Узвесці будынак бясхмарнага міру

У Гарадку амаль 100 юных міратворцаў прынялі ўдзел у абласным злёце.

Прадстаўнікі дзевяці школ міру Віцебшчыны сабраліся ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, якая першай у Паўночным рэгіёне далучылася да праекта Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З 2018 года менавіта тут бярэ пачатак традыцыя правядзення абласных злётаў удзельнікаў праекта. 

Як праінфармавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама Святлана Мазжарава, галоўная мэта такіх сустрэч — абмяняцца вопытам, ідэямі, з’яднаць моладзь. Цяперашні злёт быў прымеркаваны да Міжнароднага дня міру, 60-годдзя Беларускага фонду міру і прайшоў пад дэвізам “Мы будынак бясхмарнага міру ўзводзім на падмурку зямлі”. ­Удзельнікаў злёту віталі старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач і старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава. Школьнікі прадэманстравалі творчыя таленты ў песенным конкурсе “Голас міру”, а затым яго працягнулі знаёмствы на дыскатэцы. На другі дзень дэлегацыі прэзентавалі справаздачы аб праведзенай рабоце. Так, у сярэдняй школе № 1 Гарадка вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. На базе школьнага музея навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў актыўна займаюцца пошукавай і даследчай дзейнасцю, знаходзяць сваякоў абаронцаў Айчыны, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі на тэрыторыі раёна. Юныя міратворцы даглядаюць чатыры воінскія пахаванні, праводзяць экскурсіі для навучэнцаў малодшых класаў.  Шэраг праектаў ажыццяўляецца ў рамках міжрэгіянальнага і міжнароднага партнёрства. У прыватнасці, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі Расійскай Федэрацыі. Разам з даўнімі сябрамі і аднадумцамі з Бабаеўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 65 (Валагодская вобласць) гарадокцы стварылі кнігу пра герояў вайны і рэалізаваныя сумесныя ініцыятывы.

У ходзе злёту моладзь далучылася да квест-гульні “Мы патрыёты Радзімы сваёй” ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы, што завяршылася сустрэчай ля сяброўскага ­вогнішча з франтавымі песнямі і смажаным на агні хлебам.

— Удзельнікі злёту прадставілі шмат новых ідэй і праектаў, — адзначыла Таццяна Туманава. — Абавязкова возьмем на ўзбраенне самыя цікавыя і бу­дзем спрыяць іх распаўсюджванню ва ўсіх школах міру. Упэўнена, што гэта пакладзе пачатак новым добрым традыцыям. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены раённай газетай “Гарадоцкі веснік”.