Узнімаючы імідж педагагічнай прафесіі

- 13:54Планёрка ў рэгіёне

Сённяшні госць нашай “Суботняй планёркі” — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Сяргей Мікалаевіч Лойка. Аб тым, якімі клопатамі жывуць сёння педагогі раёна, якія праекты рэалізоўваюць, як павышаюць свой прафесійны ўзровень, наша гутарка з ім.

— Сяргей Мікалаевіч, якія напрамкі ў рабоце педагагічных калектываў раёна зараз з’яўляюцца прыярытэтнымі? Якія дасягненні натхняюць на далейшую выніковую работу?
— У 2015 годзе сістэма адукацыі Зэльвенскага раёна палепшыла свае паказчыкі па ахопе дзяцей дашкольнага ўзросту грамадскім выхаваннем. Гэты паказчык па раёне складае 95,5% (у 2014 годзе — 92,6%). Штогод пашыраецца спектр дадатковых адукацыйных паслуг, якія аказваюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Сёлета функцыянуе 36 груп кароткачасовага знаходжання дзяцей дашкольнага ўзросту. Папулярнасцю сярод бацькоў карыстаюцца гувернёрскія паслугі, мацярынскія школы, прагулачныя і адаптацыйныя групы. Установы прымаюць меры па ўмацаванні здароўя дзяцей, праводзяць С-вітамінізацыю харчавання, здароўезберагальныя мерапрыемствы. У шэрагу ўстаноў набыты бактэрыцыдныя лямпы і інгалятары. Гэтая работа дазволіла знізіць захваральнасць да 2,1 дня.
Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем рабоце з кадрамі. Ва ўстановах адукацыі працуюць 94% педагогаў з вышэйшай адукацыяй, 80,7% — з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Высокі кадравы патэнцыял дазваляе прымаць актыўны ўдзел у рэалізацыі праектаў, інавацыйнай рабоце. Так, у 2015 годзе ўстановамі адукацыі пададзены 4 прапановы па ўдзеле ў праектнай дзейнасці. На базе раёна працуюць 3 інавацыйныя пляцоўкі: “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” (гімназія № 1 Зэльвы), “Укараненне мадэлі фарміравання моўнай асобы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя” (сярэдняя школа № 3 Зэльвы). Сёлета таксама створаны ўмовы для пачатку інавацыйнай работы ў Князеўскай гімназіі па тэме “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”.
На асаблівым кантролі — падрыхтоўка навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца факультатыўныя заняткі, арганізоўваюцца платныя адукацыйныя паслугі. З верасня 2015 года сталі дзейнічаць цэнтры рэпетытарскіх паслуг. Працягваецца супрацоўніцтва раённых творчых груп педагогаў з установамі вышэйшай адукацыі.
Вынікам скаардынаванай работы ўстаноў адукацыі з’яўляюцца 29 прызавых месцаў на абласных конкурсах і фестывалях. Асабліва мы ганарымся перамогамі на рэспубліканскім узроўні. Так, на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” матэрыял гісторыка-краязнаўчага музея “Светач” сярэдняй школы № 3 Зэльвы адзначаны дыпломам ІІ ступені. Гэтаму музею сёлета прысвоена званне “народны”. Ёсць у нас дасягненні і ў спорце: навучэнец гімназіі № 1 Зэльвы Максім Жэбрак заняў 3 месца ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў.
З мэтай развіцця турыстычнага патэнцыялу раёна пры Зэльвенскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі адкрыты пакоі для пражывання турыстаў, што дазваляе запрашаць групы школьнікаў з іншых раёнаў. Рэалізоўваюцца магчымасці турыстычнага маршруту “Зэльвенскі дыярыуш”. Сёлета пачаў сваю работу другі ў раёне скаладром, што дазволіла нам пашырыць спектр паслуг, прыцягнуць да заняткаў спортам і турызмам яшчэ большую колькасць навучэнцаў. Для змястоўнага адпачынку дзяцей у міжсезонны перыяд выкарыстоўваем магчымасці базы дзіцячага аздараўленчага лагера “Блакітная хваля” (створана рэзідэнцыя ляснога гаспадара).
Навучэнцы ўстаноў адукацыі з ахвотай і задавальненнем наведваюць гурткі Зэльвенскай раённай школы мастацтваў, Дома культуры, сельскіх клубаў. За апошні час у адпаведнасці з запытамі бацькоў адкрыты 8 аб’яднанняў, 2 аб’яднанні — на платнай аснове. Як вынік, за мінулы перыяд 2015 года навучэнцамі раёна не было здзейснена правапарушэнняў.

