Ваенна-гістарычная рэтраспектыва і турыстычная перспектыва

- 14:20Выхаваўчая прастора, Рознае

Напярэдадні Сусветнага дня турызму, які адзначаецца 27 верасня, у прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця ў Год гасціннасці ваенна-гістарычнага турызму. З тэзісамі, праблемамі, прапановамі, што разглядаліся за круглым сталом прадстаўнікамі дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, прафесійнымі гісторыкамі, экскурсаводамі, журналістамі, безумоўна, варта азнаёміцца і педагогам, асабліва даследчыкам ваеннага мінулага роднага краю, кіраўнікам школьных музеяў баявой славы. Думаю, настаўнікі лёгка спраецыруюць словы ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі на сваю дзейнасць і вызначаць акцэнты далейшай работы па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу краіны. І самае галоўнае — яшчэ раз пераканаюцца ў тым, наколькі важнай справай яны займаюцца.

Размову пра важнасць правядзення прэс-канферэнцыі хацелася б пачаць не са слоў дырэктара дэпартамента па турызме Вадзіма Пятровіча Кармазіна, які агучыў колькасць наведвальнікаў такіх знакавых аб’ектаў нашай краіны, як Брэсцкая крэпасць-герой і Лінія Сталіна, а з выступлення экскурсавода Таццяны Віктараўны Бойка: “Здаецца, і праводзяцца для нашых навучэнцаў кожны год тысячы экскурсій, здаецца, і дзейнічаюць амаль у кожнай школе музеі баявой славы, аднак факт застаецца фактам: вучні не заўсёды ведаюць, хто такі Пётр Машэраў, Канстанцін Заслонаў або бацька Мінай”.
— Тэма ваенна-гістарычнага турызму надзвычай актуальная для нашай краіны. Гэта пацвярджаюць, напрыклад, тыя як мінімум 25 маршрутаў, экскурсій ваенна-гістарычнай тэматыкі, распрацаваныя ў кожнай вобласці. Калі аналізаваць колькасць наведванняў музейных устаноў за мінулы год, то на першае месца выйшаў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” (больш за 430 тысяч толькі прададзеных білетаў, не ўлічваючы наведвання прадстаўнікамі спецыяльных дэлегацый). Усім вядомы комплекс “Лінія Сталіна” штогод наведвае каля 300 тысяч людзей. І гэтая лічба з кожным годам узрастае, бо аб’ект развіваецца, яго супрацоўнікі распрацоўваюць новыя цікавыя праграмы. Напрыклад, “Адзін дзень у арміі” дазваляе акунуцца ў армейскія будні, патрымаць зброю, зрабіць некалькі выстралаў, пакаштаваць салдацкай кашы. Асабліва актуальная такая праграма для навучэнцаў дапрызыўнага ўзросту, — гаворыць Вадзім Пятровіч Кармазін.
Прыемна, што тэма развіцця ваенна-гістарычнага турызму выклікае цікавасць у прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Менавіта з такога звароту да журналістаў пачала сваё выступленне кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці дэпартамента па турызме Марына Веньямінаўна Масташова. Дарэчы, пра Марыну Веньямінаўну варта сказаць некалькі слоў асобна. Прафесіянал турыстычнай сферы, падчас семінараў, канферэнцый, курсаў павышэння кваліфікацыі яна рэгулярна сустракаецца з педагогамі-экскурсаводамі, дае парады, не дазваляе заблытацца на шырокім турыстычным нарматыўна-прававым полі. Гэта яшчэ і такі чалавек, якіх любяць журналісты: яна заўсёды гаворыць шмат, цікава і, галоўнае, па сутнасці.
— Як сведка і ўдзельнік экскурсійнага працэсу апошніх 30 гадоў, хачу адзначыць, што ў савецкія часы ваенна-гістарычная тэматыка ў Беларусі ў асноўным абмяжоўвалася Вялікай Айчыннай вайной, а канкрэтна перыядам акупацыі. Менавіта ў 70-я, 80-я гады мінулага стагоддзя на тэрыторыі нашай краіны былі створаны буйныя, вядомыя за межамі Беларусі мемарыялы, комплексы. У апошні час значна больш увагі ўдзяляецца іншым войнам, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі на працягу яе шматвекавой гісторыі. Нездарма так шырока адзначалася 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны. Пры гэтым трэба ўлічыць, што да нядаўняга часу пра падзеі на нашай зямлі гэтага ваеннага канфлікту практычна нічога не гаварылася і не пісалася. Цяпер падчас экскурсій шырока асвятляюцца і ваенныя канфлікты перыяду ўваходжання беларускіх земляў у Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю, — адзначыла Марына Веньямінаўна.
Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме аказвае метадычную дапамогу арганізацыям, якія займаюцца ваенна-гістарычнай тэматыкай. Праводзяцца і адукацыйныя семінары з запрашэннем спецыялістаў, кіраўнікоў мемарыяльных комплексаў. Дарэчы, выразы “арганізацыям, якія займаюцца ваенна-гістарычнай тэматыкай” і “адукацыйныя семінары з запрашэннем спецыялістаў” чытачам варта было б узяць на заметку. Пад “арганізацыямі” тут маюцца на ўвазе не толькі турыстычныя кампаніі, але і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія з’яўляюцца тураператарамі і аказваюць платныя экскурсійныя паслугі. А вось на адукацыйных семінарах з запрашэннем спецыялістаў будуць заўсёды рады педагогам-экскурсаводам. Дык чаму ж не скарыстацца такой магчымасцю? Больш падрабязна пра названую дапамогу, тэматыку і тэрміны правядзення семінараў можна даведацца на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.
— Беларусі нікуды не дзецца ад ваенна-гістарычнага турызму. Яго трэба развіваць, тым больш у нас для гэтага ёсць выдатныя ўмовы. Я, напрыклад, ганаруся тым, што ў адрозненні ад многіх іншых дзяржаў постсавецкай прасторы нашы мемарыялы не знаходзяцца ў запусценні, іх добраўпарадкоўваюць, рэстаўрыруюць. Мне як экскурсаводу ніколі не сорамна перад замежнымі гасцямі за стан мемарыяльных комплексаў, помнікаў, брацкіх магіл. Я ганаруся тым, што ў нашай краіне памяць пра подзвіг народа беражліва захоўваецца, — адзначыла Марына Веньямінаўна.

