“Узоры роднага краю”

Так называецца навукова-папулярнае выданне Антона Талашкі, якое нядаўна ўбачыла свет у сталічным выдавецтве “Кнігазбор”. Гэта своеасаблівы каталог, дзе пад адной вокладкай сабраны фотаздымкі і прыклады нацыянальных строяў, якія захоўваюцца ў розных музеях Беларусі і адлюстроўваюць усю прыгажосць, непаўторнасць і разнастайнасць беларускага ўзору. Найбольш шырока ў кнізе прадстаўлены ўзоры жаночага (касцюмы, фартухі, наміткі) і мужчынскага (кашулі) адзення Маларытчыны з вёсак Збураж, Ужова, Арэхава, Лукава, Ляхаўцы і Радзеж.

Антон Талашка выкладае электратэхніку ў Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Па спецыяльнасці — інжынер-энергетык. У вольны час Антон Уладзіміравіч займаецца фатаграфіяй, падарожнічае і… вышывае на футболках беларускія арнаменты крыжыкам на швейнай машынцы.

Летась пры падтрымцы Брэсцкага фонду рэгіянальнага развіцця Антон Талашка выйграў грант праграмы развіцця ААН і ЕС на рэалізацыю сацыяльнага праекта па захаванні і папулярызацыі беларускіх арнаментаў і набыў сучасную вышывальную машыну. Неўзабаве Антон Уладзіміравіч стаў рамеснікам і заснаваў уласную майстэрню Мoj rodny kut, для якой набыў некалькі нацыянальных строяў маларыцкага адзення ў мясцовых жыхароў.

— Спачатку вышываў простыя ўзоры, затым — больш складаныя, — расказвае Антон Талашка пра сваё захапленне, якое паступова перарастае ў справу жыцця. — Цяпер пераключыўся на маларыцкі строй адзення, які захапляе сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Мы звыкла ацэньваем тканыя і вышытыя рэчы з пазіцый прыгажосці, асаблівасцей арнаменту і гармоніі каларыту, але народная вышыўка і ткацтва — гэта яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Арнамент — спецыяльны шыфр народа. Што ні ўзор, то сімвал. Вельмі цікава даведацца, пра што яны расказваюць. Маларыцкі строй адзення і яго вышыўка — сапраўды ўнікальная з’ява. Такога багацця, непаўторнасці і арыгінальнасці, як у нас, яшчэ трэба пашукаць! Разгадаць таямніцы арнаменту дапамагае спецыяльная літаратура, а кансультантамі выступаюць дырэктар раённага цэнтра народнай творчасці Маларыцкага раённага цэнтра культуры Валянціна Струнец і мая маці Алена Аляксандраўна, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Нацыянальны арнамент — гэта памяць пра нашы вытокі і карані. Калі мы не ведаем свайго мінулага, то не маем права на будучыню. Тканае адзенне з вышыўкай сёння не носяць, а найчасцей апранаюць толькі падчас выступленняў.

А вось вышытая футболка, у якой чалавек выйшаў на вуліцу, характарызуе яго як асобу, якая беражліва адносіцца да мінулага. Вышыванкі зноў у модзе. Беларускі ўзор можна ўбачыць шмат дзе. Антон Талашка ўпэўнены, што гэта не будзе часовай з’явай, а павысіць цікавасць да гісторыі роднай краіны і мовы, дапаможа зрабіць першы крок да ўсведамлення сябе як носьбіта культурнай спадчыны беларусаў.

— Падчас наведвання Львова ў кнігарнях гэтага горада давялося ўбачыць і пагартаць шмат выданняў пра ўкраінскі арнамент, — тлумачыць Антон Талашка ідэю ўзнікнення кнігі. — Пасля гэтага ўзнікла ўстойлівае жаданне вярнуць з небыцця прыгажосць беларускай нацыянальнай спадчыны, стварыўшы нешта падобнае і пра наш арнамент, найперш пра маларыцкі. Я паспрабаваў, наколькі магчыма, вывучыць тэхналогію і прыёмы традыцыйнай вышыўкі, сабраць і апісаць яе геаметрычныя ўзоры. Зрабіў гэта для таго, каб адрадзіць прыёмы, якія амаль ужо забыты ці ўвогуле зніклі. Асноўная мэта выдання — зафіксаваць усё, што магчыма, пра вышыўку Маларытчыны. Каб не згубілася, не страцілася і не забылася багацце краю, а адрадзілася.

Антон Талашка падрыхтаваў ужо (праўда, пакуль толькі ў электронным варыянце) 26 арнаментаў мужчынскіх, 14 жаночых і 50 адвольных узораў. Усё гэта можна ў любы момант запусціць у вытворчасць.
— Над кнігай працаваў больш за паўгода, — гаворыць аўтар. — Для гэтага давялося пабываць у розных музеях краіны, дзе захоўваецца адзенне пэўных строяў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *