Вачыма нязгубленага пакалення

- 14:48Навука і інавацыі
pakalenne

Заключны этап Рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская літаратура”, “Руская літаратура” прайшоў на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі. Пераможцаў гэтых спаборніцтваў урачыста ўганаравалі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яны атрымалі дыпломы, сертыфікаты ўдзельнікаў і каштоўныя падарункі ад спонсараў.

pakalenne1Рэспубліканская інтэрнэт-алімпіяда сёлета праводзілася ўжо трэці раз і стала інтэграванай, аб’яднаўшы рускую і беларускую літаратуру (першая прайшла ў 2016 годзе па гісторыі, другая — летась па інфарматыцы). Папулярнасць спаборніцтваў год ад году расце: калі ў першых дзвюх прынялі ўдзел каля 4 тысяч навучэнцаў, то ў літаратуразнаўчай інтэрнэт-алімпіядзе паспаборнічалі больш за 3,2 тысячы чалавек.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі розных рэгіёнаў краіны. Вочны этап спаборніцтваў складаўся з двух тураў. Першы тур прадугледжваў прэзентацыю (абарону) удзельнікамі творчых праектаў, для якіх ім было прапанавана пэўнае праблемнае поле. У межах яго яны самастойна вызначалі тэму і тып праекта, планавалі сваю работу (вызначалі крыніцы інфармацыі, спосабы яе збору, аналізу, прадстаўлення вынікаў). У другім туры навучэнцам неабходна было выканаць тэставыя заданні.

Як адзначыла журы інтэрнэт-алімпіяды, ім было няпроста выбраць пераможцаў. Паміж удзельнікамі, якія атрымалі дыпломы, разыходжанне паміж баламі было нязначным. Вучні вельмі добра падрыхтаваліся. Яны паспяхова справіліся з тэставымі заданнямі. Прадстаўленыя праекты былі цікавымі, незвычайнымі, глыбокімі. Тэмы былі выбраны актуальныя, надзённыя, практыка-значныя (прысвячаліся Году малой радзімы, землякам-пісьменнікам і інш.). Ідэі, што прадставілі ўдзельнікі ў сваіх праектах, заслугоўваюць не толькі ўвагі, але і працягу ўвасаблення. Прычым навучэнцы не толькі ствараюць праекты, але і шчодра дзеляцца сваімі напрацоўкамі. Некаторыя з іх ёсць у інтэрнэце, гэта тое, чым сапраўды можна скарыстацца. Вусныя выступленні ўдзельнікаў вызначаліся яркасцю, эмацыянальнасцю, правільнасцю, лагічнасцю, было прыемна назіраць, з якой лёгкасцю навучэнцы трымаліся перад незнаёмай аўдыторыяй, нішто не змагло выбіць іх з каляіны.

Адзінаццацікласніца гімназіі № 5 Гродна Дзіяна Семянчук прадставіла электронны сцэнарый паэтычных чытанняў на тэму лірыкі кахання. “Курс рускай літаратуры ХХ стагоддзя прадстаўлены імёнамі выдатных паэтаў: С.Ясенін, А.Блок, Г.Ахматава, С.Вазнясенскі і інш. Асаблівае месца ў творчасці кожнага з іх займае тэма кахання. У кожнага паэта каханне сваё: у Пушкіна — радаснае і светлае, у Блока — таямнічае і незямное, у Лермантава — дакараючае і сумнае. Мэта работы — паказаць мнагаграннасць выяўлення тэмы кахання ў паэзіі розных стагоддзяў”, — адзначыла дзяўчына.

У сцэнарыі па спасылках можна перайсці да тэкставых матэрыялаў, якія змяшчаюць гісторыю стварэння таго ці іншага верша, яго тэкст і кароткую біяграфічную даведку. Падабраны відэафайлы і музычнае суправаджэнне да кожнага твора. Падчас распрацоўкі праекта і сам аўтар даведаўся шмат новага і цікавага. Так, аказваецца, тэкст верша “С любимыми не расставайтесь” быў напісаны ў 1932 годзе, яго першапачатковая назва — “Вагон”. Гісторыя стварэння гэтага твора была захавана ў запісках жонкі паэта Аляксандра Качаткова.

Чым з’яўляецца кніга для маладога пакалення? Ці захавалася яе значнасць у сучасным грамадстве? На гэтыя пытанні ў сваім даследаванні на тэму “Моладзь і кніга. Грані ўзаемаадносін” у форме электроннага часопіса “Літаратурны веснік” паспрабавала адказаць навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 1 Гарадка Віцебскай вобласці Настасся Гамзюк. Дзяўчына правяла апытанні равеснікаў, пазнаёмілася з аўтарытэтнымі людзьмі і іх меркаваннямі па акрэсленай тэме — са старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамарай Красновай-Гусачэнка, з маладым аўтарам Ірынай Радзіхоўскай. У сваім даследаванні дзяўчына даказала, што маладое пакаленне не згублена, адносіны моладзі і кнігі моцныя і перспектыўныя.

