Ва ўмовах высокай канкурэнцыі

- 16:55Адукацыйная прастора, Рознае

На заключным этапе сёлетняй Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы ў камандным заліку найлепшыя вынікі прадэманстравалі каманды Віцебскай вобласці (на яе рахунку 11 дыпломаў), Ліцэя БДУ (10 дыпломаў) і каманда Гомельскай вобласці, навучэнцы якой заваявалі 8 дыпломаў. Прыз міністра адукацыі лепшаму сельскаму школьніку ўручаны дзевяцікласніку Забалоцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Эдуарду Вільчэўскаму.

Абсалютным пераможцам алімпіяды стаў навучэнец Ліцэя БДУ Вадзім Захаранка. Да сваёй перамогі ён набліжаўся ўпэўнена і мэтанакіравана. Яшчэ ў пачатковай школе (да паступлення ў ліцэй Вадзім вучыўся ў гімназіі № 7 Светлагорска Гомельскай вобласці) хлопец паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы. З 5 класа на гуртку, які арганізавала настаўніца інфарматыкі Святлана Уладзіміраўна Яльчык, захапіўся праграмаваннем. Як прызнаецца Вадзім, вельмі падабалася рашаць задачы на логіку, кемлівасць, вабілі і перспектывы, што адкрывае інфарматыка. Інтарэс да гэтай навукі падагрэлі заняткі на сайце У.С.Далінскага: магчымасць паспаборнічаць, убачыць сябе на фоне іншых і г.д. З 8 класа хлопец прымае ўдзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы і ў Ліцэй БДУ прыйшоў ужо як уладальнік дыплома з дастаткова сур’ёзнай падрыхтоўкай. Займацца інфарматыкай Вадзім працягнуў з Анжалікай Іванаўнай Лапо: наведваў факультатыўныя заняткі, дзе разглядалася тэорыя, прымаў уд зел у алімпіядах, якія арганізоўваліся ў ліцэі прыкладна раз на тыдзень, шмат займаўся самастойна, спаборнічаў у рознага ўзроўню інтэрнэт-алімпіядах. І праца дала плён. Аднак толькі інфарматыкай інтарэсы Вадзіма Захаранкі не абмяжоўваюцца: ён захапляецца музыкай, займаецца спортам, любіць чытаць, а нядаўна паспрабаваў сябе на сцэне — выступіў у галоўнай ролі навагодняга мюзікла. Сваё жыццё хлопец плануе звязаць з праграмаваннем. Праўда, пакуль не выбраў установу, у якую будзе паступаць.

Усяго юныя інфарматыкі заваявалі 54 дыпломы: 11 дыпломаў І ступені, 16 — ІІ ступені і 27 — ІІІ ступені. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі адзінаццацікласнікі: навучэнец гімназіі № 1 Оршы Павел Сапежка (М.В.Сібірцава), навучэнец сярэдняй школы № 1 Ліды Андрэй Раўкуць (І.Э.Фонасава, С.А.Фонасаў), навучэнец Ліцэя БДУ Андрэй Ільін (І.А.Веліканава), навучэнец гімназіі № 29 Мінска Мікалай Гулецкі (Н.Н.Бікбулатаў). Таксама дыпломы І ступені заваявалі дзесяцікласнікі: навучэнец сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Мікіта Сазановіч (У.С.Радзівон), навучэнец Іўеўскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Аляксей Вісцяж (В.В.Кеўра), навучэнка гімназіі № 1 Віцебска Барбара Кускова (В.П.Лакціна), навучэнец Ліцэя БДУ Дзмітрый Калабук (А.І.Лапо) і навучэнец сярэдняй школы № 16 Бабруйска Уладзіслаў Кісялёў (Л.С.Содзель). Адзін з самых юных удзельнікаў алімпіяды васьмікласнік гімназіі № 51 Гомеля Фёдар Карабейнікаў таксама адзначаны дыпломам І ступені (У.С.Далінскі).

