Узнагароджаны мнагадзетныя маці

Ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагароджана 131 жыхарка Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Узнагароды ўдастоены прадстаўніцы розных сфер дзейнасці, у тым ліку работніцы сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, устаноў культуры і адукацыі, арганізацый аховы здароўя, гандлю, абслугоўвання насельніцтва, хатнія гаспадыні.

Сярод узнагароджаных — зубны фельчар Меднаўскай участковай бальніцы ўстановы аховы здароўя “Брэсцкая гарадская бальніца № 2” Наталля Гомберг, майстар народных рамёстваў Цэнтра культуры Наваполацка Кацярына Карповіч, настаўніца гімназіі № 58 Гомеля Ірына Булацкая, брыгадзір малочнатаварнай фермы сельскагаспадарчага прадпрыемства “Галынка” Зэльвенскага раёна Наталля Януль, санітарка Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы Наталля Цыбульская, вадзіцель тралейбуса філіяла “Тралейбусны парк № 4” прадпрыемства “Мінсктранс” Лілія Качановіч.