Вадзім БОГУШ: “Невырашальных задач не бывае”

Праект “Мая школа” традыцыйна прадстаўляе вядомых людзей нашай краіны, расказваючы пра невядомыя і незвычайныя старонкі біяграфіі герояў з розных сфер грамадскага жыцця Беларусі. Сёння пра сваё дзяцінства і школьныя гады, пра станаўленне як вучонага і жыццёвыя прыярытэты расказвае рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Вадзім Анатольевіч Богуш.

— Часта бывае так, што ў біяграфіях дастаткова вядомых людзей нашай краіны пазначана, дзе чалавек нарадзіўся, а потым адразу — якую вышэйшую навучальную ўстанову скончыў. Што ў вас адбывалася ў гэтым прамежку часу?

— Нарадзіўся я ў Бабруйску — гэта вядомы факт, і многія журналісты спрабавалі мяне адшукаць сярод выпускнікоў школ Магілёўскай вобласці, але яшчэ нікому гэта не ўдавалася. Мой бацька адслужыў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі ў Бабруйску (а я нарадзіўся менавіта ў гэты час), і наша сям’я пераехала ў Мазыр, дзе я і вырас. Там я вучыўся, з залатым медалём скончыў сярэднюю школу № 11. Пасля гэтага ў 1992 годзе паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут на спецыяльнасць “Радыётэхнічныя сістэмы”. А далей пра мяне ўжо ўсё вядома (усміхаецца): пасля паступлення ў РТІ ўсе вехі маёй працоўнай кар’еры прасочваюцца.

Наўрад ці я змагу расказаць нешта такое, што будзе адрозніваць мяне ад любога іншага школьніка таго часу. Добра памятаю сваю першую настаўніцу, і яна часта праз бацькоў, якія жывуць у Мазыры, перадае мне прывітанні. Памяць так уладкавана, што з-за вялікай колькасці інфармацыі ўспаміны сціраюцца, таму з часоў пачатковай школы я памятаю вельмі мала.

Я вучыўся якраз у час першай трансфармацыі школьнай адукацыі, калі пераходзілі на 11-гадовы тэрмін навучання. Мне вельмі пашанцавала з настаўніцай матэматыкі. Людміла Мікалаеўна ўмела пабудаваць урок такім чынам, што некалькі груп вучняў з розным узроўнем ведаў адначасова працавалі кожная са сваім заданнем, а ўнутры груп ладзіліся спаборніцтвы — мы на хуткасць рашалі задачы.

Рэктар БДУІР В.А.Богуш праводзіць экскурсію для міністра адукацыі І.В.Карпенкі падчас XIX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

— Ці былі такія вучэбныя прадметы, што “не ішлі”?

— Такога, уласна кажучы, і не было. Я лічу, што невырашальных задач не бывае — і гэта тычыцца не толькі пэўных распрацовак і навуковых вынікаў, але і жыццёвых задач у тым ліку. Зразумела, што пачыналася ўсё з матэматычных і фізічных задач. Поспех залежыць ад таго, колькі часу і намаганняў ты гатовы выдаткаваць на атрыманне выніку. Немалаважна і тое, у якім калектыве і з якімі людзьмі ты вырашаеш задачу. І калі гэтыя складнікі ёсць, нават самыя складаныя задачы выконваюцца. Не заўсёды атрымліваецца так, як ты плануеш. Часам вынікі могуць быць нечакана выдатнымі, а часам ты выдаткоўваеш шмат часу на, здавалася б, нескладаны крок, бо аказваецца, што ён не такі просты, як ты ацаніў яго напачатку. А бывае, што трэба вярнуцца і пачаць нанова, спрабуючы іншы шлях вырашэння задачы. Гэтыя элементы з’яўляюцца абавязковымі ў навуцы — без іх ніколі не будзеш паспяховым вучоным, які прывычны да таго, што, прыкладаючы пэўныя намаганні, неабходна пераадольваць цяжкасці, якія час ад часу ўзнікаюць. 

Менавіта так я ставіўся да ўсяго яшчэ са школьных гадоў, таму казаць, што нешта мне не давалася, наўрад ці варта. Тое, над чым я працаваў, у мяне атрымлівалася.

Я скончыў музычную школу па класе баяна, быў удзельнікам аркестра народных інструментаў у дзіцячай музычнай школе № 2 Мазыра. Мы шмат выступалі і нават займалі дастаткова высокія месцы ў рэспубліканскіх творчых конкурсах. Я сябраваў са спортам, маю юнацкі разрад па футболе.

Максімальную эфектыўнасць атрымаць ад чалавека можна тады, калі яго жаданні і тая праца, якую ён выконвае, супадаюць.

