Узровень працоўнай дысцыпліны абавязаных асоб узрастае

- 14:30Інфармацыйная гадзіна

Працаўладкаваныя абавязаныя асобы сталі менш прагульваць, паведаміла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва.

“Сярод працаўладкаваных нядбайных бацькоў практычна кожны другі — прагульшчык. Але апошнім часам намецілася пазітыўная тэндэнцыя: колькасць прагулаў паступова змяншаецца, вастрыня праблемы крыху зніжаецца. Гэта вынік пастаяннай выхаваўчай і прафілактычнай работы прадстаўнікоў усіх зацікаўленых ведамстваў, а таксама працоўных калектываў, — падкрэсліла прадстаўнік міністэрства. — Так, у студзені — чэрвені 2014 года сярод працаўладкаваных абавязаных асоб было 53% прагульшчыкаў, а ў студзені — чэрвені бягучага года — менш як 46%”. Разам з тым у I паўгоддзі 2,2 тысячы працаўладкаваных абавязаных асоб ухіляліся ад яўкі на работу да 10 дзён і 1,7 тысячы чалавек — звыш 10 дзён. Гэта ўплывае на ўзровень іх заработнай платы і, адпаведна, на сумы пакрываемых затрат.
Паводле слоў спецыяліста, на рабочыя месцы з узроўнем аплаты працы Br2,5—3 млн уладкаваны 28% абавязаных асоб, звыш Br3 млн — 41%. Пры гэтым 44% нядбайных бацькоў абавязаны кампенсаваць па Br1,5—2 млн у месяц. У асноўным абавязаныя асобы працуюць у арганізацыях ЖКГ, АПК, на прамысловых прадпрыемствах.
У I паўгоддзі бягучага года на пастаянную работу працаўладкаваны 2114 абавязаных асоб, з іх 1885 чалавек атрымалі рабочае месца ў лік броні. На 1 ліпеня гэтага года працаўладкавана 99,8% нядбайных бацькоў. У Мінску і ва ўсіх абласцях рэспублікі, за выключэннем Гродзенскай (без рабочага месца на гэтую дату заставаліся 4 чалавекі па стане здароўя), забяспечана стапрацэнтнае працаўладкаванне асоб, абавязаных пакрываць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
За названы перыяд у органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне паступілі рашэнні гарадскіх і раённых судоў на 2,6 тысячы абавязаных асоб. Звярнуліся ў службу занятасці самастойна або былі дастаўлены туды супрацоўнікамі органаў унутраных спраў 2148 абавязаных асоб. Па розных прычынах зняты з уліку 30 чалавек.
Як падкрэсліла Жанна Шчамялёва, бацькам, якія маюць пастаяннае месца працы і кардынальна змянілі свой лад жыцця, вяртаюць дзяцей. Гэта і ёсць самы галоўны вынік рэалізацыі норм Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.