Узрост не перашкода

- 10:23Сацыяльны ракурс, Соцыум

5 снежня — Міжнародны дзень валанцёра

 

Студэнт Інстытута бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Уласаў на валанцёрскіх пачатках выкладае англійскую мову ў Мінскім універсітэце трэцяга ўзросту. Вучні старэйшыя за выкладчыка ў тры і нават чатыры разы! 

Мінскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту не з’яўляццца ўстановай адукацыі ў яе класічным ра­зуменні. Гэта сацыяльны праект, які рэалізуецца Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў пры падтрымцы Мінгарвыканкама і кампаніі JTI. Ён увасабляецца ў жыццё ўжо 9 гадоў. Вучацца тут выключна людзі пенсіённага ўзросту. Вучэбныя курсы разлічаны на год. Іх мэта — не атрыманне прафесіі, а самаразвіццё, асабісты рост. Зараз выкладанне вядзецца па больш як 20 напрамках, сярод якіх камп’ютарная дасведчанасць, фоташоп, відэамантаж, псіхалогія, краязнаўства, радавод, беларуская і замежныя мовы, мода і стыль, сусветная мастацкая літаратура і іншыя. У гэтым годзе на студэнцкую лаўку селі больш як 600 слухачоў.

Навучанне ў гэтым незвычайным універсітэце бясплатнае, а ўсе выкладчыкі — валанцёры, у ліку якіх ёсць і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі сталіцы. Іван Уласаў — адзін з іх. Англійскую мову выбраў прадметам для выкладання таму, што выдатна яе ведае. Ужо трэці год юнак вучыцца ў Інстытуце бізнесу БДУ па спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” на англамоўным аддзяленні.  

Іван успамінае, што аб існаванні сацыяльнага праекта даведаўся, калі вучыўся ў гімназіі. Расказала аб гэтым важатая ў летнім лагеры, дзе ён адпачываў. Дзяўчына была валанцёрам універсітэта трэцяга ўзросту, з захапленнем расказала пра свой вопыт. Юнак вырашыў, што яму гэта таксама цікава. Год вёў заняткі для пажылых людзей, будучы вучнем 10 класа. Потым зрабіў вымушаны перапынак — у 11 класе трэба было рыхтавацца да паступлення ў інстытут, пасля асвойвацца на новым месцы вучобы. Але ў гэтым годзе ён змог вярнуцца да валанцёрства. 

— Мне падабаецца рабіць нешта карыснае для грамадства, у якім вырас, рабіць яго лепшым. Прыемна адчуваць, што дапамагаю мінчанам пенсіённага ўзросту атрымаць новыя веды, правесці час цікава і вынікова. Думаю, рашэнню стаць валанцёрам паспрыяла і тое, што я маю самы пазітыўны вопыт зносін з людзьмі старэйшага пакалення. Вельмі люблю сваіх бабулю і дзядулю. Яны жывуць у Лагойску, але я даволі часта ім тэлефаную, прыязджаю ў госці, — дзеліцца мой суразмоўнік. 

У яго групе дзесяць слухачоў — восем жанчын і два мужчыны. Усе ўзросту 60+, самаму старэйшаму — 84 гады.

 

Чытайце матэрыял Аксаны Мыцько ў нумары ад 2 снежня 2022 года.