Ваенная школа вытрымкі і самадысцыпліны

Для таго каб летнія канікулы пакінулі станоўчы след не толькі ў памяці, але і ў жыцці тых дзяцей, якіх называюць цяжкімі падлеткамі, для іх штогод арганізоўваюцца кругласутачныя абаронча-спартыўныя лагеры. Адной з такіх устаноў з’яўляецца лагер “Абаронца Айчыны”, які дзейнічае на тэрыторыі 114-ай гвардзейскай школы падрыхтоўкі прапаршчыкаў і спецыялістаў прамысловай службы 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра, што ў ваенным гарадку Печы Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

Жыццё па-армейскім раскладзе

Ад звычайных аздараўленчых лагераў гэты летнік адрозніваецца не толькі тым, што ён знаходзіцца на тэрыторыі ваеннай часці. Справа ў тым, што гэты лагер арганізаваны для тых школьнікаў, якія стая ць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. Абавязкова запрашаюцца да ўдзелу ў лагеры дзеці з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
За паводзінамі, а таксама за выхаваннем дзяцей у лагеры сочаць не толькі афіцэры вучэбнага цэнтра. Такія абавязкі ўскладзены і на настаўнікаў фізічнай культуры з некаторых школ Барысава, а таксама на спецыялістаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Барысаўскага раёна.
“Як паказвае практыка, армія для падлеткаў — гэта тое месца, дзе можна цікава і з карысцю правесці канікулы, — дзеліцца намеснік начальніка лагера Ірына Міхайлаўна Жалабковіч. — Многія дзеці прыязджаюць сюды ўжо чацвёрты год запар. А гэта значыць, што хлопчыкам тут падабаецца. Відавочна, што дзеці знаходзяць сяброў, аднадумцаў. Трапляючы ў лагер такога кшталту, як наш, навучэнцы на свае вочы могуць убачыць, як праходзіць служба ў арміі. Зразумела, што ў будучым многія з тых, хто сёння жыве па армейскім распарадку, пойдуць служыць у армію. І лагер “Абаронца Айчыны” — гэта тое месца, якое наглядна можа паказаць і расказаць, як праходзіць жыццё салдата. Але самым галоўным плюсам лагера, безумоўна, з’яўляецца тое, што з дзецьмі працуюць спецыялісты і ўсе навучэнцы знаходзяцца пад наглядам”.
Для таго каб кожны дзень праходзіў па-армейску, у лагеры існуе адпаведны расклад. Штодзень у 7 гадзін раніцы юныя салдаты прачынаюцца і прыбіраюць свае ложкі. Дарэчы, спяць дзеці ў сапраўднай салдацкай казарме, якая ўмоўна падзелена на тры вялізныя пакоі. У кожным з пакояў размяшчаецца каля 20 ложкаў. Карацей кажучы, у лагеры на кожным кроку адчуваецца армейская атмасфера!
