Узнагароды за педагагічныя ідэі

Даўно вядома, што Міжнародная кніжная выстава з’яўляецца пляцоўкай не проста для кнігалюбаў, але і для розных адукацыйных акцый, конкурсаў, праектаў. Настаўнікі — гэта ўсё ж самая чытаючая частка нашага грамадства, таму ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў “Дыстанцыйнага конкурсу педагагічных ідэй і майстэрства”, зладжаная выдавецтвам “Аверсэв” на пляцоўцы кніжнай выставы-кірмашу, абсалютна заканамерная. Дарэчы, выдавецтва пры інфармацыйна-метадычнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі было ініцыятарам і арганізатарам гэтага конкурсу.

Ва ўрачыстасцях і ўзнагароджанні прыняла ўдзел намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Станіславаўна Сідарэнка, якая падзякавала настаўнікам за актыўную педагагічную пазіцыю, а выдавецтву і Нацыянальнаму інстытуту адукацыі — за арганізацыю і правядзенне конкурсу.
— Вялікі дзякуй за тое, што ствараеце сваю, індывідуальную і яркую методыку. Дзякуй вам, калегі, за тое, што вам недастаткова таго, што распрацоўваецца сёння метадыстамі і іншымі настаўнікамі рэспублікі. Вашы напрацоўкі стануць здабыткам для ўсёй педагагічнай грамадскасці, — адзначыла Раіса Станіславаўна.
Як паведаміў падчас мерапрыемства галоўны рэдактар выдавецтва “Аверсэв” Аляксандр Мікалаевіч Таранда, свае работы на конкурс, які праходзіў з 1 лістапада 2014 да 15 студзеня 2015 года, даслалі больш за 1700 педагогаў з усіх куткоў краіны.
— Хачу выказаць асаблівую падзяку Нацыянальнаму інстытуту адукацыі за інфармацыйна-метадычную падтрымку, а таксама членам журы за прафесійны і аб’ектыўны падыход да ацэнкі конкурсных работ, — звярнуўся да ўдзельнікаў Аляксандр Мікалаевіч.
“Аверсэв” з’яўляецца вядучым выдавецтвам Рэспублікі Беларусь па выпуску вучэбна-метадычнай літаратуры для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Выпушчаныя больш чым за 20 гадоў яго існавання вучэбныя кнігі з’яўляюцца вынікам работы таленавітых і высокапрафесійных педагогаў, аўтараў і супрацоўнікаў кампаніі. Дапаможнікі выдавецтва “Аверсэв” добра вядомы ў Беларусі, яны заваявалі давер настаўнікаў, вучняў і бацькоў.
Конкурсныя работы настаўнікаў былі прадстаўлены ў трох намінацыях:
— “Паўрочныя распрацоўкі па вучэбных прадметах”;
— “Вучэбна-метадычныя матэрыялы для правядзення факультатыўных і гуртковых заняткаў, падрыхтоўкі да алімпіяд”;
— “Матэрыялы для правядзення мерапрыемстваў выхаваўчай накіраванасці”.
Усе пераможцы атрымалі каштоўныя прызы — тэлевізары, планшэты, смартфоны. Усяго падчас урачыстасці было адзначана 14 чалавек.
У прыватнасці, у намінацыі “Паўрочныя распрацоўкі па вучэбных прадметах” дыпломам I ступені і каштоўным прызам (тэлевізар) была ўзнагароджана Таццяна Анатольеўна Прадзед, настаўніца рускай мовы і літаратурнага чытання Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната Докшыцкага раёна. Таццяна Анатольеўна прадстаўляла работу “Выкарыстанне мультымедыйных сродкаў на ўроках літаратурнага чытання ў дапаможнай школе”.
— Я па сённяшні дзень знаходжуся ў палоне эмоцый ад конкурсу. Канечне, я вельмі ўдзячна “Аверсэв” за магчымасць праявіць сябе. У конкурсе вырашыла паўдзельнічаць адразу, як толькі прачытала аб’яву. Безумоўна, пэўныя напрацоўкі ў мяне былі (без іх няма чаго і ісці на такія конкурсы), давялося ўсё аб’яднаць у сістэму. І мне прыемна, што ў мяне атрымалася. А конкурсы — вельмі карысная рэч для настаўнікаў, бо яны дапамагаюць падсумаваць пэўныя вынікі сваёй дзейнасці, — адзначыла Таццяна Анатольеўна.
Інеса Вячаславаўна Курбека, выхавальнік гімназіі № 1 Баранавіч, да конкурсу рыхтавалася па начах. У выніку яна прадставіла работу “Прагулкі ў групе прадоўжанага дня”, якая была адзначана дыпломам II ступені і каштоўным прызам — смартфонам.
— Канечне, у мяне некаторыя матэрыялы былі, але яны патрабавалі дапрацоўкі, тым больш што мне неабходна было прадставіць цыкл мерапрыемстваў і аформіць іх у адзінае цэлае. Давялося пасядзець і ноччу, але вынікам я задаволена, — падзялілася Інеса Вячаславаўна.
Тут хочацца выказаць сваю салідарнасць з адказным сакратаром конкурсу начальнікам адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Ірынай Леанідаўнай Шаўляковай-Барзенка, якая адзначыла, што сёння ў беларускай педагагічнай супольнасці быць скептыкам проста непрыстойна, бо настаўнікі не перастаюць здзіўляць сваім майстэрствам і энтузіязмам.
У заключнай частцы цырымоніі ўзнагароджання дырэктар выдавецтва “Аверсэв” Дзмiтрый Леанідавіч Дэмбоўскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам конкурсу, а таксама пажадаў ім прафесійнага росту, творчых поспехаў і ўдзячных вучняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.