Сёлета ўпершыню заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы прайшоў у раённым цэнтры — Барысаве. Юных інтэлектуалаў гасцінна сустракалі ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы, дзе ўдзельнікі спаборніцтва пражывалі, і ў гімназіі № 1, дзе праводзіліся алімпіядныя туры. Дарэчы, сёлета спаборніцтвы былі арганізаваны па ўзоры міжнародных турніраў: рабочыя месцы для ўсіх удзельнікаў алімпіяды былі абсталяваны ў адным вялікім памяшканні. 140 камп’ютараў (з іх 20 рэзервовых) і камп’ютары членаў журы былі аб’яднаны ў адзіную лакальную сетку. Арганізатарам удалося граматна наладзіць работу тэхнікі, у выніку ўсё спрацавала вельмі дакладна — усе ўдзельнікі знаходзіліся ў аднолькавых умовах і працавалі з адным і тым жа праграмным забеспячэннем.
У алімпіядзе прынялі ўдзел 120 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі (62 адзінаццацікласнікі, 32 дзесяцікласнікі, 14 дзевяцікласнікаў, 7 васьмікласнікаў, 2 сямікласнікі, 4 прадстаўнікі сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі). Большая палова ўдзельнікаў вучыцца ў навучальных установах новага тыпу: ліцэях і гімназіях, толькі 2 — у сельскіх школах. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў толькі 7 дзяўчынак, 22 навучэнцы — пераможцы мінулагодняй рэспубліканскай алімпіяды.
Алімпіяда прайшла па адладжанай схеме: двум уласна спаборніцкім турам папярэднічаў пробны тур, падчас якога алімпіяднікі вывучалі, як працуе аўтаматызаваная сістэма, якая зводзіць умяшальніцтва чалавека да мінімуму і робіць алімпіяду аб’ектыўнай. Алімпіядныя туры ўяўлялі сабой пяцігадзінныя спаборніцтвы ў майстэрстве праграмавання. Удзельнікам у кожным з дзён алімпіяды прапаноўвалася па 4 задачы (кожная з якіх ацэньвалася ў 100 балаў). Рашэннем кожнай павінна была стаць праграма, якая найбольш дакладна выконвала патрабаванні, пастаўленыя ў задачы. Дарэчы, традыцыйна ў спаборніцтвах няма дзялення вучняў па класах: усім школьнікам даюцца агульныя заданні.

Па словах старшыні журы рэспубліканскай алімпіяды, загадчыка кафедры інфарматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа, кандыдата фізіка-матэматычных навук Ірыны Фёдараўны Кірыновіч, распрацоўшчыкі заданняў імкнуліся да таго, каб задачы былі цікавымі для ўдзельнікаў алімпіяды. Традыцыйна ў кожным туры былі прапанаваны задачы рознай ступені складанасці (адносна простая, сярэдняй ступені складанасці і больш складаныя). Нават калі навучэнец не рашыў задачу поўнасцю, залічваліся частковыя яе рашэнні — была распрацавана сістэма тэстаў, якая дазваляла рашыць задачу на 30, 50 і больш балаў. І навучэнцы паспяхова справіліся з задачамі, прадэманстраваўшы глыбокія веды, логіку, эрудыцыю. Узровень іх падрыхтоўкі значна вырас. Нулявых вынікаў не было, і разбежка паміж баламі ўдзельнікаў невялікая, што яскрава сведчыць аб сур’ёзнай канкурэнцыі сярод юных інтэлектуалаў.
Удзельнікі алімпіяды, кіраўнікі каманд, а таксама члены журы адзначылі высокі ўзровень правядзення алімпіяды. Запомніцца яна і насычанай культурнай праграмай. Навучэнцы азнаёміліся з памятнымі мясцінамі Барысава, наведалі краязнаўчы музей, дом-сядзібу І.Каладзеева, футбольны стадыён “Барысаў-Арэна” і інш.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.