Ва ўроках мінулага — дабрабыт будучыні

- 11:34Якасць адукацыі

Паспяховасць дзіцяці ў жыцці ў многім залежыць ад педагога. Як і 20—30 гадоў назад сучасныя дзеці маюць патрэбу ў чалавечым цяпле, любові і разуменні,  пераканана наша гераіня — дырэктар 43-й сталічнай гімназіі Марыя КАВАЛЕЎСКАЯ.

— Марыя Фёдараўна, чаму вы выбралі настаўніцкую прафесію?

— Настаўніцай марыла быць заўсёды. У педагогіцы я ўжо больш за 40 гадоў, доўгі час узначальвала сярэднюю школу № 126 Мінска, а ў 2010 годзе стала дырэктарам новабудоўлі ў Фрунзенскім раёне. Упэўнена, што работа ў школе — гэта маё прызванне. Калі сказаць дакладна, то я жыву гэтай работай, зай­маюся любімай справай. Работа, звязаная з людзьмі, — асаблівая. Асабліва, калі гэтыя людзі — дзеці.

Мне вельмі падабаецца выказванне: “Педагог — гэта той, хто здольны спусціцца з вышынь сваіх ведаў да няведання вучня і ра­зам з ім здзейсніць узыхо­джанне”. Толькі разам можна прыйсці да поспеху: разам спазна­ваць, ра­зам рабіць адкрыцці, разам вучыцца.

З вопытам разумееш: патрабуеш выніку ад лю­дзей — навучыся працаваць над сабой. Працаваць над сабой павінен і вучань, і настаўнік, і намеснік дырэктара, і сам дырэктар.

Кіраваць заўсёды складана. Кіраўнік — гэта не столькі чалавек, які раздае каманды і загады, колькі той, хто, прымаючы тое ці іншае рашэнне, бярэ на сябе адказнасць за вялікі калектыў людзей. Гэта ад цябе будзе залежаць, як ты згуртуеш вакол сябе каманду аднадумцаў, з якімі разам створыш спрыяльнае асяроддзе для далейшага функцыянавання і развіцця ўстановы.

Спрыяльны мікраклімат

—Удалося згуртаваць каманду адна­думцаў?

— Наша гімназія сёння — гэта вялікі калектыў дзяцей і дарослых. Самаму малодшаму — 6 гадоў, самаму старэйшаму — за 70. І кожны хоча быць патрэбным, паспяховым, рэалізаваным.

Я як кіраўнік упэўнена, што ў нас у гімназіі ў цяперашні час склаўся дасведчаны, творчы педагагічны калектыў, які можа ў кароткія тэрміны перабудавацца ў адказ на выклікі сучаснага зменлівага свету. Натхнёна і творча працу­юць настаўніцы рускай мовы і літаратуры Святлана Эктава, беларускай мовы і літаратуры Людміла Каспяровіч, матэматыкі Лідзія Пянко, Іна Чыжык, гісторыі Наталля Шарамецьева, геа­графіі Іна Радчанка. Свет ведаў адкрываюць вучням настаўніцы пачатковых класаў Аксана Маскалёва, Наталля Ермалінская, Маргарыта Войцік.

Менавіта дзякуючы гэтаму калектыву, створаны той спрыяльны клімат, у якім камфортна і дарослым, і дзецям. Мы дакладна ведаем, што ў пагоні за новым важна не разгубіць тое патрэбнае старое, што было назапашана папярэднімі пакаленнямі. Лічу, што менавіта гэты баланс інавацый і традыцый робіць нашу гімназію запатрабаванай сярод бацькоў і навучэнцаў.

Для малодшых школьнікаў мы прапануем заняткі па інтарэсах “Шахматы”, “Вясёлыя ноткі”, спартыўныя секцыі па футболе, гандболе, усходніх адзінаборствах. У гуртку па лепцы з салёнага цеста “Фантазія”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Бакавец, вучні сваімі рукамі ро­бяць падарункі, сувеніры, якія ўручаюцца пераможцам усемагчымых спаборніцтваў. Згадзіцеся, сувеніры, зробленыя рукамі дзяцей, нясуць асаблівае цяпло! Гэта вельмі актуальна ў наш час: купіць зараз можна калі не ўсё, то многае. З 10 гадоў дзеці маюць магчымасць наведваць заняткі ў ціры, дзе працуюць сапраўды захопленыя настаўнікі дапрызыўнай пад­рыхтоўкі. У выніку вучні перамагаюць у конкурсах ваенна-спартыўнай накіраванасці. А перамогі не даюцца тыднем ці месяцам падрыхтоўкі, а менавіта сістэмнай мэтанакіраванай работай пачынаючы з пачатковых класаў.

