Ва ўніверсітэтах пачалося залічэнне абітурыентаў

- 14:35Вышэйшая школа

Паводле Правіл прыёму, залічэнне на бюджэтную форму ва ўстановы вышэйшай адукацыі павінна завяршыцца 5 жніўня, але некаторыя ўніверсітэты не сталі адцягваць гэты хвалюючы момант на апошнія дні. У прыватнасці, залічэнне правялі Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (на шэраг спецыяльнасцей). Іншыя агучылі першую інфармацыю, звязаную з конкурсамі і прахаднымі баламі.

Кожны чацвёрты абітурыент БДУ — выпускнік “з адзнакай”

У БДУ на дзённую бюджэтную форму навучання пададзены 3142 заявы (план прыёму — 2199). Сярод абітурыентаў галоўнага ўніверсітэта краіны 75 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, якія залічваюцца без экзаменаў. Чвэрць абітурыентаў (804 чалавекі) скончылі сярэднюю школу з медалём ці ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай. У ліку тых, хто падаў дакументы ў БДУ, амаль палова (1474 чалавекі) — выпускнікі ліцэяў і гімназій.

Як паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэта, амаль 70% абітурыентаў маюць сумарны бал вышэй за 300. 92 чалавекі падалі ў прыёмную камісію 100-бальныя сертыфікаты ЦТ.

Па выніках залічэння на дзённую бюджэт­ную форму навучання, на 1 курс факультэта міжнародных адносін БДУ паступілі 77 абітурыентаў. Прахадныя балы на спецыяльнасці: “Міжнароднае права” — 378; “Міжнародныя адносіны” — 374 “Лінгвакраіназнаўства” — 384 (тры абітурыенты залічаны без экзаменаў), “Мытная справа” — 329 (адзін абітурыент прыняты без экзаменаў, шэсць — па мэтавым прыёме), “Сусветная эканоміка” — 359; “Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)” — 350.

На факультэт філасофіі і сацыяльных навук залічаны 64 абітурыенты. Тут самыя высокія прахадныя балы на спецыяльнасць “Сацыяльныя камунікацыі” — 342.

На факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ па аб’яднаным конкурсе залічана 266 абітурыентаў, прахадны бал склаў 312. Сярод залічаных — 17 чалавек прыняты без экзаменаў. Самыя высокія прахадныя балы тут — на спецыяльнасць “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)” — 362.

На факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій па аб’яднаным конкурсе на дзённую форму навучання залічана 205 абітурыентаў. Прахадны бал склаў 235.

Пакуль адны абітурыенты радуюцца паступленню, іншыя — падлічваюць балы і чакаюць залічэння, вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат здаюць унутраныя ўступныя экзамены. Выпрабаванні праходзяць у БДУ на васьмі факультэтах па 23 вучэбных дысцыплінах. Усе яны арганізуюцца ў пісьмовай форме (акрамя вусных экзаменаў па беларускай і рускай літаратуры на філалагічным факультэце, а таксама творчага тэсціравання на факультэце журналістыкі). Напярэдадні для абітурыентаў праводзяцца кансультацыі.

У БДПУ паступае больш хлопцаў

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прахадныя балы на некаторыя спецыяльнасці выраслі на 18 пунктаў і ў асобных выпадках перавысілі планку 310.

“Цяперашняя прыёмная кампанія аказалася для ўніверсітэта лепшай, чым летась. У цэлым на працягу апошніх гадоў прэстыж педагагічнай прафесіі расце і па колькасных, і па якасных паказчыках”, — перадае прэс-служба БДПУ словы рэктара Аляк­сандра Жука.

Ва ўніверсітэт было пададзена звыш 2280 заяў — гэта больш, чым у мінулым го­дзе. 76 абітурыентаў — медалісты, 128 маюць дыплом каледжа з адзнакай. Акрамя таго, узрасла колькасць выпускнікоў педагагічных класаў. Сёлета іх 203 — а гэта добра падрыхтаваныя і матываваныя абіту­рыенты.

У гэтым годзе ў ліку тых, хто падаў дакументы на факультэт фізічнага выхавання БДПУ, 60% юнакоў, на гістарычны — 55%. Трэць абітурыентаў фізіка-матэматычнага факультэта — таксама хлопцы. “Гэта значыць, што педагагічная прафесія становіцца ўсё больш мужчынскай, і гэта не можа нас не радаваць”, — сказаў Аляксандр Жук.

БДМУ: прахадныя балы высокія нават па мэтавым прыёме

Сёлета на бюджэтнае навучанне ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт залічана 660 студэнтаў, у тым ліку 295 — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Гэта на 40 чалавек больш, чым летась (дадалося 20 бюджэтных месцаў на лячэбным факультэце і 20 — на медыка-прафілактычным).

25 абітурыентаў былі залічаны ў БДМУ без уступных выпрабаванняў і трое — па-за конкурсам. Самыя высокія прахадныя балы зафіксаваны на стаматалагічным факультэце — 387 (паўпрахадны бал — 386). Трэба адзначыць, што і ў мэтавікаў гэтага факультэта прахадныя балы (у залежнасці ад рэгіёна) вар’іраваліся ад 332 да 367.

Прахадны бал на фармацэўтычны факультэт склаў 365 (па мэтавым прыёме — ад 282 да 336); на лячэбны факультэт — 357. Дарэчы, максімальны бал у абітурыентаў лячэбнага факультэта — 398, 9 чалавек мелі вынік вышэй за 390. Сярод абітурыентаў, якія паступілі па мэтавым конкурсе, прахадныя балы былі ад 281 да 322.

На педыятрычны факультэт прахадны бал склаў 330, а на медыка-прафілактычны — 281.

У ваенна-медыцынскім інстытуце БДМУ прахадныя балы адрозніваліся ў залежнасці ад таго, у інтарэсах якой сілавой структуры будуць праходзіць падрыхтоўку курсанты. Для тых, хто будзе служыць ва Узброеных Сілах, прахадны бал склаў 298, у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў — 300, ва Унутраных войсках МУС — 316, у Дзяржаўным пагранічным камітэце — 351 бал.

Прыём дакументаў на платную форму ва ўстановы вышэйшай адукацыі будзе ажыццяўляцца да 9 жніўня ўключна (у аграрныя ўстановы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці — да 10 жніўня).

На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём дакументаў на бюджэт ад выпускнікоў 9-х класаў будзе ажыццяўляцца па 3 жніўня, ад выпускнікоў 11-х класаў — па 12 жніўня.

Падаць дакументы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна да 20 жніўня.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.