Узнагароды за якасную работу

Пераможцаў штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці вызначылі на Магілёўшчыне.

Узнагароду атрымлівае ды­рэктар Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Алена Генрыхаўна Мазалоўская.

У мінулым годзе навучальныя ўстановы вобласці паслядоўна і мэтанакіравана ажыццяўлялі работу па павышэнні якасці адукацыі і развіцці адукацыйнай сферы. За дасягненне станоўчых вынікаў у працы лепшыя педагагічныя калектывы атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Так, сярод гарадскіх упраўленняў па адукацыі пераможцам стала ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. Пераможныя дыпломы сярод аддзелаў па адукацыі раённых выканаўчых камітэтаў атрымалі прадстаўнікі Касцюкоўшчыны і Кругляншчыны. Па профілі дашкольнай адукацыі былі адзначаны дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і яслі-сад № 14 Александрыі Шклоўскага раёна. Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі папрацавалі сярэдняя школа № 45 Магілёва, Вішоўская сярэдняя школа Бялыніцкага раёна, Магілёў­ская гарадская гімназія № 1, Магілёўскі абласны ліцэй № 3, Касцюковіцкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі прадэманстравалі Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку і абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Лепшай у профілі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі была прызнана работа Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя Старавойтава і Магілёўскага політэхнічнага каледжа. Сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі перамога аказалася ў калектыву Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава.

Адзначаны былі і ўладальнікі звання “Лепшы па прафесіі”, а менавіта настаўніца інфарматыкі гімназіі № 2 Магілёва Алена Іванаўна Качанава, выхавальніца ясляў-сада аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна Марына Мікалаеўна Рыжанкова, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі “Росквіт” Бабруйска Наталля Віктараўна Чайка, майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Аляксандр Уладзіміравіч Дзянісаў.

На ўрачыстай цырымоніі шэраг педагогаў атрымалі нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”, а таксама ганаровыя граматы ад Міністэрства адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.