Гімназія № 43 Мінска атрымала статус установы адукацыі новага тыпу ў 2016 годзе. Сёння яна — цэнтр не толькі адукацыі, а і вольнага часу, грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва. З 2012 года тут дзейнічае Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Фрунзенскага раёна. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць веды па медыцынскай падрыхтоўцы, вучацца абыходзіцца са зброяй. Тут жа працуе лепшы ў горадзе цір, дзе можна патрэніравацца ў электронным сектары і пастраляць з пнеўматычнай зброі.

На старшай ступені арганізавана профільнае навучанне. Мы рэалізуем два напрамкі: фізіка-матэматычны і філалагічны, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца руская і англійская або нямецкая мовы.

З самага адкрыцця ўстановы прыярытэт аддаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Толькі на любові да сваёй сям’і, гімназіі, свайго раёна, горада, сваёй краіны можна выхаваць сапраўднага патрыёта. У нас створана дзейсная музейная прастора. З 2014 года ва ўстанове працуе музей “Гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў” — лепшы па напаўняльнасці і змесце ў горадзе, а таксама музей “Пра подзвіг вялікі і вечны”. Экспазіцыя апошняга музея ўключае элементы ваеннага абмундзіравання і экіпіроўкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узоры зброі і снарадаў, салдацкі палявы кацялок, ордэны і ўзнагароды, перададзеныя школе ў дар ветэранамі Фрунзенскага раёна. Большая частка экспанатаў была сабрана вучнямі школы — членамі атрада “Пошук”. На стэндах — інфармацыя аб асноўных этапах і пераломных момантах вайны. Асноўная ўвага ўдзелена падзеям і баявым дзеянням на беларускай зямлі. Аднак самы галоўны аб’ект цікавасці ў музеі — макет танка Т-34 узору 1940 года, створаны “Студыяй 25”. Старэйшыя вучні право­дзяць даследчую работу і перамагаюць на ўсемагчымых даследчых конкурсах. Пачынаючы з 1 класа мы арганізоўваем музейныя ўрокі. Іх праводзяць як супрацоўнікі музея, так і класныя кіраўнікі, юныя экскурсаводы на рускай, беларускай, англійскай і нават нямецкай мове. 

У школе маладых

— Марыя Фёдараўна, калі да вас прыхо­дзяць маладыя спецыялісты, як вы ацэньваеце іх метадычныя здольнасці і веды па прадмеце?

— Кожны год да нас у гімназію прыходзяць маладыя спецыялісты. Гэта дасведчаныя педагогі з неабходным багажом ведаў. Яны поўныя энергіі і энтузіязму. Аднак для таго каб быць настаўнікам, гэтага недастаткова. Каб быць настаўнікам — трэба вучыцца. І на гэтым шляху пачынаючы педагог адчувае цяжкасці з прычыны адсутнасці вопыту. Менавіта ў гэты момант вельмі важна, каб побач апынуліся тыя, хто дапаможа, падкажа і падтрымае. Калі пакінуць маладога настаўніка сам-насам з першымі цяжкасцямі, у яго могуць з’явіцца сумненні ва ўласнай прафесійнай і асобаснай дасведчанасці. Для таго каб такіх праблем не ўзнікала, у нас у гімназіі арганізавана работа па суправаджэнні маладога спецыяліста, пачынаючы ад вучэбных заняткаў і заканчваючы пазаўрочнай дзейнасцю. Гэта школа маладога настаўніка, а таксама настаўніцтва вопытных педагогаў, якія дапамага­юць пераадолець псіхалагічныя цяжкасці, вырашыць арганізацыйныя пытанні, што ўзнікаюць у маладога спецыяліста. Лічу, усё гэта дапаможа пачынаючаму педагогу пераадолець гэты самы цяжкі этап у прафесіі, не расчараваўшыся ў ёй.