Да гэтых слоў хацелася б дадаць наступнае: нашы мемарыялы не знаходзяцца ў запусценні ў многім дзякуючы педагогам і навучэнцам, бо часта толькі школа (асабліва ў сельскай мясцовасці) рэальна шэфствуе над брацкімі магіламі і помнікамі, пастаўленымі ў гонар тых, хто 70 гадоў назад вызваляў нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Вельмі радуе, што такі важны сегмент унутранага турызму, як ваенна-гістарычны, набірае абароты, экскурсійная тэма знаходзіцца на пад’ёме. Наколькі хутка будзе адбывацца гэты пад’ём, залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад зацікаўленасці дзяржавы. Мы бачым, што ўжо не толькі Мінск і абласныя цэнтры прыцягальныя для турыстаў, маюць адметнае аблічча, своеасаблівую атмасферу, могуць прадаставіць розны турыстычна-экскурсійны прадукт. Малым гарадам і сельскім населеным пунктам таксама ёсць чым ганарыцца. У Беларусі распрацаваны не толькі адна-, двух- і трохдзённыя, але і пяцідзённыя і нават тыднёвыя экскурсійныя туры. У недалёкім мінулым мы пра гэта маглі толькі марыць, — узяў слова дырэктар філіяла “Белінтурыст” РУП “Цэнтркурорт” Аляксей Іванавіч Стрэльчанка.
Калі гавораць пра ваенна-гістарычны турызм, то, адпаведна, узнікаюць думкі і пра партызанскую тэматыку. На жаль, узровень яе запатрабаванасці, на думку Аляксея Іванавіча, на міжнародным, у тым ліку расійскім турыстычным рынку, ніжэй за сярэдні. Ці можа партызанская тэматыка быць цікавай у тым ліку для сучасных падлеткаў, калі мы канкрэтныя справы па ваенна-патрыятычным выхаванні нярэдка замяняем агульнымі словамі, аповедам пра барацьбу ідэалогій? Навучэнскую моладзь цікавяць ваенна-гістарычныя падзеі, лёсы асобных герояў, асабліва іх равеснікаў. І на гэтым трэба рабіць акцэнт. У якасці прыкладу Аляксей Іванавіч прывёў дзейнасць філіяла Віцебскага абласнога краязнаўчага музея — экспазіцыі ў былой турме СД.
— Наведванне гэтага месца, паверце, больш экстрэмальна, чым гульня дзяцей і падлеткаў у камп’ютарныя стралялкі і страшылкі. Калі трапляеш сюды, цябе ахоплівае жах. Дарэчы, пасля наведвання філіяла стала зразумела, што з выкарыстаннем інтэрактыву, асабліва пры рабоце з навучэнскай аўдыторыяй, трэба быць акуратным. Калі гід выключае святло ў падвалах былога манастыра, зачыняе дзверы і гучна ўключае запісы крыкаў, каманд па-нямецку, то тут і ў дарослага чалавека пачынаюць бегаць мурашкі па скуры, не гаворачы ўжо пра дзяцей, — адзначыў Аляксей Іванавіч.
Відавочна, для актыўнага развіцця ваенна-патрыятычнага аспекту турыстычнай дзейнасці названых вышэй аб’ектаў недастаткова. Сёння ў практычнае распараджэнне турыстычных арганізацый прадастаўлены адзін з лепшых экскурсійных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі і СНД на ваенна-гістарычную тэматыку — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэты аб’ект можна прывязаць да экскурсіі па горадзе любой тэматыкі, ён можа зацікавіць людзей любога ўзросту, аднак, каб гэта адбылося, музей трэба эфектыўна рэкламаваць. На жаль, пакуль што гэта адбываецца не вельмі актыўна. Ці толькі турыстычным спецыялістам займацца такой справай? Напэўна, не. Актыўную дапамогу могуць аказаць усе зацікаўленыя арганізацыі, у тым ліку школы. Сур’ёзная прэзентацыя аб’екта павінна быць не толькі на масавых турыстычных мерапрыемствах, у прыватнасці выставах, але і падчас асабістых сустрэч з патэнцыяльнымі экскурсантамі.

