Узворвалі поле…віртуальна

Прафесійную кампетэнцыю “Тэхнічная эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын” прадстаўляе эксперт у гэтай кампетэнцыі дырэктар Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Юрый Корсік. Юрый Васільевіч працуе ў ліцэі амаль 25 гадоў. Ён прайшоў усе стадыі кар’ернага росту, стаў сапраўдным прафесіяналам і ведае арганізм сваёй установы знутры і звонку.

Юрый Васільевіч паведаміў, што гэтая кампетэнцыя прадстаўлена на беларускім WorldSkills упершыню, але даўно праверана на іншых конкурсах прафесійнага майстэрства рэспубліканскага маштабу. Конкурсы будучых трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчага профілю праводзіліся ў нашай краіне тройчы, таму вопыт арганізацыі такіх спаборніцтваў і іх зместавае напаўненне ўжо ёсць. Аднак, што натуральна, у сёлетнім спаборніцтве WorldSkills будзе зменены фармат конкурсу і змест заданняў.

Пляцоўка для спаборніцтваў па гэтай кампетэнцыі падзелена на некалькі блокаў, дзе размешчана рэальная тэхніка айчыннай вытворчасці сельскагаспадарчага профілю. Перш-наперш гэта трактары Мінскага трактарнага завода, дзе ў ролі базавых выкарыстоўваюцца МТЗ-1523, а таксама навясны сельскагаспадарчы плуг Мінскага завода шасцерняў. Канкурсанты выконваюць асноўныя тэхналагічныя аперацыі, якія ўласцівы паўсядзённай працы трактарыстаў-машыністаў і ўваходзяць у працэс абслугоўвання тэхнікі. Гэта работа па рэгуліроўцы размеркавальных механізмаў, па рамонце паліўной апаратуры, мантажу і дэмантажу асобных вузлоў на трактары. Акрамя таго, асноўная работа трактарыста-машыніста — падрыхтоўка ворнага агрэгата да выканання асноўнай аперацыі — апрацоўкі глебы. Менавіта з гэтай аперацыі пачынаецца ўвесь цыкл сельскагаспадарчых работ у полі, і ад таго, наколькі якасна будуць праведзены гэтыя аперацыі, ад правільнасці выкарыстання і абслугоўвання тэхнікі будзе залежаць якасць сельскагаспадарчых работ, доўгатэрміновасць службы тэхнікі і ўрэшце высокі ўраджай сельгаспрадукцыі.

Задача канкурсантаў — прадэманстраваць сваю кампетэнтнасць у прадстаўленых заданнях. І гэта апраўданы ход. Як вядома, WorldSkills тым і адрозніваецца ад іншых прафесійных конкурсаў, што ў ім няма яўнай праверкі тэарэтычных ведаў: яны правяраюцца праз практычныя ўменні і навыкі навучэнцаў. Што тычыцца непасрэдна ўзворвання поля, якое звычайна ўваходзіць у практычны конкурс па гэтай кампетэнцыі, то сёлета яго не будзе, а ўсе заданні выконваюцца канкурсантамі ў межах пляцоўкі. Але мяркуецца развіццё гэтай кампетэнцыі, і ў найбліжэйшай будучыні канкурсанты WorldSkills выйдуць на трактарах у поле.

Сёлета ў гэтай кампетэнцыі ўдзельнічаюць 8 чалавек. Кожная вобласць прадставіла свайго навучэнца з сістэмы прафесійнай адукацыі, а 2 удзельнікі выступаюць ад устаноў вышэйшай адукацыі — Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта і Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Смілавіцкі ліцэй знаходзіцца на добрым рахунку ў вобласці, яго ведаюць і за межамі рэгіёна. На базе гэтай установы рэгулярна праводзяцца спаборніцтвы прафесійнага майстэрства як рэгіянальнага, так і рэспубліканскага ўзроўню. Заўжды выхаванцы ліцэя паказваюць на іх добрыя вынікі. А гэта пацвярджае, што ў ліцэі прафесійная падрыхтоўка знаходзіцца на якасным узроўні. Пра гэта сведчыць станоўчая ацэнка з боку кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, куды прыходзяць на працу яго выпускнікі. Ліцэй лічыцца першапраходцам у стварэнні рэсурснага цэнтра сельскагаспадарчага профілю. Работа па яго стварэнні пачыналася ў 2004 годзе, і за час існавання на яго базе прафесійную падрыхтоўку прайшлі больш за 2,5 тысячы навучэнцаў аднапрофільных навучальных устаноў Мінскай вобласці. Сотні майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў спецдысцыплін атрымалі ў ім павышэнне кваліфікацыі. Безумоўна, наяўнасць сучаснай тэхнікі стварае новыя рэзервы для ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Але ліцэй не спыняецца на дасягнутым. Калектыў установы прадставіў праект па мадэрнізацыі рэсурснага цэнтра, па ўдасканаленні ў ім прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, укараненні інавацыйных тэхналогій, метадычнага суправаджэння. Усе гэтыя кірункі прымяркоўваюць набыццё яшчэ больш сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі.

На гэтым конкурсе Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй прадстаўляў трэцякурснік Павел Хмяльніцкі, які папярэдне перамог на абласным этапе конкурсу. Адметна, што 5 гадоў назад яго брат, Пётр Хмяльніцкі, таксама навучэнец гэтага ліцэя, перамог на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод будучых трактарыстаў-машыністаў. Так што Павел з’яўляецца прадстаўніком сямейнай дынастыі. Да спаборнітцва WorldSkills хлопца рыхтавалі два выдатныя майстры вытворчага навучання: Васіль Васільевіч Кучук, вопытны майстар, педагог, які падрыхтаваў не адно пакаленне лепшых спецыялістаў, і Арцём Віктаравіч Крывапуст, творчы чалавек, вядомы рацыяналізатар і вынаходнік, пераможца шматлікіх спаборніцтваў тэхнічнай творчасці, дыпламант конкурсу “Сто ідэй для Беларусі”. Павел Хмяльніцкі заваяваў “золата”.

Ала КЛЮЙКО.