Вада без ільду таксама небяспека

Беларускія вадаёмы сёлета так і не пакрыліся лёдам, так што ў зводках надзвычайных здарэнняў мы, на шчасце, не бачым паведамленняў пра тое, што рыбакі праваліліся пад лёд або тое ж здарылася з дзецьмі, якія выйшлі пакатацца на замёрзлае возера. Але без здарэнняў на вадзе ўсё ж не абыходзіцца. Так, на возеры Асвейскім у Верхнядзвінскім раёне два рыбакі патанулі, аднаго мужчыну выратавалі.

Ну што тут скажаш: вада — гэта заўсёды небяспека, асабліва вада халодная, а зімой яе тэмпература складае 1,5—2 градусы. І нават калі чалавек акунаецца ў такую ваду з самым здаровым намерам — дзеля загартоўвання або на Вадохрышча, ён павінен захоўваць усе правілы бяспекі, бо такое акунанне — вялікі стрэс для арганізма, знахо­дзіцца ў халоднай вадзе можна літаральна секунды, трэба адразу выцірацца і апранаць цёплае адзенне.Таму ні людзям з цяжкімі хранічнымі хваробамі, ні дзецям, ні старым падобныя эксперыменты не рэкамендуюцца. У сваю чаргу ратавальнікі Асвода арганізавалі на Вадохрышча дзяжурствы на вылучаных для акунанняў месцах, там жа прысутнічалі медыкі і міліцыя, а ў Мінску, напрыклад, ля месцаў акунання можна было набыць гарачыя напіткі і бутэрброды.

Варта адзначыць, што пастаянная прафілактычная і ратавальная работа таварыства ратавання на водах і дзейнасць іншых зацікаўленых прыносіць плён. Самае галоўнае — знізілася гібель дзяцей ад патапленняў, у 2019 годзе загінулі 24 непаўналетнія (у 2018 — 30 чалавек). Штогод ратавальнікі не даюць загінуць прыкладна паўтысячы чалавек, з якіх чвэрць — непаўналетнія, у мінулым годзе іх было 116. Звяртаюся да рыбакоў: не шкадуйце грошай на ратавальныя камізэлькі — практыка паказвае, што, дзякуючы ім, людзі не ідуць пад ваду, могуць дачакацца ратавальнікаў. Рыбакі ж у Верхнядзвінскім  раёне, думаю, камізэлек не мелі. Варта мець і свісткі, каб паклікаць на дапамогу. А яшчэ, бывае, браканье­ры заблытваюцца ва ўласных сетках, таму трэба памятаць і пра такую небяспеку, — заўважыў старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Анвар Адылжанавіч Ігамбердзіеў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь. — Мы працягнем работу і па забароне выхаду на лёд, бо папярэднія прагнозы сіноптыкаў гавораць пра тое, што маразы ў лютым усё ж будуць. Рашэнні такія ёсць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Нагадаем таксама, што ратавальнікам (звычайна падчас зімовых канікул) дапамагаюць валанцёры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Сумесная традыцыйная акцыя называецца “Зімовы патруль”. Яны патрулююць вадасховішчы, нагадваюць людзям аб небяспецы тонкага лёду і г.д.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.