Ва ўганараванні распрацоўшчыкаў фармалізм недапушчальны

- 9:36Інфармацыйная гадзіна

Прысуджэнне дзяржаўных узнагарод за навуковыя работы не павінна мець фармальны характар. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

Пры наведванні навукова-практычнага цэнтра Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з распрацоўкамі, вылучанымі ў 2016 годзе на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што прысуджэнне дзяржузнагарод за навуковыя работы не павінна быць фармальным, інакш можна страціць па-сапраўднаму каштоўныя распрацоўкі і дасягненні.

“Я хачу дзейнічаць у рамках сумленнасці і справядлівасці, а яны заснаваны на аб’ектыўнасці, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У нас наперадзе сур’ёзная нарада па навуцы. Трэба паглядзець на ўсіх распрацоўшчыкаў, мы павінны на іх звярнуць сур’ёзную ўвагу. Калі мы не змаглі ім прысвоіць лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі, адбярыце гэтыя работы (калі відаць, што эфект каласальны, яна заслугоўвае прынамсі ўвагі), падумайце і ўнясіце мне прапановы, што мы будзем рабіць з гэтымі людзьмі і работамі. Так, усе не павінны дзяржпрэміі атрымліваць, таму што гэта ўжо будзе абязлічванне. Але яны заслугоўваюць іншага заахвочвання”.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў Адміністрацыі прэзідэнта прааналізаваць, які эканамічны эфект для краіны прынеслі навуковыя работы, якія атрымалі дзяржаўныя прэміі ў папярэднія гады.

Акрамя таго, прэзідэнт звярнуў увагу, што ў ліку аўтараў многіх навуковых работ часта можна ўбачыць і саміх кіраўнікоў прадпрыемстваў або арганізацый. “Я паглядзеў — вакол начальнікі. Толькі не разумею, калі ў дырэктара прадпрыемства ёсць вольны час, каб сесці і стварыць цуд, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я хачу, каб быў аўтар, сапраўдны аўтар, які гэтага заслугоўвае. А прымазвацца да славы не трэба”.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з кожнай работай, якая была вылучана ў 2016 годзе на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Гэта былі распрацоўкі і праекты ў сферы трансплантацыі органаў, прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтаздабычы, будаўніцтва, тэхналогій і гісторыі.

Знаёмячыся з распрацоўкамі, прэзідэнт зацікавіўся цыклам навуковых работ “Вытокі беларускай дзяржаўнасці: полацкая і віцебская землі ў IX—XVIII стагоддзях”. У іх па-новаму раскрываецца працэс фарміравання тэрыторый усходнеславянскіх раннедзяржаўных утварэнняў і іх цэнтраў.

Як расказала загадчыца Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вольга Ляўко, праведзеныя даследаванні паказалі, што беларуская дзяржаўнасць пачала фарміравацца ў сярэдзіне IX стагоддзя, са стварэннем полацкай зямлі. Станаўленне Полацка ў якасці цэнтра гэтага дзяржаўнага ўтварэння ажыццяўлялася на мясцовай племянной аснове, у той час як у Ноўгарадзе і Кіеве для гэтага запрашалі варагаў. Нават у далейшым полацкія землі, уваходзячы ў склад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, развіваліся аўтаномна.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што сёння ідзе работа над новымі падручнікамі і гэтыя моманты станаўлення беларускай дзяржавы ў іх абавязкова трэба адлюстраваць. “Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду, — падкрэсліў прэзідэнт. — Тут калі і ёсць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм разумны”.

Кіраўнік дзяржавы таксама правёў паралель з сучаснасцю. “Мы сапраўды сябе стварылі, і з намі лічыліся тады. Усё гэта сугучна і актуальна цяпер, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння некаторыя пад выглядам дармаедства, яшчэ чагосьці спрабуюць гэтую лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта не нашы землі, а нечыя. Таму для нас гэта вельмі актуальна. Дармаеды павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёння выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсць, знішчыць тое, што мы адрадзілі, каб не даць нам замацавацца. І яны будуць выкарыстоўваць усё”.