Вачамі дзіцяці

- 12:00Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

70 гадоў мінула з той пары, як закончылася Вялікая Айчынная вайна. 70 гадоў жыве і працуе чалавек, якога яна пазбавіла зроку, магчымасці бачыць сонца, дрэвы, якія цвітуць, твары родных і любімых. О, вайна! Што ты зрабіла?!

Святочна прыбрана зала ясляў-сада — сярэдняй школы аграгарадка Луцкаўляны Гродзенскага раёна, прыціхлі навучэнцы і педагогі. Усе чакаюць сустрэчы з вядомым дзіцячым пісьменнікам, аўтарам 18 кніг Віктарам Сямёнавічам Кудлачовым. Стоячы, апладысментамі сустракаюць яны яго, чалавека мужнага лёсу, дзяцінства якога абпалена вайной. Разам з ім на сустрэчу прыехала жонка, таксама пісьменніца, Ірына Фамянкова.
…Быў майскі дзень 1945 года. Хлопчыкі гулялі на вуліцы, не разумеючы, што ў любы момант можа здарыцца бяда, бо фрыцы, адступаючы, пакінулі шмат мін. І бяда здарылася: прагучаў магутны выбух. “Мама, я памёр?” — “Не, сынок, ты жывы”. — “Чаму ж я нічога не бачу?” Так назаўсёды страціў зрок 9-гадовы хлопчык з вёскі з прыгожай назвай Сласцёны, што на Магілёўшчыне. Сонца патухла назаўжды, але не забрала вайна ў дзіцяці жадання жыць і змагацца за жыццё. Хлопчык навучыўся шанаваць кожны мірны дзень. Ён працягнуў вучобу ў Гродне ў школе для сляпых дзяцей і якія слаба бачаць, закончыў музычна-педагагічнае вучылішча, а потым каля паўстагоддзя вучыў музыцы дзяцей у школе-інтэрнаце, якую скончыў сам.
Віктар Сямёнавіч дабіўся ў жыцці шмат чаго: ён бацька, дзядуля, вядомы ў Беларусі (і не толькі!) паэт, прыняты ў Саюз пісьменнікаў у 1991 годзе, яго імя нададзена бібліятэцы каледжа, дзе ён некалі вучыўся. Першы тыраж кнігі “Вайна вачамі дзяцей” выйшла да 60-годдзя Вялікай Перамогі (зараз кніга перавыдадзена).
…А потым Віктар Сямёнавіч і нашы навучэнцы чыталі вершы. Паэт-педагог пажадаў дзецям ніколі не ведаць вайны, заўсёды захоўваць памяць пра загінуўшых і паважаць тых сведак ліхалецця, хто жыве побач. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы. Пад акампанемент паэта праспявалі разам “Кацюшу”. “Дзякуй вам, Віктар Сямёнавіч і Ірына Васільеўна, — сказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лілія Раманаўна Салей, — што вучыце нас пераадольваць цяжкасці, спачуваць тым, хто трапіў у бяду, шчыра радавацца жыццю, ненавідзець вайну, любіць і захоўваць нашу мілую сэрцу Беларусь”.

Алена КОЗЫРАВА,
кіраўнік школьнага музея “Памяць”.