Пасля пад’ёму, гігіенічных працэдур і зарадкі хлопчыкаў чакаюць цікавыя заняткі па страявой, агнявой, а таксама ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы. Вельмі падабаюцца юным абаронцам Айчыны заняткі, на якіх можна навучыцца збіраць аўтамат. Усе без выключэння з вялікай цікавасцю слухаюць афіцэраў, якія расказваюць інструкцыі па выкарыстанні ваеннай тэхнікі. А колькі радасці і шчасця можна ўбачыць у вачах, калі некаму дазволілі патрымаць у руках сапраўдны аўтамат і зарадзіць яго патронамі!
Безумоўна, ні адзін дзень у лагеры не абыходзіцца без спартыўных конкурсаў і эстафет, падчас правядзення якіх дзеці таксама могуць праявіць сябе.
“Для хлопчыкаў у лагеры проста неабходна праводзіць спартыўныя мерапрыемствы, а тым больш для тых, хто стаіць на ўліку ў ІСН, — дзеліцца Ірына Міхайлаўна. — Ведаючы, што ў лагеры знаходзяцца дзеці з катэгорыі рызыкі, хтосьці можа падумаць, што яны вельмі лёгка ўжываюцца ў любую рэальнасць. Але першыя дні ў любым лагеры, а тым больш у ваенным, з’яўляюцца для дзяцей даволі цяжкімі, — працягвае І.М.Жалабковіч. — Да ўсяго трэба прывыкаць. Далёка не ўсім падабаецца прыбіраць за сабой ложкі, мыцца ў агульных санвузлах. Здаралася нават такое, што некаторыя дзеці спрабавалі легчы спаць у вопратцы, таму што яны саромеліся распранацца адзін перад адным. Але праз некаторы час навучэнцы ўцягваюцца ў жыццё лагера. Яны пачынаюць разумець і прымаць тыя законы і правілы, па якіх ім трэба жыць на працягу 18 дзён. Многія хлопчыкі настолькі прывыкаюць да армейскага ладу жыцця, што нават просяць, каб іх пакінулі на другую змену. Дагэтуль памятаю, як на выхадных да аднаго з хлопцаў прыехала мама, каб звазіць сына ў цырк. Як ён плакаў — вы не ўяўляеце! Нам вельмі доўга прыйшлося ўгаворваць яго пакінуць тэрыторыю часці ўсяго на адзін дзень. Хлопчык, безумоўна, паехаў з мамай, але на наступны дзень у 7 гадзін раніцы ён ужо вярнуўся назад! Гэта сведчыць аб тым, што тут дзецям добра. І, дарэчы, варта адзначыць, што ўсім без выключэння хлопчыкам падабаецца тое, чым іх кормяць. З асабістага вопыту магу сказаць, што за 18 дзён нашы выхаванцы набіраюць па 4-5 кілаграмаў. І калі бацькі пасля заканчэння змены прыязджаюць забіраць дзяцей дадому, яны заўважаюць, што іх дзеці паправіліся”.
Што тычыцца харчавання, якое арганізавана для дзяцей 5 разоў на дзень, то тут амаль усе расходы на сябе ўзяла дзяржава. Так, на аднаго выхаванца лагера, якому ад 6 да 10 гадоў, штодзённа на харчаванне выдзяляецца 39 390 рублёў. Дарэчы, тым дзецям, якія падпадаюць пад гэтую ўзроставую катэгорыю, пуцёўкі ў лагер выдаваліся бясплатна. Для падлеткаў 11—13 гадоў на адзін дзень выдзяляецца 43 800 рублёў (даплата за лагер з бацькоўскага боку складае 29 400 рублёў). Тым, чый узрост ад 14 да 17 гадоў, — 45 950 рублёў. Даплата за лагер для гэтых дзяцей склала 68 100 рублёў.

