В’ет во даа — шлях да ўдасканалення

- 11:19Выхаваўчая прастора

Баявыя мастацтвы не проста так называюць мастацтвамі. Гэта работа над сабой, над сваім целам і духам. Баявыя мастацтвы складана назваць відамі спорту, бо яны не ставяць перад сабой мэту высветліць, хто больш моцны, хуткі, гнуткі і г.д. Увага ўдзяляецца ўнутранай рабоце над сваёй свядомасцю, настроем, думкамі, паралельна паляпшаецца і стан цела. В’ет во даа — адзін з відаў баявых мастацтваў. Ён не такі папулярны, як тэквандо, каратэ ці дзюдо, але гэта, наадварот, робіць яго больш цікавым. Давайце разам азнаёмімся з гісторыяй, тэхнікамі і прынцыпамі в’ет во даа, а таксама з чалавекам, які аддаў яму больш за 25 гадоў і перадае свае веды іншым.

Радзіма — В’етнам

Раней у азіяцкіх краінах баявыя мастацтвы былі даступны толькі для абраных лю­дзей, прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя. У В’етнаме (адкуль родам в’ет во даа) сітуацыя была больш дэмакратычнай. Баявымі мастацтвамі маглі займацца ўсе жадаючыя, але ж найбольшае распаўсюджванне яны атрымалі ў сялян. Баявыя мастацтвы В’етнама бесперапынна развіваліся. Падчас панавання ў краіне феадалізму праводзіліся спаборніцтвы, каб выявіць самых моцных байцоў і адправіць іх у армію. Акрамя бою, мужчыны павінны былі здаць экзамен па ваеннай стратэгіі. Падчас іншаземнай акупацыі баявыя мастацтвы прыйшлі ў заняпад. Некаторыя так і не атрымалася аднавіць.

В’ет во даа (вавінам) было створана ў 1936 годзе. Яго бацькам-заснавальнікам лічыцца майстар кулачнага бою і ваеннай справы Нгуен Лок. Ён узяў за аснову тэхнікі розных школ, змяшаў іх і новы “кактэйль” назваў вавінам. Галоўным момантам стала спалучэнне ў мастацтве цвёрдага і мяккага. Цвёрдае — гэта сіла і рашучасць, мяккае — слабасць і ўступчывасць. Вялікі ўплыў на сучасны Вавінам аказаў духоўны лідар другога пакалення майстроў в’етнамскага баявога мастацтва Ле Санг. У яго атрымалася аб’яднаць моц і філасофію.

Для развіцця цела і духу

Трэніроўкі па в’ет во даа праводзяцца ў трох напрамках: баявая моц, тэхніка і баявая этыка. Баявая моц — развіццё хуткасці, сілы, вынослівасці і гнуткасці. Вывучэнне і адпрацоўка тэхнікі — блокі, удары, захваты, работа з традыцыйнай зброяй, дыхальныя тэхнікі для гарманізацыі ўнутранай энергіі. Баявая этыка — тое, што адрознівае вавінам ад шматлікіх іншых баявых мастацтваў. Існуе 10 асноўных прынцыпаў в’ет во даа. Першае і самае галоўнае — вучні даюць слова дасягаць высокай эфектыўнасці свайго баявога мастацтва і служыць людзям і чалавецтву. Яшчэ некалькі важных абяцанняў: быць вернымі намерам і вучэнню вавінам і развіваць маладое пакаленне; паважаць старэйшых і быць добрымі да равеснікаў; выкарыстоўваць навыкі баявых мастацтваў толькі для самаабароны і захавання справядлівасці; быць упэўненымі ў сабе, стрыманымі, сціплымі, шчодрымі і інш.

В’ет во даа мае шмат розных напрамкаў. Адзін з іх — тхіен дыёнг, што перакладаецца як “шлях да ўдасканалення”. Першая школа в’ет во даа тхіен дыёнг была створана менавіта ў Беларусі ў верасні 1989 года. Яе заснаваў настаўнік Генадзь Эдуардавіч Адамовіч. Школа робіць акцэнт на самаабароне і аздараўленчым напрамку. Важнае месца займае і вывучэнне філасофіі, асноў традыцыйнай медыцыны, ёгі. “Трэніруйся з розумам, прытрымлівайся залатой сярэдзіны, памятай пра тое, што самае галоўнае для чалавека — гэта здароўе”, — так гучыць адно з правіл школы.

Асабістым прыкладам

Педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Мінска Генадзь Уладзіміравіч Дзядкоў — адзін з тых, хто развівае в’ет во даа тхіен дыёнг у Беларусі. Ён аддаў баявым мастацтвам ужо больш за 25 гадоў, з іх больш за 20 — трэніроўцы іншых.

— Заўсёды хацелася чым-небудзь такім заняцца, — расказвае Г.У.Дзядкоў. — Спрабаваў барацьбу, але ўрачы забаранілі, бо падаў зрок. Потым, калі распаўся Савецкі Саюз, з’явілася шмат школ і настаўнікаў, якія прапаноўвалі заняткі баявымі мастацтвамі. Я па газетных выразках шукаў для сябе што-небудзь цікавае і знайшоў. У в’ет во даа аб’ядноўвалася тое, што я хацеў: адзінаборства і філасофія.

Спецыяльнасць Генадзя Ула­дзіміравіча — настаўнік фізічнай культуры і здароўя, але педагогу больш даспадобы баявыя мастац­твы. Цэнтр дадатковай адукацыі дазваляе імі займацца і знаёміць з гэтым іншых.

— Бацькі з рознымі мэтамі прыводзяць дзяцей. Хтосьці хоча спартыўнага развіцця, але я адразу кажу, што мы не для гэтага існуем. Хтосьці хоча, каб дзіця займалася менавіта традыцыйным баявым мастацтвам, хтосьці — каб прывілі дысцыпліну. Камусьці важна, каб навучылі абараняцца.