Па словах Аляксея Іванавіча, перспектыўным кірункам развіцця з’яўляецца ваенна-гістарычная рэтраспектыва. У гэтым плане мы знаходзімся ў больш выгадным становішчы, чым іншыя краіны былога Саюза. Узяць, напрыклад, той факт, што Беларусь была арэнай трох асноўных войнаў ХІХ і ХХ стагоддзяў, якія змянілі аблічча Еўропы (нашэсце Напалеона, Першая і Другая сусветныя войны). Амаль кожны год адкрываюцца новыя, раней невядомыя аб’екты па гэтай тэматыцы. Адзін з іх — гродзенскія форты перыяду Першай сусветнай вайны, куды ўжо водзяць экскурсіі. І такія знаходкі могуць быць у кожным раёне. Дык чаму б іх не прывесці ў прыглядны турыстычны стан і не ўключыць у экскурсійныя маршруты? Тэму ваенна-гістарычнай рэтраспектывы трэба актыўна развіваць і атрымліваць ад яе эканамічныя і маральна-палітычныя дывідэнды.
Напрыканцы прэс-канферэнцыі — традыцыйныя пытанні ад журналістаў. Засяродзім увагу на найбольш актуальных для сістэмы адукацыі. Адно з іх тычылася магчымасці атрымання студэнтамі, у прыватнасці гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, ліцэнзіі на права правядзення экскурсій.
— У Беларусі, як і ў многіх іншых краінах свету, існуе сістэма атэстацыі экскурсаводаў. Яе ўвядзенне было правільным крокам, бо на рынак экскурсійных паслуг павінен выходзіць падрыхтаваны спецыяліст. Таму няправільна, калі студэнты думаюць, што іх ігнаруюць і не дапускаюць да правядзення экскурсій. З 2007 года існуе Палажэнне аб прафесійнай атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Прыходзіць на гэтую атэстацыю можна з трэцяга курса. Таленавітыя, здольныя абавязкова паспяхова пройдуць іспыты і змогуць займацца любімай справай. Праводзяцца і спецыяльныя семінары, курсы, якія студэнтам трэба наведваць абавязкова, бо тых гадзін, якія чытаюцца па профільных прадметах, для авалодання майстэрствам экскурсавода недастаткова. Нярэдка лекцыі па экскурсазнаўстве чытаюць людзі, якія ні разу ў сваім жыцці не правялі экскурсію. Для таленавітых студэнтаў дарога ў цікавую і складаную прафесію экскурсавода і гіда-перакладчыка ў нас адкрыта бясплатна, — адказаў Вадзім Пятровіч Кармазін.
Год гасціннасці паступова завяршаецца. Восень, адзін зімовы месяц — і час падводзіць вынікі. Канечне, у справе папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу краіны ўдалося зрабіць многае, аднак наперадзе яшчэ дастаткова работы. І рабіць у ёй акцэнт, як паказвае практыка і як засведчылі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, трэба на развіцці ваенна-гістарычнага турызму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.