Узнагародзілі лепшых

- 11:17Сацыяльны ракурс

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага абласнога конкурсу “Чалавек года” адбылася ў Магілёве.

Cтаршыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц уручае дыплом настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Бялыніч Алене Сілкінай.

Пераможцамі конкурсу сталі 15 жыхароў рэгіёна, якія дасягнулі ў сваёй справе вяршынь майстэрства. У іх ліку — кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, работнікі сацыяльнай сферы, лю­дзі, якія дасягнулі значных вынікаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Усіх іх аб’ядноўвае адно — імкненне да дасканаласці. Кожны ставіцца да сваёй справы з душой, працуе добрасумленна, вынікова і самааддана.

З важкім дасягненнем пераможцаў павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Кіраўнік вобласці шчыра падзякаваў лаўрэатам конкурсу за іх значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Прыдняпроўскага краю, уручыў ім дыпломы і кветкі.

Адметна, што адным з пераможцаў у намінацыі “Невытворчая сфера” стала настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Бялыніч Алена Сілкіна.

З педагогікай звязана ўсё прафесійнае жыццё Алены Іванаўны. За яе плячыма звыш 30 гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. Алена Сілкіна працуе па тэхналогіі развіццёвага навучання. Актыўна выкарыстоўвае ў практыцы работы элементы інтэгральнай тэхналогіі, тэхналогіі ўзроўневай дыферэнцыяцыі, інфармацыйных тэхналогій. У выкладанні настаўніца шмат увагі ўдзяляе фарміраванню ў вучняў умення валодаць літаратурнай мовай, развіццю лагічнага мыслення, пісьменнасці. Падчас урокаў яна заўсёды ўлічвае ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў. Паспяхова выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход да навучання і выхавання.

Вучні Алены Сілкінай адрозніваюцца высокім узроў­нем матывацыі да пазнавальнай і творчай дзейнасці. Яны традыцыйна займаюць прызавыя месцы на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура”, на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, перамагаюць у інтэлектуальных конкурсах рознага ўзроўню, з’яўляюцца прызёрамі раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу навукова-даследчых работ.

Працоўныя дасягненні Алены Іванаўны неаднаразова адзначаліся ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад. Педагог удастоена нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”.

— Перамога ў такім конкурсе — гэта вельмі значна. Прыемна, што маёй рабоце далі такую высокую ацэнку. Але, напэўна, гэта не толькі мой поспех, а дасягненне ўсяго нашага калектыву. Без падтрымкі кіраўніцтва, калег, навучэнцаў дасягнуць пэўных прафесійных вяршынь было б немагчыма, — адзначыла Алена Сілкіна.

Спецыяльная прэмія Магілёўскага аблвыканкама прысуджаецца штогод на конкурснай аснове ў трох намінацыях: вытворчая дзейнасць, невытворчая сфера і грамадска-палітычная дзейнасць. Галоўнымі крытэрыямі пры вызначэнні лаўрэатаў з’яўляюцца значнасць, актуальнасць, эфектыўнасць вынікаў дзейнасці, вытворчыя паказчыкі, прафесійныя і маральныя якасці. Усім лаўрэатам прэміі прысвойваецца ганаровае званне “Чалавек года” з уручэннем адпаведнага дыплома і грашовай прэміі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.