З начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Святланай КУХАРАВАЙ гаворым сёння пра актуальныя пытанні сістэмы адукацыі Гомеля.
— Святлана Леанідаўна, пачнём з важнага: як установы адукацыі выконваюць прафілактычныя антыкавідныя меры?
— Яшчэ з мінулага года з мэтай захавання здароўя дзяцей і педагогаў у нас распрацавана цэлая сістэма: гэта і прапускны рэжым, і выкарыстанне бескантактавых тэрмометраў, і нашэнне педагогамі масак, і наяўнасць сродкаў дэзынфекцыі. На сённяшні дзень ва ўстановах адукацыі Гомеля вакцынавана 75% работнікаў. Усе прафілактычныя меры ў нас строга выконваюцца.
— Застаецца актуальнай работа з бацькамі. На чым заснавана ваша дзейнасць у гэтым кірунку?
— Большую частку свайго часу сучасныя дзеці праводзяць ва ўстановах адукацыі, але ўсе мы выдатна разумеем, што выхаванне пачынаецца з сям’і. У жыцці кожнага чалавека сям’я займае асаблівае месца. У ёй дзіця расце, засвойвае нормы чалавечых адносін, убірае ў сябе дабро ці зло, набывае пэўныя звычкі. Важнымі з’яўляюцца мадэлі бацькоўскіх паводзін, бо дзеці часта капіруюць паводзіны людзей, якія знаходзяцца з імі ў блізкім кантакце.
Разам з тым важнай задачай дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне мадэлі ўзаемадзеяння сям’і і школы, заснаванай на сучасных падыходах. Ва ўстановах адукацыі арганізавана работа сямейных клубаў. Так, напрыклад, у Гомельскім гарадскім ліцэі № 1 функцыянуе сямейны клуб “Дарослыя і дзеці”. “Сямейны клуб па інтарэсах” адкрыты на базе сярэдняй школы № 41 Гомеля. У клубах актыўна прапагандуюць станоўчы вопыт сямейнага выхавання і здаровага ладу жыцця. Штотыдзень праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы для прадстаўнікоў бацькоўскай грамадскасці.
На сённяшні дзень ва ўстановах адукацыі Гомеля вакцынавана 75% работнікаў.
У якасці станоўчага прыкладу калектыўнай формы работы па гэтым кірунку варта адзначыць вопыт ясляў-садоў №№ 77, 127, дзіцячых цэнтраў ранняга развіцця “Званочак” і “Вясёлка”. У гэтых установах адукацыі арганізавана “Школа маладой сям’і” для бацькоў, якія ўпершыню прывялі сваё дзіця ў дзіцячы сад. Заняткі ў школе праводзяць педагог-псіхолаг і выхавальнікі. Такая форма работы не толькі дазваляе наладзіць узаемаадносіны ў сям’і, але і дапамагае бацькам самастойна пераадольваць цяжкасці, якія ўзнікаюць у працэсе выхавання дзяцей.
— Важнае значэнне мае арганізацыя дапрофільнага і профільнага навучання. Што ўстановы адукацыі прапануюць школьнікам Гомеля?
— Ужо не першы год у Гомелі функцыянуюць педагагічныя класы. У гэтым навучальным годзе на базе 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў такіх групах навучаюцца 142 чалавекі. На базе сярэдніх школ №№ 24, 37 функцыянуюць групы спартыўна-педагагічнай накіраванасці (24 вучні). На базе сярэдняй школы № 21 у гэтым навучальным годзе адкрыта група ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Усяго ў Гомелі профільным навучаннем ахоплена 62,4% навучэнцаў 10—11 класаў, дапрофільнай падрыхтоўкай — 100% навучэнцаў 8—9 класаў. Варта адзначыць, што 14% з іх вывучаюць на павышаным узроўні рускую, замежную мовы, матэматыку, фізіку, хімію, біялогію.
Важнай задачай дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне мадэлі ўзаемадзеяння сям’і і школы, заснаванай на сучасных падыходах.
— Як ідзе працэс інфарматызацыі ва ўстановах адукацыі горада?
— Працэс інфарматызацыі ва ўстановах адукацыі Гомеля знаходзіцца на дастойным узроўні. Усе навучальныя ўстановы забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай, у вучэбных кабінетах усталяваны інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйныя комплексы, плазменныя тэлевізары. Педагогі горада актыўна выкарыстоўваюць у сваёй педагагічнай дзейнасці розныя формы ІКТ. Напрыклад, навучэнцы настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзіма Лосева становяцца ўдзельнікамі прамых эфіраў, віктарын у сторыз, апытанняў у Instagram. Вадзім Алегавіч — пераможца рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2020”. З дапамогай мультымедыйных прэзентацый, відэапраектаў па сацыяльна-экалагічных пытаннях ён вынікова рыхтуе вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд рознага ўзроўню, навукова-даследчых конкурсаў. Звыклай формай правядзення ўрокаў геаграфіі ў школе № 19 сталі квіз-гульні і тэст-гульні на Google-платформах.
На думку настаўніка хіміі сярэдняй школы № 27 Гомеля Вольгі Галавешкінай, толькі пры поўнай рэалізацыі патэнцыяльных магчымасцей школьніка ён зможа дасягнуць вялікіх поспехаў у жыцці. Вольга Рыгораўна стварыла адукацыйны сайт educate.by, дзе быў размешчаны курс “Хімія, 8 клас. Алімпіядны рух” (складаецца з 54 заняткаў), які ўключае тэарэтычны матэрыял, відэаўрокі, матэрыялы для выхаднога і прамежкавага кантролю, відэа- і фотаразбор задач, хімічныя доследы з выкарыстаннем тэхнік візуалізацыі. У гімназіі № 56 Гомеля імя А.А.Вішнеўскага настаўніца англійскай мовы Алеся Варабей распрацавала серыю інтэрактыўных матэрыялаў для падрыхтоўкі да ЦТ па англійскай мове пры дапамозе платформы Liveworksheets. Для трансляцыі вопыту сваёй работы Алеся Міхайлаўна стварыла групу ва “УКантакце” SharingMyExperience, дзе размяшчае свае матэрыялы.
— Чым больш за ўсё заклапочаны начальнік аддзела адукацыі сёння?
— У першую чаргу, важна, каб ва ўстановах адукацыі панавала камфортная псіхалагічная атмасфера і былі створаны бяспечныя ўмовы для навучання нашых дзяцей. Гэтыя фактары не толькі ўплываюць на якасць адукацыйнага працэсу, але і дазваляюць навучэнцам дасягаць высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.