаўлялі галіны аховы здароўя, культуры і мастацтва, фізічнай культуры, грамадска-палітычнай дзейнасці, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, сродкі масавай інфармацыі, а таксама сферу адукацыі. Кожны з лаўрэатаў аказаўся ў спісе лепшых заслужана. Так, студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Раман Качан, займаючыся навуковымі даследаваннямі, змог вывесці пэўны алгарытм, які ўдасканальвае рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне зямель і, адпаведна, спрыяе росту эканамічных паказчыкаў дзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. А загадчык кафедры інжынернай графікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Дзмітрый Свірэпа распрацаваў новыя спосабы паляпшэння якасці дэталей машын. Гэты хлопец мае дваццаць патэнтаў, асобныя з якіх ужо ўкаранёны на нашых прадпрыемствах цяжкай прамысловасці.

Ва ўрачыстай атмасферы ўзнагароджваў таленты старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Вітаючы моладзь, губернатар адзначыў, што арганізацыі ўмоў для самарэалізацыі моладзі сёння ўдзяляецца павышаная ўвага на ўсіх узроўнях, бо будучыня краіны залежыць менавіта ад маладога пакалення.

— Ад таго, як выхавана, як вучыцца і працуе моладзь, залежыць сацыяльнае і эканамічнае развіццё Беларусі, таму і ўсебаковая падтрымка маладых людзей застаецца адным з галоўных прыярытэтаў у развіцці нашай дзяржавы. Адукацыйны ўзровень Магілёўшчыны вельмі высокі. У нас многа добрых навучальных устаноў, прафесійных педагогаў. Гэта спрыяе таму, што на прадпрыемствы прыходзяць добра падрыхтаваныя кадры. Як вынік — адказныя пасады ў розных сферах сёння ўсё часцей займае моладзь. Гэта радуе, а таксама ўсяляе ўпэўненасць, што ў хуткім часе наш рэгіён будуць ведаць не толькі па таварах, якія тут вырабляюцца, але і па дасягненнях яго жыхароў, — падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч і пажадаў моладзі пакарэння новых працоўных і вучэбных вышынь.


Цырымонія ўзнагароджання прайшла ярка і запамінальна. Спачатку былі адзначаны лепшыя маладыя спецыялісты, а потым пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дарэчы, у галоўным інтэлектуальным спаборніцтве краіны сёлета вызначыліся 74 вучні агульнаадукацыйных устаноў вобласці.

Пасля заканчэння свята ўсім лаўрэатам пажадалі новых творчых поспехаў, рэалізацыі самых смелых задум, здзяйснення ўсіх надзей і мар. А завяршылася мерапрыемства выдатнымі канцэртнымі нумарамі ад артыстаў вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.