— У раёне вялікая ўвага ўдзяляецца адораным дзецям. Якая работа праводзіцца па выяўленні і развіцці здольнасцей такіх навучэнцаў?
— З новага навучальнага года ў новым фармаце арганізавана работа раённага цэнтра з адоранымі дзецьмі. Праводзяцца не толькі мерапрыемствы для навучэнцаў раёна, але і адкрытыя канферэнцыі, конкурсы, у якіх прымаюць удзел і творчыя групы школьнікаў з іншых раёнаў. Цэнтры рэпетытарскіх паслуг адкрыты на базе 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Наладжана супрацоўніцтва з УВА, пашыраны спектр адукацыйных паслуг для навучэнцаў. Выкарыстоўваюцца таксама магчымасці факультатываў: у сярэдняй школе № 2 Зэльвы — па працоўным навучанні, у сярэдняй школе № 3 і гімназіі № 1 Зэльвы — па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, матэматыцы, інфарматыцы; у Князеўскай гімназіі — па нямецкай мове. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, штогод лепшыя навучэнцы запрашаюцца на традыцыйныя сустрэчы старшыні райвыканкама з адоранымі навучэнцамі. У 2015 годзе 69 лепшых навучэнцаў раёна атрымалі грашовыя прэміі. У аздараўленчы перыяд працавалі профільныя лагеры, праводзіліся вучэбна-трэніровачныя зборы для навучэнцаў. У рабоце з адоранымі навучэнцамі выкарыстоўваем патэнцыял апорных школ, раённых трэнераў па вучэбных прадметах.

— Сяргей Мікалаевіч, як працуюць у раёне профільныя класы? Ці былі пытанні з іх адкрыццём?
— У новым навучальным годзе пачалі работу профільныя класы ў 3 установах адукацыі па беларускай, рускай, англійскай мовах, матэматыцы, хіміі. Да адкрыцця профільных класаў мы падрыхтаваліся загадзя. Вывучаліся магчымасці ўстаноў адукацыі, іх матэрыяльна-тэхнічная база, магчымасці адміністрацыі і педагогаў, праводзілася дыягностыка адукацыйных запытаў навучэнцаў, улічваліся меркаванні бацькоў. Метадыстамі раённага вучэбна-метадычнага кабінета арганізаваны метадычныя выхады ва ўстановы адукацыі, пры адкрыцці профіляў улічвалася іх крокавая даступнасць.

— Як павышаюць свой прафесійны ўзровень педагогі?
— У нашым раёне працуюць 400 педагогаў. Павышэнню іх прафесійнага ўзроўню садзейнічае работа 36 метадычных аб’яднанняў, 5 школ, 2 клубаў, творчых груп і суполак. Асаблівая ўвага ўдзяляецца маладым педагогам. За імі замацаваны вопытныя педагогі, арганізавана стажыроўка. У маі 2015 года праведзены раённы конкурс “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. У пачатку кожнага навучальнага года ва ўрачыстай атмасферы праходзіць ганараванне маладых спецыялістаў, а ў кастрычніку — сустрэча маладых педагогаў з кіраўніцтвам раёна.
Таксама вялікае значэнне надаецца рабоце з рэзервам кадраў на кіраўніцкія пасады. Штогод педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень: у бягучым годзе 14 педагогаў вучацца завочна ва УВА краіны, 53 пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем нашай будучыні — выпускнікам школ. Адным з прыярытэтных напрамкаў прафарыентацыйнай работы стала падрыхтоўка выпускнікоў да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы адукацыі. З гэтай мэтай арганізавана работа факультытыву “Прафесія — педагог”. Раённым ВМК наладжаны сумесныя мерапрыемствы з педагагічным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Вынікам работы з’яўляецца паступленне 18 навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці, у тым ліку 4 — па мэтавых накіраваннях.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