Давялося заспець часы вучэбна-вытворчых камбінатаў, дзе пашчасціла атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Але спатрэбіўся гэты навык толькі пасля заканчэння ўніверсітэта, бо вадзіць не было чаго, а зарабіць на хоць які-небудзь транспартны сродак было нерэальна.

Я ўвогуле часта ўспамінаю 90-я, якія супалі з гадамі майго студэнцтва. Было вельмі складана. Прыходзілася не толькі вучыцца, але і падпрацоўваць, каб можна было сабе нешта дазволіць. Працаваў у інстытуце, але, безумоўна, пагаджаўся і на “стандартныя” работы па-за межамі інстытута, якія маглі выконваць студэнты: дробная будоўля і падобнае. Вагоны не разгружалі, але, дзякуючы студэнцкаму самакіраванню і сарафаннаму радыё, заўсёды была магчымасць недзе зарабіць капейку. Напрыклад, мы манціравалі першыя камп’ютарныя сеткі ў шэрагу арганізацый (тады нават вітай пары яшчэ не было, і мы будавалі кааксіяльныя сеткі), а потым выкарыстоўвалі гэты вопыт і ва ўніверсітэце. Больш-менш стабільная праца пачалася ў лабараторыі БДУІР.

— Ці атрымліваецца зараз сустракацца з аднакласнікамі?

— Гэта адбываецца надзвычай рэдка — папросту не хапае часу. У мяне не атрымалася асабіста трапіць на юбілей нашага выпуску — у той час працаваў на пасадзе першага намесніка міністра адукацыі, але ўдзел ва ўрачыстасцях я прыняў: запісаў віншавальны відэазварот, што для школы было вельмі значным падарункам. Потым дабавілася неспрыяльная эпідэмічная сітуацыя, але, спадзяюся, хутка ўсё стабілізуецца, і тады сваю школу я абавязкова наведаю.

— Можна сказаць, што ваша прафесійная кар’ера цалкам звязана з выкладаннем і навукай…

— Хутчэй менавіта з навукай. З трэцяга курса ў мяне з’явіліся першыя навуковыя публікацыі, выступленні на канферэнцыях, невялікі дадатковы заробак да стыпендыі. Ды і вучыўся я добра, атрымліваў павышаную стыпендыю і ўніверсітэт скончыў з адзнакай.

— Залаты медаль у школе, чырвоны дыплом ва ўніверсітэце…

— Усё, што магло быць з адзнакай, было з адзнакай. Дарэчы, я быў не адзіным залатым медалістам у нашым выпуску. У нашай паралелі было вельмі моцнае саперніцтва, і мае аднакласнікі таксама паступілі ў сталічныя ВНУ і потым мелі поспех у жыцці.

— Адказнае стаўленне да вучобы, дамашнія заданні, відаць, адбіралі шмат часу. Ці заставаўся час на звычайныя хлапечыя забавы: з сябрамі пагуляць ці паганяць у футбол?

— Футбол быў на трэніроўках. Ды і загружаны я быў вельмі шчыльна.

А што датычыцца дамашніх заданняў, то, напрыклад, па матэматыцы я паспяваў выканаць заданне яшчэ на ўроку — штатнае дамашняе заданне для мяне было вельмі простым, а вось на больш складаныя задачкі часу патрабавалася больш. 

У школьныя гады выбудоўванне распарадку дня было няпростай задачай, бо трэба было выканаць дамашняе заданне і пазаймацца. Вучоба ці асваенне музычнага інструмента патрабуе часу, які ты праводзіш з гэтым інструментам. Каб дасягнуць добрага выніку, неабходна пэўны час прасядзець у абдымку з інструментам, і не проста прасядзець, а ўпарта пазаймацца. Маторныя навыкі і пачуццё інструмента нават у геніяльных выканаўцаў фарміруюцца працяглы час і патрабуюць упартасці: спачатку фарміруюцца тэхнічныя навыкі, і толькі пасля пачынаеш укладваць у музычны твор пачуцці і душу. 

Было складана, і ў мяне, як у многіх падлеткаў, нават былі перыяды, калі я кідаў музычную школу. Мне запомніліся і палюбіліся два педагогі: Ніна Аляксандраўна Сарокіна, якая вяла ў мяне спецыяльнасць, і Ганна Мікалаеўна Маскаленка, якая была мастацкім кіраўніком нашага аркестра, а потым — дырэктарам музычнай школы. Гэтыя людзі зрабілі ўклад не толькі ў станаўленне мяне як музыканта, але і шмат у чым былі настаўнікамі жыцця. Выпуск нашай музычнай школы быў вельмі моцны: з майго выпуску некалькі чалавек пасля музычнай школы паступілі ў музычнае вучылішча, а потым і ў кансерваторыю ў Мінску.

