Узоры спартыўнага адзення атлетаў прадэманстравалі прэзідэнту

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі параднай і спартыўнай формы беларускіх атлетаў і валанцёраў на II Еўрапейскіх гульнях 2019 года.

Прэзентацыя прайшла ў Палацы Незалежнасці. Узоры формы кіраўніку дзяржавы прадставілі міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Андрэй Асташэвіч, дызайнер Юлія Латушкіна і генеральны дырэктар прадпрыемства “Сола-Пінск” Васіль Гарагляд.

“У чым тут беларуская адметнасць?” — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. Распрацоўшчыкі экіпіроўкі і касцюмаў расказалі прэзідэнту пра дызайнерскія асаблівасці і нюансы вытворчасці. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, пры вытворчасці формы ўлічваліся пажаданні саміх спартсменаў і патрабаванні арганізацыйнага камітэта гульняў.

Спартыўная экіпіроўка распрацавана і пашыта пінскім прадпрыемствам і складаецца з 19 найменняў. Усяго “Сола-Пінск” плануе выпусціць 500 камплектаў. Як расказаў Васіль Гарагляд, калекцыя атрымала назву “Прастора”. Яе сімвал увязаны ў адзіную стылістыку лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў і ўвасабляе беларускія неабсяжныя прасторы.

Дызайнерам формы валанцёраў і ўдзельнікаў акцыі “Полымя міру”, а таксама парадна-грамадзянскага адзення беларускіх спартсменаў і ўбору ўзнагароднай групы (беларускіх прыгажунь, якія будуць уручаць медалі пераможцам) стала Юлія Латушкіна. За ідэю распрацоўкі экіпіроўкі для валанцёраў і ўдзельнікаў акцыі “Полымя міру” ўзяты стылізаваны сюжэт дрэва жыцця, у якім знайшлі адлюстраванне беларуская выцінанка і сімвалы відаў спорту. Факеланосцы, якія ўжо ў сакавіку адправяцца ў тур па гарадах і краінах, будуць ісці ў белых касцюмах, сімвалізуючы мір і чысціню намераў. Дзяўчаты з узнагароднай групы ўпрыгожаць галовы вянкамі з кветак, паколькі спаборніцтвы будуць праходзіць у час святкавання Купалля.

Аглядаючы ўсе ўзоры, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на беларускі герб на форме. “Герб павінен быць па контуры вышыты або ўшыты на касцюм, — выказаў ён заўвагу. — Каб герб быў як герб, а не плямка. Гэта важна”.

Гаворачы пра спартыўную экіпіроўку, якая распрацавана прадпрыемствам “Сола-Пінск”, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яе колеры не такія яркія і насычаныя, як колеры формы ўдзельнікаў акцыі “Полымя міру”, хоць апошняя таксама была пашыта на пінскай вытворчасці. “Райцеся з дызайнерамі і мастакамі, каб гэта было дастойна. Каб форма адпавядала гэтай (распрацаванай Юліяй Латушкінай. — Заўв.БелТА.) — гэта яркая форма, адразу кідаецца ў вочы. Яе можна ўзяць за ўзор па яркасці, выразнасці. Калі вы і гэтыя тканіны рабілі, тады што за праблема, зрабіце такія ж яркія”, — даручыў прэзідэнт. Кіраўнік прадпрыемства запэўніў, што форма будзе дапрацавана з улікам патрабаванняў кіраўніка дзяржавы і пажаданняў саміх спартсменаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, чаму форму для беларускіх спартсменаў і валанцёраў не змаглі распрацаваць дзяржаўныя прадпрыемствы і іх дызайнеры. Як далажылі прэзідэнту, у конкурсе яны ўдзельнічалі, аднак не змаглі выйграць яго, таму што ўступаюць па многіх параметрах. “Значыць, гэтае пытанне задайце Яфімчыку (старшыня канцэрна “Беллегпрам” Мікалай Яфімчык. — Заўв.БелТА.). Няхай мне адкажуць, чаму не змаглі канкурыраваць з прыватнымі прадпрыемствамі. І чаму ў нас адна Латушкіна выйграе гэты конкурс? Чаму няма дастойных канкурэнтаў, у Яфімчыка ў тым ліку?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што пытанне, хто будзе распрацоўваць і вырабляць форму — прыватнае прадпрыемства або дзяржаўнае, не прынцыповае. Галоўнае, каб гэтым займаліся беларускія спецыялісты і каб адзенне было добрай якасці, сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.