Узнагароды знайшлі сваіх герояў

У рамках пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі адбылося ўзнагароджанне лепшых работнікаў адукацыі па выніках мінулага года.

“У сістэме працуе больш за чатырыста дваццаць тысяч людзей, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — І многія з іх заслугоўваюць узнагароды. Я хацеў бы павіншаваць усіх, хто атрымаў яе сёння, пажадаць ім поспехаў і здароўя. Думаю, што наступны год абавязкова прынясе нам нямала новых перамог і новых намінантаў. Яшчэ раз вялікі дзякуй за вашу работу!”
У намінацыі “За забеспячэнне якаснай спецыяльнай адукацыі і развіццё патэнцыялу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі атрымаў Слуцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
“Думаю, наш калектыў атрымаў гэтую ўзнагароду нездарма, — падзялілася меркаваннем дырэктар цэнтра Інеса Міхайлаўна Панамарова. — За ёй стаіць і перамога нашых выхаванцаў на апошнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, і, канечне, перамога аўтарскага калектыву нашага цэнтра ў V Рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.
Мы зацікаўлены ў развіцці тэмы талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з боку грамадства. Педагог-псіхолаг цэнтра Ала Юр’еўна Капская, педагог-псіхолаг Нэлі Міхайлаўна Лебедзь і сацыяльны педагог Іна Іванаўна Лукашэвіч прапанавалі такую цікавую форму работы, як форум-тэатр. Яна разлічана на самую шырокую мэтавую аўдыторыю: бацькоў, педагогаў, здаровых равеснікаў нашых асаблівых дзетак. Усе разам яны праігрываюць тыя праблемныя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца выхаванцы ў штодзённым жыцці, і разам спрабуюць знайсці іх вырашэнне.
Мы робім усё для таго, каб стварыць здаровую атмасферу ў сваім асобна ўзятым раёне. І нам многае ўдаецца пры падтрымцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Антонавіча Дзермана. Думаецца, кожны патрэбен на тым месцы, дзе ён жыве і працуе. Мы рады прывезці ўзнагароду ў Слуцкі раён”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.