Дык вось, мы стараліся справіцца з графікам, каб усюды паспяваць, да таго ж хатнія справы таксама ніхто не адмяняў. Я быў старэйшым дзіцем у сям’і (у мяне ёсць яшчэ два браты, малодшыя за мяне на 5 і 7 гадоў), і трэба было “закрываць” шэраг хатніх спраў. 

— Відаць, і братам даводзілася дапамагаць?..

— Гэты працэс праходзіў не без эксцэсаў. І нянькай даводзілася быць — але не заўсёды добрай. (Смяецца.)

— Калі вам зараз даць у рукі баян…

— Адразу не! Магчыма, я нешта сыграю, але інструмент трэба браць у рукі, разумеючы, што ты ад гэтага нечага хочаш, а я ўжо ад баяна нічога не хачу. Я вельмі добра разумею, што, каб узяць у рукі баян, трэба займацца і аднаўляць выканальніцкую форму. Да таго ж зусім не разумею, навошта гэта зараз патрэбна. А вось на гітары я магу пайграць.

— Гітару асвойвалі самастойна?

— Традыцыйна ў музычнай школе другім інструментам ідзе фартэпіяна, але на апошнім годзе навучання ў якасці другога інструмента я выбраў гітару. Гітарныя азы я асвоіў пад кіраўніцтвам педагога, а вось у студэнцкія гады, калі ў маладзёжным асяроддзі была папулярнай бардаўская песня, спрацаваў прынцып “роўны навучае роўнага”.

Паступіўшы ва ўніверсітэт, я, зразумела, трапіў у інтэрнат (не думаю, што буду арыгінальны, але інтэрнацкае жыццё — гэта цудоўная школа жыцця). І менавіта ў інтэрнаце, калі фарміраваліся кампаніі, ладзіліся творчыя мерапрыемствы ці проста пасядзелкі за вячэрай, кожны паказваў адзін аднаму тое, што ведаў. Так мы вучыліся і назапашвалі выканальніцкі вопыт.

В.А.Богуш з лепшымі выпускнікамі БДУІР, 2021 год.

— Ваша дачка таксама скончыла музычную школу па класе гітары. Чыя гэта была ідэя?

— Да гэтага яна прыйшла сама. Я разумеў, што музычная адукацыя вельмі важная ў развіцці дзіцяці, і не чыніў ніякіх перашкод для гэтага.

— Ваша сённяшняя работа дастаткова публічная. Ці дапамагаюць навыкі, выпрацаваныя ў школе? 

— Трэба аддаць даніну павагі маім педагогам, якія, бачачы, што складаную праграму асвойваць мне было цяжка, каб назусім не страціць мяне ў музыцы, падбіралі аблегчаную праграму і дапаўнялі яе калектыўнай работай у аркестры. У аркестры я граў першую і другую прыму і, вядома, сядзеў у першым радзе. Але ў прынцыпе аркестр даваў мне магчымасць прасцей перажываць сцэнічную публічнасць.

Дачка часта пытаецца, як я зараз спраўляюся са сцэнічнай публічнасцю. Усё набыта цярпеннем і працай над сабой. І гаварыць, што я зараз не хвалююся, выходзячы на сцэну (па рабоце мне часта даводзіцца выходзіць на сцэну, весці мерапрыемствы, выступаць перад студэнтамі і калегамі), было б няпраўдай. Усё гэта вырашаецца двума момантамі: прафесійнымі адносінамі да сваёй справы (ты павінен быць падрыхтаваны да выхаду на сцэну) і ўнутраным настроем на гэтыя выступленні.

— Ад якіх якасцей вы б хацелі пазбавіцца?

— Я бываю залішне эмацыянальным, а як кіраўнік высокага ўзроўню, я павінен эмоцыі трымаць у сабе. Бываю занадта гарачы (смяецца), і за сваю гарачнасць часам прыходзіцца прасіць прабачэння. 

У мяне ёсць адна асаблівасць: вельмі дрэнная памяць на імёны і прозвішчы — мне трэба сустрэцца з чалавекам некалькі разоў, пакуль у памяці адкладзецца яго імя. Але пры гэтым я дастаткова добра запамінаю твары людзей: магу звярнуць увагу на чалавека ў натоўпе і потым буду памятаць, што я яго ўжо некалі бачыў. 

— Вадзім Анатольевіч, вы доўгі час працуеце на кіраўнічых пасадах. Якія кіраўніцкія функцыі вам не падабаецца выконваць?

