Ва ўстойлівую будучыню — разам

Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці прайшоў у Мінску 24 студзеня. У ім прынялі ўдзел больш за 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, парламента, навукі і адукацыі, бізнесу, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў і іншыя зацікаўленыя. Вельмі важны ўдзел у форуме рэгіянальных груп па дасягненні МУР.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты. Спецыяльна да нас на форум з Нью-Ёрка прыляцела памочнік Генеральнага сакратара ААН дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па Еўропе і краінах СНД Мір’яна Сполярыч Эгер. Яе візіт у Беларусь стаў першым краінавым візітам на гэтай пасадзе.

Форум прайшоў пад дэвізам “Ва ўстойлівую будучыню — разам!”. Мерапрыемства прызвана прааналізаваць работу ў сферы дасягнення МУР, праведзеную ў краіне пасля прыняцця Парадку дня — 2030, разгледзець бягучую сітуацыю ў галіне ўстойлівага развіцця, намеціць стратэгічныя, інстытуцыянальныя і практычныя арыенціры далейшай дзейнасці на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву.

У Беларусі ідзе работа па імплементацыі паказчыкаў МУР у Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2030 года, рэспубліканскія, галіновыя, рэгіянальныя праграмы рознага ўзроўню. Ключавым напрамкам далейшай работы па нацыяналізацыі Мэт павінна стаць іх імплементацыя ў Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Над гэтым дакументам праведзена ўжо вялікая работа, і праект яго канцэпцыі стаў адной з тэм для абмеркавання на форуме.

На форуме быў прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Панэльныя дыскусіі прайшлі па некалькіх тэматычных напрамках: устойлівы эканамічны рост як умова забеспячэння высокага ўзроўню жыцця беларускага народа; гарантаванне экалагічнай бяспекі, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў; паляпшэнне якасці жыцця праз здароўе, запатрабаваную адукацыю, дастойную работу; сістэма маніторынгу і ацэнкі імплементацыі Мэт устойлівага развіцця.

У час форуму прэзентавана Нацыянальная платформа па прадстаўленні справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця як асноўны інструмент для маніторынгу і распаўсюджвання даных аб індыкатарах Мэт. Упершыню для маніторынгу дасягнення МУР плануецца выкарыстоўваць касмічныя тэхналогіі.

На форуме адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця — будучыня планеты ў нашых руках!”. Гэта актыўныя маладзёжныя лідары, дзейнасць якіх будзе садзейнічаць рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ў галіне МУР. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 200 студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, узнагароджаны пераможцы конкурсу “Супергероі для супермэт”, накіраванага на павышэнне дасведчанасці моладзі аб Мэтах устойлівага развіцця і ўключэнне маладых людзей у работу па іх папулярызацыі. На конкурс было пададзена больш за 500 работ — ілюстраваных гісторый па тэматыцы МУР. У іх маладыя людзі прадставілі сваіх супергерояў.