Творчы праект “Літаратура пра Гродзеншчыну і для Гродзеншчыны “Літаратурная вясна” прадставіла навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 7 Гродна Марыя Кузьміна. Разам з аднакласнікамі Марыя распрацавала рэсурс, на першай старонцы якога наведвальнікам прапаноўваецца акунуцца ў жыццё Гродна: здзейсніць віртуальную экскурсію па вуліцах горада. Для шырокага кола чытачоў прапаноўваюцца наступныя рубрыкі: “Дзецям” (прадстаўлены кнігі для дзяцей, знойдзеныя ў кнігарнях Гродна, экспертамі якіх сталі навучэнцы школы), “Хроніка” (размешчаны літаратурныя творы ў жанры дакументалістыкі), “Персона” (прадугледжвае сустрэчы і знаёмства з гродзенскімі пісьменнікамі, госць гэтага нумара — Людміла Шаўчэнка), “Гродну прысвячаецца” — прадстаўляюцца творы гродзенскіх паэтаў, прысвечаныя гораду. У рубрыцы “Літаратурныя даты” можна пазнаёміцца з пісьменнікамі-юбілярамі (у прыватнасці з жыццём і творчацю В.Быкава). Па спасылцы можна паглядзець аповесць “Альпійская балада” і праслухаць аўдыяфайл.

— Электронны часопіс адкрывае магчымасці, якія звычайны папяровы часопіс даць не можа, — падкрэсліла дзяўчына. — Пад рубрыкай “Інтэрактыў” карыстальнікі могуць папрактыкавацца ў збіранні літаратурных пазлаў. Аўтары-распрацоўшчыкі стварылі свой літаратурны блог “Аб літаратурным жыцці Гродна”, дзе наведвальнікі могуць падзяліцца сваімі ўражаннямі і пакінуць каментарыі.

Праект школьнага электроннага часопіса “Літаратурны веснік: ад вытокаў да сучаснасці” прадставіла дзевяцікласніца гімназіі № 1 Жлобіна Васіліна Барэка. Мэтай праекта стала папулярызацыя чытання як спосабу развіцця асобы навучэнцаў сярэдняй школы праз прымяненне сучасных тэхналогій і актуальны падбор матэрыялу. Праект накіраваны на самую дапытлівую аўдыторыю — навучэнцаў сярэдняй школы. Даследчы характар работы дазволіў спалучыць у праекце сучасны фармат (і інтэрнэт-апытанні, і створаныя аўтарскія анлайн-тэсты, і літаратурны чэлендж), а таксама адкрыў магчымасць акунуцца ў свет класікі і датыкнуцца да прызнаных ва ўсім свеце шэдэўраў не толькі літаратуры, але і іншых відаў мастацтва. Сярод рубрык часопіса — “Хата-чытальня”, дзе, згодна з праграмай па літаратуры, прадстаўлены спіс твораў для прачытання ў пэўным класе, “Літаратурная чэлендж-гульня”, сутнасць якой у праходжанні спецыяльна падабраных заданняў, складзеных аўтарамі, “Проба пяра”, дзе друкуюцца вершы, напісаныя навучэнцамі і інш. Чытачам часопіса прапаноўваецца прайсці тэставыя анлайн-заданні. Напрыклад, адзін з тэстаў дапаможа даведацца аб прыкладным аб’ёме актыўнага слоўнікавага складу навучэнцаў. У наступным навучальным годзе дзяўчына плануе запусціць гэты праект як штомесячны літаратурны часопіс.

Па выніках інтэрнэт-алімпіяды навучэнцы заваявалі 6 дыпломаў. Дыпломам І ступені адзначана навучэнка 11 класа гімназіі № 8 Віцебска Ксенія Мардвінава (кіраўнік Алена Міхайлаўна Карасевіч). Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні Марта Адахоўская (кіраўнік Наталля Альбертаўна Александровіч) і навучэнка сярэдняй школы № 33 Магілёва Хрысціна Кузьмянкова (кіраўнік Наталля Мікалаеўна Храбрая). Уладальнікамі дыпломаў ІІІ ступені сталі навучэнка 9 класа гімназіі № 1 Жлобіна Васіліна Барэка (кіраўнік Алена Аляксандраўна Жураўлёва), дзевяцікласніца гімназіі № 1 Барысава Вераніка Бярозка (кіраўнік Таісія Іванаўна Байкова), навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 2 імя Н.П.Масонава Свіслачы Юлія Салдаценкава (кіраўнік Святлана Мікалаеўна Калач).

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.