— У любога кіраўніка ёсць шэраг базавых функцый, сярод якіх — функцыя кантролю. Яе прыходзіцца заўсёды выконваць, але хацелася б, канечне, каб гэты кампанент маёй дзейнасці быў мінімальным. Я не люблю падганяць людзей, указваць на тое, што яны выканалі нешта несвоечасова і не вельмі якасна.

Максімальную эфектыўнасць атрымаць ад чалавека можна тады, калі яго жаданні і тая праца, якую ён выконвае, супадаюць. І, магчыма, для кіраўніка найбольшая складанасць — стварыць для чалавека ўмовы, у якіх твой падначалены можа раскрыцца напоўніцу.

— Што для вас навука? Як складваўся ваш навуковы шлях?

— Мне пашанцавала, што я рана прыйшоў у навуку і стаў хутка паглыбляцца ў яе. І галоўнае — вынікова. У гэтым вялікая заслуга майго навуковага кіраўніка доктара тэхнічных навук Леаніда Міхайлавіча Лынькова, які зараз з’яўляецца ганаровым прафесарам БДУІР. Я пачынаў навуковую дзейнасць у яго лабараторыі, ён быў кіраўніком маёй кандыдацкай дысертацыі, а потым кансультантам па доктарскай. Гэта мой галоўны Настаўнік. Хаця ў нашым універсітэце ёсць яшчэ шмат людзей, з якімі я займаўся і займаюся зараз навуковай дзейнасцю і якія з’яўляюцца для мяне сур’ёзнымі аўтарытэтамі. Я пра гэта магу адкрыта казаць, бо ва ўніверсітэце галоўны прафесар!

Навука для мяне заўсёды ў прыярытэце. Магчыма, яшчэ і таму, што на сённяшні момант для мяне гэта з’яўляецца найбольш цяжкадаступным напрамкам. Навука патрабуе шмат часу і пэўнага стану мыслення. На пасадзе кіраўніка галоўным з’яўляецца бягучае і стратэгічнае планаванне, і каб прымаць правільныя рашэнні, важна ўмець зазірнуць за гарызонт. А навука дае аснову для такога бачання.

— Наколькі цяжка зазірнуць за гарызонт?

— Вельмі складана, і нават існуе матэматычны апарат прыняцця рашэнняў ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці. 

Сёння ў навуцы ўвесь час ёсць да чаго імкнуцца, узнікае шмат новых ідэй і напрамкаў. Калі я пачынаў з радыётэхнікі і матэрыялазнаўства (мая кандыдацкая дысертацыя — па спецыяльнасці “Матэрыялы электроннай тэхнікі”), то зараз сярод напрамкаў — і сучасныя адукацыйныя сістэмы і тэхналогіі, і пытанні, звязаныя з мікра- і нанаэлектроннымі сістэмамі і гетэрагеннымі структурамі, і кампазіцыйныя матэрыялы, пытанні інфармацыйнай і медыябяспекі. Усё гэта вельмі цікавае, і для мяне надыходзіць той этап, калі разумееш, што ты можаш нешта зрабіць у розных сферах. Галоўнае ў такой сітуацыі — не разрывацца, а стварыць сатэлітныя каманды, арганізаваць і падтрымаць моладзь. Ды і самому цікава (тым больш калі ты не так часта можаш прыйсці ў лабараторыю) абмеркаваць з калегамі вынікі даследаванняў. Ад гэтага загараюцца вочы.

Час навукі адзіночак даўно прайшоў, і значных вынікаў дасягаюць толькі навуковыя калектывы. Навуку нельга рабіць у адзіночку, таму педагагічная практыка — гэта таксама кавалак навуковай дзейнасці. Да таго ж навука — гэта драйвер развіцця, і ва ўніверсітэце, у якім няма навукі, няма ўніверсітэта.

Кіраўніцкая дзейнасць таксама вельмі важны складнік, які заснаваны найперш на зносінах з іншымі людзьмі, а без іх ніяк.

— Калі б вы ў свой час не пайшлі ў радыётэхнічны інстытут, кім бы маглі быць?

— Магчыма, стаў бы ўрачом. Былі думкі пайсці ў медінстытут, але былі і пэўныя перашкоды. Я ў большай ступені тэхнічны чалавек. 

Да таго ж кошт памылкі ў медыкаў вышэйшы. Хаця зараз кошт памылкі ў інжынераў не меншы, чым у медыкаў, проста ў медыкаў яна фармалізуецца адразу.

У мяне зараз ёсць знаёмыя, якія працуюць у медыцыне, і я разумею, што змог бы працаваць у гэтай сферы. Невырашальных задач не бывае. Усяго можна дабіцца, калі ты прыкладзеш неабходныя намаганні, каб гэтую задачу вырашыць.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіваў Вадзіма Богуша і БДУІР.