Заняткі Генадзя Дзядкова наведваюць вучні 1—6 класаў. Да кожнага ўзросту трэба падабраць свой ключык. Калі старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо дастаткова дысцыплінаваныя, гатовы слухаць і выконваць, то малышоў трэба яшчэ зацікавіць.

— Па-першае, павінна быць пастаянная змена заданняў, таму што, калі дзеці доўга робяць адно і тое ж, яны пачынаюць “заві­саць”. Але гэта што тычыцца гульні, а трэба ж яшчэ даць веды па канкрэтным відзе. Зараз у дзяцей такая нагрузка, што ім варта даваць мінут 10, каб яны выбегаліся і выкрычаліся. Потым, напрыклад, праводжу “Бараць­бу малп”. Гэта, здаецца, і гульня, а з іншага боку, мае выхаванцы заўсёды на кукішках і адно аднаго цягаюць. Умацоўваецца мышачны каркас.

“Барацьбу малп” я ўбачыла на свае вочы. Дзеці дзеляцца на дзве каманды, па знаку трэнера яны бягуць адно на аднаго і нападаюць. Задача — перацягнуць на свой бок усіх сапернікаў. Дзецям падабаецца такая размінка: у ёй яны могуць выплюхнуць частку сваёй энергіі.

Важны момант у працы Генадзя Дзядкова: ён выкладае традыцыйны від в’ет во даа тхіен дыёнг, а не спартыўны.

— Спорт у любым выпадку накіраваны на вынік, і дастаткова хуткі, — расказвае педагог. — Напрыклад, чалавек мог “выстраліць” гадоў праз пяць: за гэты час ён фізічна і псіхалагічна памацнеў бы. А яго рыхтуюць выступаць ужо праз год. У традыцыйных відах усё павінна ісці натуральным шляхам. Пакуль чалавек не засвоіць адзін рух, няма сэнсу пачынаць рабіць іншы. Што тычыцца філасофіі, то на пачатковым этапе я не даю яе дзецям, толькі нейкія простыя прынцыпы: дысцыпліна, павага да старэйшых і г.д.

Праграма трэніровак складаецца з розных эфектыўных тэхнік. Гэта дыхальныя практыкаванні, блакіроўка рукамі, удары рукамі, рабром далоні, кончыкам пальцаў, локцем, нагамі, прыёмы самаабароны.

— За кошт дыхальных практыкаванняў дзеці менш хварэюць, паляпшаецца пастава, з’яўляюцца мышцы, а з імі — і ўпэўненасць у сабе. Дзеці лепш канцэнтруюцца і становяцца больш прадукцыйнымі. А яшчэ вучацца перамагаць. У першую чаргу — саміх сябе. У далейшым гэта дапамагае дасягаць сваёй мэты. Людзі розныя: хтосьці прыходзіць да сваёй мэты, хтосьці сыходзіць са шляху. Той, хто займаецца ў нас, дабіваецца таго, што яму трэба, — дзеліцца трэнер.

Генадзь Дзядкоў.

Умовы для заняткаў дастаткова простыя і многім знаёмыя — школьная спартыўная зала. На адсутнасць спецыяльнага месца Генадзь Дзядкоў не скардзіцца, а з мудрасцю знаходзіць у гэтым плюсы: “Гэта адзін з момантаў праверкі самога педагога. Наколькі ён гнуткі, наколькі ён можа падстроіцца пад сітуацыю і выйсці з яе”.

Дзеці займаюцца год, другі. А што гэта ім дае? Як падтрымліваецца жаданне і далей аддаваць заняткам вольны час? Сістэма ўзнагароджання ў в’ет во даа падобная да іншых усходніх відаў адзінаборстваў — гэта розныя паясы. Напрыклад, сам Генадзь Уладзіміравіч мае чорны, у яго чацвёрты данг (максімальны — восьмы). На пачатковых этапах, каб перайсці на новы ўзровень, трэба здаць іспыт, куды ўваходзяць як практыкаванні, так і тэарэтычныя пытанні. Чым далей, тым больш складана. Напрыклад, трэба набіраць сабе вучняў, ствараць метадычныя распрацоўкі, адкрываць аддзяленні ў іншых гарадах — рабіць усё, што дапамагае распаўсю­джваць баявое мастацтва.

Генадзь Дзядкоў асабістым прыкладам паказвае, што можа атрымаць чалавек ад заняткаў в’ет во даа тхіен дыёнг”. Ён размаўляе спакойна, прадумвае свае словы, у яго рухах адчуваецца ўпэўненасць і стойкасць.

— Гэтая тэхніка не раз дапамагала мне ў жыцці, — працягвае педагог. — Бывалі выпадкі, калі я своечасова пазбягаў удару. Гэта атрымлівалася “на аўтамаце”. Навучыўся больш спакойна ўспрымаць нейкія жыццёвыя праблемы, ацэньваць сітуацыю, а не прымаць хуткія рашэнні. Нейкія страхі зніклі, з’явілася ўпэўненасць.

Быць сабой

В’ет во даа тхіен дыёнг, хаця і ўсходняе баявое мастацтва, добра ўпісалася ў беларускую рэчаіснасць. Напэўна таму, што агульначалавечыя каштоўнасці і жаданні (быць здаровым, мець моцнае цела, быць у паразуменні з самім сабой) недарма носяць назву АГУЛЬНАчалавечых. В’ет во даа не патрабуе ад людзей пераступаць праз сябе і змагацца за вынікі на злом галавы. У гэтым баявым мастацтве галоўнае — знайсці свой шлях і ісці згодна з ім і асабістымі магчымасцямі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.