Узнагароды за майстэрства і талент

Цырымонія ўручэння ўзнагарод штогадовага абласнога конкурсу імя А.І.Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” за 2020 год і заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі прайшла ў Гродне.

Сярод 14 пераможцаў конкурсу названы “Выкладчык года” — педагог Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вольга Скробук. Яна выкладае харэаграфічныя дысцыпліны, у прыватнасці беларускі народны танец ва ўстанове адукацыі, якую ў свой час скончыла сама. У намінацыі “Настаўнік школы мастацтваў года” ўзнагароду атрымала Галіна Мішурына — настаўніца Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Педагог па класе харавых дысцыплін ганарыцца тым, што разам з ёй атрымлівалі ўзнагароды — заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і яе вучні Ульяна Тупякова і Юрый Шчаржэня. Ва ўрачыстым канцэрце таксама прымалі ўдзел выхаванцы таленавітых педагогаў.

На цырымоніі ўдзельнічала жонка Аляксандра Іосіфавіча Эма Нікіфараўна Дубко.

— За больш чым 20-гадовую гісторыю цырымонія стала знакавай падзеяй, а ўзнагарода — жаданай, — падкрэсліў старшыня Гро­дзенскага аблвыканкама Ула­дзімір Каранік. — Прэмія носіць імя нашага славутага суайчынніка, які сапраўды можа быць для моладзі прыкладам працавітасці, вернасці Радзіме. Аляксандр Іосіфавіч Дубко быў чалавекам шырокай душы, патрыётам сваёй краіны, ён вельмі шмат зрабіў як для Гродзенскага краю, так і для краіны ў цэлым. Гэта была яго ідэя заснаваць конкурс і прэмію для падтрымкі творчых людзей, якія захоўваюць нашы багатыя культурныя традыцыі і прыўносяць штосьці новае. Наша задача — зберагчы, прымножыць і перадаць нашчадкам культурную спадчыну.

Сімвалічна, што адначасова ўзна­гароджваюцца як прафесіяналы сваёй справы, так і таленавітая моладзь. Гэта сувязь пакаленняў.

— Можна доўга спрачацца, што лепш: маладосць або вопыт, але я глыбока перакананы, што сплаў маладосці і вопыту — гэта самы моцны сплаў, мацнейшым за які не можа быць нічога. І вельмі прыемна, што ў зале як захавальнікі нашых традыцый, так і таленавітая, крэатыўная моладзь, якая развівае культуру далей. Гэта знахо­дзіць прызнанне на дзяржаўным узроўні. За апошнія гады колькасць стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Гродзенскай вобласці патроілася, сёння іх 116, — дадаў старшыня аблвыканкама.

Прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ўручыў намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

— Культура — крыніца духоўнасці нацыі, гарантыя стабільнасці і росквіту краіны. У Беларусі склалася выразная сістэма выяўлення і падтрымкі таленавітай мола­дзі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. З сярэ­дзіны 1990-х гадоў тысячы дзяцей, маладых людзей атрымалі заахвочванні, і дастойнае месца ў гэтым шэрагу займае Гродзенская вобласць. У 2017 годзе лаўрэатамі былі 42 чалавекі, а ў 2020-м — 116. Такія вынікі былі б немагчымыя без высокага прафесійнага майстэрства педагогаў Гродзеншчыны, — адзначыў Валерый Грамада.

Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі сталі 17 вучняў школ мастацтваў Гродзеншчыны.

Знаёмлюся з навучэнцамі Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў. Аліна Іванчык, вучаніца 2 класа па спецыяльнасці “Фартэпіяна”, прыехала атрымліваць прэмію з настаўніцай Алай Львоўнай Коршун. Дзяўчынка расце ў шматдзетнай сям’і. Яна прызналася, што ў першыя часы ёй дапамагаў займацца музыкай тата, а цяпер працуе з педагогам і самастойна.

— Аліна вельмі рана пачала свой творчы шлях, — расказала педагог Ала Львоўна. — У 2019 годзе яна адправілася на конкурс “Беларускія таленты” і атрымала дыплом І ступені. На “Таленце года”, у якім прымалі ўдзел толькі лаўрэаты і дыпламанты І ступені конкурсаў за 2019 год, заваявала дыплом ІІІ ступені, як і на міжнародным конкурсе “Папараць-кветка”, і зноў у канцы мінулага года стала лаўрэатам “Беларускіх талентаў”. Цяпер рыхтуемся да новых конкурсаў.

Дар’я Супрановіч, навучэнка 3 класа па спецыяльнасці “Фартэпіяна”, у мінулым годзе стала дыпламантам конкурсаў “Новыя вяршыні”, “Беларускія таленты” і “Крышталёвы васілёк”. Разам з настаўніцай Галінай Вячаславаўнай Станкевіч плануе рыхтавацца да новых конкурсаў і ў гэтым годзе.

Мікіта Пікта, навучэнец 3 класа па спецыяльнасці “Баян”, сам выбраў інструмент. Ён прызнаўся, што на баяне ігралі яго дзядулі. Настаўніца Вольга Аляксандраўна Пярко расказала, што Мікіта старанны, адказны хлопчык, яго падтрымліваюць бацькі, і гэта вельмі важна. У мінулым годзе юны баяніст заваяваў дыплом ІІІ ступені на конкурсе “Беларускія таленты”, а таксама прымаў удзел у міжнародных конкурсах “Папараць кветка”, “Піраміда зорак”.

Дырэктар Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў Людміла Аніскіна дадала, што ўзнагароды атрымліваюць самыя актыўныя, таленавітыя навучэнцы школы, яны шмат працуюць і растуць творча, у кожнага за плячыма не адна перамога ў конкурсах.

Сапраўды, наперадзе ў кожнага ўладальніка сёлетніх высокіх узнагарод — новыя вяршыні.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.