Пра канфлікты, футбол і дысцыпліну

Арганізатары лагера прызнаюцца, што адна з галоўных задач, якая стаіць перад імі, — гэта навучыць дзяцей дысцыпліне і самаарганізацыі. Акрамя гэтага, трэба паказаць дзецям, якія трапілі на ўлік у ІСН, што з любой сітуацыі можна знайсці правільны выхад.
“Падчас бягучай змены ў нас з 65 дзяцей усяго 5 хлопчыкаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, — працягвае Ірына Міхайлаўна. — У нашага грамадства існуе ўстойлівы стэрэатып наконт тых хлопчыкаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. Многія лічаць, што такіх дзяцей не выправіць. Але я ўпэўнена, што ўсё магчыма, асабліва дзякуючы такім лагерам, як наш. Калі паглядзець на нашых хуліганаў, то адразу бачна, што насамрэч яны добрыя. І нават не верыцца, што такія дзеці маглі здзейсніць учынак, за які можна трапіць пад нагляд міліцыі”.
Для таго каб дзеці навучыліся трымаць адказнасць за сябе і свае ўчынкі, у казарме, якая на тры тыдні стала для іх другім домам, існуюць свае правілы і статуты. Менавіта іх выкананне паказвае, наколькі дзеці падрыхтаваны да самастойнага жыцця.
Так, на стэндзе казармы вісіць спіс, на якім значацца імёны і прозвішчы ўсіх юных салдат, — гэта графік дзяжурства. Згодна з ім кожны выхаванец абарончага лагера павінен выціраць пыл, а таксама падмятаць падлогу.
“Згодна з санітарнымі нормамі, у нас ёсць спецыяльныя работнікі, якія сочаць за чысцінёй санвузлоў, — тлумачыць Ірына Міхайлаўна. — Дзяцей, безумоўна, ніхто не мае права прымушаць выконваць гэтую работу. Тым не менш элементарна прыбіраць памяшканне выхаванцы лагера павінны ўмець. Штодзень дзяжурныя пры дапамозе сродкаў для прыбірання наводзяць парадак у казарме. Безумоўна, не ўсім дзецям гэта падабаецца. Але хлопчыкі абавязкова павінны ўмець усё, а не толькі збіраць аўтамат”.
Па словах арганізатараў лагера, паміж хлопчыкамі час ад часу ўзнікаюць канфлікты, як, у прынцыпе, у любым падлеткавым акружэнні. Для таго каб разабрацца, хто ў чым вінаваты, з дзецьмі праводзіцца тлумачальная размова. Падчас яе выхаванцы па драбніцах разбіраюць з выхавальнікамі той канфлікт, які ўзнік, і спрабуюць знаходзіць аптымальны выхад са складанай сітуацыі. Безумоўна, той, хто аказваецца вінаватым, просіць прабачэння ў пакрыўджанага.
“Дзеці, нават тыя, хто пасварыўся, ужо праз пяць хвілін могуць зноў разам гуляць, быццам нічога і не здарылася, — заўважае Ірына Міхайлаўна. — У лагеры мы звяртаем увагу на канфлікты, але не засяроджваемся на гэтым. Таму што канфлікт — гэта звычайная з’ява, у якой таксама трэба ўмець сябе правільна паводзіць”.
У абаронча-спартыўным лагеры “Абаронца Айчыны” для дзяцей, акрамя вучэбнай ваеннай праграмы, запланаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў. Так, тыя цяжкія падлеткі, якім пашчасціла правесці ў лагеры першую змену, наведалі адзін з футбольных матчаў, які праходзіў у “Барысаў-Арэне”. Там падлеткі пазнаёміліся з гульцамі футбольнай зборнай “БАТЭ”. Шмат уражанняў пакінуў турыстычны паход, а таксама наведванне музеяў і вядомых гістарычных мясцін, якія знаходзяцца на тэрыторыі Барысава і Барысаўскага раёна.
Акрамя гэтага, для дзяцей на тэрыторыі ваеннай часці былі праведзены тэматычныя мерапрыемствы. Падчас іх спецыялісты размаўлялі з хлопчыкамі пра тое, наколькі небяспечным для жыцця можа стаць ужыванне алкагольных напояў, а таксама курэнне. Асобная роля ў размове з дзецьмі адводзілася інфармацыі пра наркотыкі, ад якіх сёлета толькі ў Мінску загінулі 7 маладых людзей.
Другая змена ў лагеры “Абаронца Айчыны” пачала сваю работу 4 дні назад. А гэта значыць, што ў падлеткаў шмат мерапрыемстваў і цікавых урокаў. Магчыма, вопыт, атрыманы ў лагеры, спатрэбіцца гэтым дзецям у будучым. І няхай сёння іх жыццё далёка не цукар — у кагосьці бацькі злоўжываюць алкаголем, а нехта стаіць на ўліку ў ІСН. Усё роўна надзея на тое, што ўсё наладзіцца, ёсць. І няхай гэтая надзея толькі ўмацоўваецца!

 

Наталля ДУБІК.