У абласным Цэнтры творчасці прайшла цырымонія ўручэння моладзі спецыяльных прэмій Магілёўскага аблвыканкама за дасягненні ў сацыяльнай сферы. Гэтае грашовае заахвочванне, заснаванае ў мэтах выяўлення і стымулявання творчай працы і інавацыйнай дзейнасці моладзі, штогод атрымліваюць лепшыя маладыя прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю.
Сёлета яе лаўрэатамі сталі 50 маладых людзей. Ва ўрачыстай атмасферы намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка ўзнагародзіў юных талентаў, а ганаровымі гасцямі свята сталі кіраўнікі камітэтаў, упраўленняў аблвыканкама, устаноў адукацыі рэгіёна.
Вітаючы моладзь, Валерый Малашка адзначыў, што падобныя сустрэчы — своеасаблівая даніна прызнання і павагі іх мэтанакіраванасці, таленту, ініцыятыве.
— Нягледзячы на тое, што вы толькі пачынаеце свой жыццёвы і працоўны шлях, у вас ужо атрымалася ўнесці важкі ўклад у эканамічнае, духоўнае і грамадскае развіццё роднай вобласці. Вы — будучыня Магілёўшчыны і краіны ў цэлым, — падкрэсліў Валерый Анатольевіч.
Паўсотні сёлетніх лаўрэатаў спецыяльнай прэміі прадстаўлялі галіны адукацыі, аховы здароўя, культуры і мастацтва, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, сродкі масавай інфармацыі. Дамінавалі сярод перспектыўнай моладзі прадстаўнікі сферы адукацыі рэгіёна. Лепшымі выкладчыкамі па выніках мінулага года былі прызнаны майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Дзмітрый Бохан; дацэнт кафедры англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Алеся Доўгаль; выкладчык англійскай мовы Горацкага педагагічнага каледжа Таццяна Журава; загадчык аддзялення металаапрацоўкі Бабруйскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя Чарныша Вольга Каліноўская; дацэнт кафедры абароны раслін Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Сяргей Казлоў; дацэнт кафедры тэхналогіі малака і малочных прадуктаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Наталля Каротчанка; выкладчык мастацкіх дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Раман Коршунаў, культарганізатар першай катэгорыі абласнога Цэнтра творчасці Алена Катляроўская; дацэнт кафедры тэарэтычнай механікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Юрый Машын; трэнер-выкладчык па фехтаванні Магілёўскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 1 Цімур Паўлоўскі; выкладчык кафедры эканомікі і кіравання Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Наталля Сцельмах; выхавальнік ясляў-сада № 7 г.п.Круглае Алена Чудакова. Таксама былі ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй у намінацыі “Адукацыя” 18 лепшых школьнікаў і студэнтаў.
Напрыканцы цырымоніі ўзнагароджання ўсім лаўрэатам пажадалі новых творчых поспехаў, рэалізацыі самых смелых задумак, здзяйснення ўсіх надзей і мар. А завяршылася святочнае мерапрыемства выдатнымі канцэртнымі нумарамі ад артыстаў вобласці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.