Сёлета наш калектыў папоўніўся настаўніцай біялогіі Дзіянай Халяўкінай, настаўніцай англійскай мовы Алінай Пінчук, педагогам сацыяльным Ула­дзіславай Хмарай. Гэта мэтанакіраваная, творчая, энергічная моладзь, за якой цягнуцца дзеці. Нам пашчасціла з такімі педагогамі. Мы вельмі задаволены іх падрыхтоўкай.

— Вы ўжо шмат гадоў у педагогіцы. Як змяніліся вучні ў параўнанні з тымі дзецьмі, якія былі 20—30 гадоў назад? Чаго сёння хочуць ад гімназіі дзеці і чаго гімназія хоча ад іх?

— Вядома, час не стаіць на месцы. Тыя, хто вучыўся 20 гадоў назад, адрозніваюцца ад сучасных дзяцей. У сённяшніх навучэнцаў значна больш магчымасцей атрымліваць інфармацыю. Яны больш мабільныя і больш вольныя. Але ёсць тое, што не мяняецца з часам, — гэта імкненне атрымаць прэстыжную прафесію, быць паспяховым у жыцці і запатрабаваным грамадствам. Так, сённяшні час — гэта час інавацыйных тэхналогій. Але ніякія тэхналогіі не заменяць цяпла душы, якое з’яўляецца ў працэсе ўзаемара­зумення. Як і 20—30 гадоў назад, сучасныя дзеці маюць патрэбу ў чалавечым цяпле, любові і разуменні. А мы, педагогі, у сваю чаргу хочам наву­чыць іх ду­маць, аналіза­ваць, пры­маць рашэнні і несці за гэтыя рашэнні адказнасць. Вось тут і раскрываецца майстэрства педагога, уменне валодаць арсеналам псіхолага-педагагічных сродкаў, пры якім адукацыйны пра­цэс стане эфектыўным.

Бліскучыя веды прадэманстравалі навучэнцы гімназіі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Так, па рускай мове і літаратуры Юлія Арлоўская заваявала дыплом І ступені, Ксенія Грыб — дыплом ІІ ступені (настаўніца Наталля Лапцева), Соф’я Корчанка — дыплом ІІІ ступені (настаўніца Марына Дашкевіч). Дыпломамі па беларускай мове і літаратуры адзначана Ганна Прамушка (настаўніца Жанна Ждановіч), па хіміі — Аляксандр Крыштаповіч (настаўніца Валянціна Раманава), па фізіцы — Данііл Сыцько (настаўніца Наталля Аўсяновіч), па фізічнай культуры і здароўі — Яраслаў Пахабаў (настаўнік Максім Нелюб). Такога поспеху гімназія яшчэ не ведала!

— Наколькі змест школьнай адукацыі адпавядае сучаснасці?

— Адукацыя ніколі не знаходзіцца ў адрыве ад жыцця грамадства. З развіццём грамадства трансфармуецца, развіваецца і мяняецца адукацыя. Напрыклад, стварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу Effor.by — яркі прыклад, дзе дзеці ма­юць магчы­масць самастойна выву­чыць прапушчаны матэ­рыял.

— Марыя Фёдараўна, на ваш погляд, што дапаможа ўмацаваць сувязь пакаленняў? У Год гістарычнай памяці якія праекты плануе­це рэалізаваць?

— Лічу, што залогам захавання сувязі пакаленняў з’яўляецца моцная сям’я, дзе закладваюцца ўсе тыя сувязі і традыцыі, што выхоўваюць асобу, якая ўсведамляе сваю прыналеж­насць да этнасу і дзяржавы. Год гістарычнай памяці пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа.

Ва ўроках мінулага закладзены дабрабыт будучыні. Для нас гістарычная памяць пачынаецца з успамінаў дзядулі, які вярнуўся з вайны, і родных, якія перажылі акупацыю. Аб гістарычнай памяці як найважнейшым кампаненце патрыятычнага выхавання будуць весціся дыялогі на даследчых канферэнцыях, дыялогавых пляцоўках і ўроках мужнасці. Гераічным по­дзвігам продкаў навучэнцы прысвецяць даследчыя праекты. Напрыклад, пачалася работа над праектам “Стварэнне мабільнай інтэр­актыўнай музейнай экспазіцыі на аснове модульных сістэм на матэрыяле аб былым нацысцкім лагеры для савецкіх ваеннапалонных “Шталаг-352”.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.