Узрост ведам не перашкода

- 13:26Вышэйшая школа

Гэтыя выдатныя словы, вынесеныя ў загаловак, узяты з клятвы студэнтаў Універсітэта трэцяга ўзросту. Даючы гэтую клятву і атрымліваючы студэнцкі білет, людзі, пра якіх прынята гаварыць, што яны на заслужаным адпачынку, сцвярджаюць: адпачываць яны не збіраюцца. Ды і як адпачываць, калі вакол так шмат новага, цікавага, нязведанага?!

Днямі ў актавай зале БДУІР адбылося ўрачыстае адкрыццё новага навучальнага года ва Універсітэце трэцяга ўзросту. Праект дзейнічае з 2013 года, і за гэты час навучанне па розных праграмах прайшлі больш як дзве тысячы чалавек. Узрост слухачоў універсітэта — ад 60 і больш. Напрыклад, летась самаму пажылому слухачу, які займаўся на камп’ютарных курсах, быў 91 год. Сёлета статыстыка яшчэ не падлічана, але дакладна можна сказаць, што некаторым слухачам — за 85.
Як паведаміла куратар вучэбных груп Універсітэта трэцяга ўзросту Вольга Шышло, 90% слухачоў — людзі з вышэйшай адукацыяй, сярод якіх шмат інжынераў, медыкаў, педагогаў. Яны прывыклі вучыцца, атрымліваць новыя веды, дзяліцца імі, таму не хочуць пасіўна сядзець дома, а выбіраюць актыўны лад жыцця.Арганізатары — праект рэалізоўвае Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў пры фінансавай падтрымцы кампаніі JТA — стараюцца стварыць для пажылых людзей максімум цікавых і карысных курсаў. І калі, напрыклад, у першы год ва Універсітэце трэцяга ўзросту былі 4 адукацыйныя напрамкі, у другі год — 10, то сёлета іх ужо 19. Гэта шэс ць замежных моў, у тым ліку японская, ландшафтны дызайн (дарэчы, са слухачамі займаецца спецыяліст, якая вядзе ў горадзе камерцыйныя групы), аратарскае майстэрства, відэамантаж, дакументальнае кіно (вядзе рэжысёр Уладзімір Самойлаў), спартыўныя напрамкі (лячэбная гімнастыка, стрэйчынг — практыкаванні на расцяжку, аздараўленчы комплекс 60+), камп’ютарныя курсы і інш. У бліжэйшы час будуць адкрыты тэатральная група і група па танцах.
— Мы вырашылі правесці ўрачыстае залічэнне студэнтаў менавіта на базе БДУІР, бо гэта наш новы партнёр, тут праводзяцца заняткі па камп’ютарнай граматнасці, — заўважыла Вольга Шышло. — У Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР сфарміраваны 4 групы па 12 чалавек. Яны вывучаюць камп’ютары і мабільныя ўстройствы, вучацца працаваць у інтэрнэце, асвойваюць электронную пошту, скайп, вайбер, каб ладзіць зносіны з дзецьмі і ўнукамі, і г.д.
Дарэчы, у праекце ўдзельнічаюць не толькі выкладчыкі БДУІР, але і студэнты. Гэта цікавы вопыт для ўсіх, бо людзі, якія выкладаюць ва Універсітэце трэцяга ўзросту, робяць гэта абсалютна бясплатна.
— Акрамя БДУІР, у ліку нашых партнёраў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага і Савецкага раёнаў сталіцы і Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, які таксама выдзеліў нам памяшканні і камп’ютарны клас для вечаровых заняткаў, — расказвае Вольга Шышло. — Але нам усё роўна трэба пашырацца, бо папулярнасць Універсітэта трэцяга ўзросту сярод мінскіх пенсіянераў вельмі высокая. Мы былі б рады, калі б падобныя ўніверсітэты з’явіліся ў кожным раёне.
У гэта цяжка паверыць, але конкурс ва Універсітэт трэцяга ўзросту большы, чым у многія ўстановы вышэйшай адукацыі. І калі ў мінулым годзе на курсы было залічана 712 чалавек, то сёлета за 2 дні прыёмнай кампаніі запісалася каля 1,5 тысячы жадаючых. Многія з іх ужо праходзілі навучанне, напрыклад, вывучалі замежныя мовы, і цяпер хацелі б атрымаць больш глыбокія веды. Аднак моцна спрацоўвае “сарафаннае радыё” — у выніку колькасць жадаючых вучыцца істотна перавысіла колькасць месцаў.
— На жаль, мы не можам прыняць усіх, бо абмежаваны ў памяшканнях і рэсурсах, — заўважыла Вольга Шышло. — Змаглі ўзяць тысячу чалавек і прыкладна шасцістам мусілі адмовіць. Аддавалі перавагу пенсіянерам, якія не працуюць, і адзінокім — тым, каму асабліва патрэбны новыя знаёмствы і зносіны.
Падкрэслім, што Універсітэт трэцяга ўзросту — праект сацыяльны. Гэта значыць, што, акрамя адукацыі, стаіць задача дапамагчы сацыялізацыі пажылых людзей, павышэнню іх ролі ў грамадстве. Напрыклад, сёлета ва ўніверсітэце ўпершыню адкрыты цэнтр валанцёраў, дзе слухачы самі змогуць рэалізоўваць уласныя ініцыятывы. Вольга Шышло расказала, што з іх боку паступілі прапановы прыбраць закінутыя ваенныя пахаванні, а таксама ўзяць пад апеку дзіцячыя дамы і дапамагаць такім жа адзінокім дзецям. Акрамя ўласных ініцыятыў, слухачы могуць далучацца і да іншых праектаў, якія рэалізоўваюць некамерцыйныя арганізацыі.
— Мы ўжо вялі перамовы з такімі арганізацыямі. Ім вельмі патрэбны валанцёры, таму няма сумненняў, што нашы слухачы змогуць рэалізаваць сябе і тут, — сказала Вольга Шышло.
Студэнты Універсітэта трэцяга ўзросту спрабуюць сябе і ў якасці выкладчыкаў. Так, займаючыся на адных курсах (напрыклад, па камп’ютарнай граматнасці), яны паралельна выкладаюць на іншых курсах (па замежнай мове, фітнесе ці іншых прадметах). Сёлета такіх ужо каля дзесяці чалавек.
— Многія нашы слухачы знаходзяць ва ўніверсітэце сяброў і арганізуюцца для цікавых сумесных спраў, — расказвае Вольга Шышло. — Менавіта зараз многія людзі ўпершыню пабывалі ў боўлінг-клубе, яны разам пачалі наведваць тэатры, выязджаць на прыроду. У нас ёсць слухачка, якую аднойчы збіла машына. У яе няма ні дзяцей, ні ўнукаў, але аднакурснікі, з якімі яна вывучае англійскую мову, не пакінулі яе ў адзіноце, наведвалі, прыносілі прадукты і лекі. Дзякуючы новым сябрам, жанчына змагла хутка ўстаць на ногі.
Ва Універсітэце трэцяга ўзросту многія зразумелі, што можна быць актыўным і прыносіць карысць грамадству ў кожны перыяд жыцця. І калі штодня ў цябе ёсць цікавая справа, цябе чакаюць сябры, ты камусьці вельмі-вельмі патрэбен, то гэта бадзёрыць і не пакідае месца для нуды і самоты. І сапраўды, было б добра, каб у кожнага беларускага пенсіянера былі магчымасці для штодзённай самарэалізацыі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.