Ваенныя манеўры з Рэспублікай Карэя прыпынены, але не адменены

- 12:31Інфармацыйная гадзіна

ЗША ў далейшым не маюць намеру прыпыняць якія-небудзь ваенныя манеўры з Рэспублікай Карэя. Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс, паведамляе кітайскае інфармагенцтва “Сіньхуа”.

Паводле слоў кіраўніка Пентагона, раней Вашынгтон адмяніў шэраг манеўраў з Рэспублікай Карэя, што стала праяўленнем добрай волі пасля сустрэчы лідараў ЗША і КНДР у Сінгапуры. На гэты час у ЗША няма планаў адмаўляцца ад іншых вучэнняў.

Міністр абароны таксама паведаміў, што ЗША пакуль не прынялі рашэнне па праграме сумесных манеўраў з Рэспублікай Карэя ў 2019 годзе, яна будзе залежаць ад вынікаў перагавораў. Ён таксама адзначыў, што ЗША прадоўжаць цеснае супрацоўніцтва з усімі саюзнікамі і рэалізацыі СБ ААН аб санкцыях супраць КНДР.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і лідар КНДР Кім Чэн Ын правялі сустрэчу 12 чэрвеня ў Сінгапуры і падпісалі сумесную заяву. На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы Дональд Трамп паабяцаў прыпыніць амерыкана-паўднёвакарэйскія вучэнні і заявіў аб тым, што ў перспектыве ён хацеў бы зняць санкцыі з КНДР. У абмен на гарантыі бяспекі з боку ЗША КНДР узяла на сябе абавязацельствы па дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.

Пентагон 22 чэрвеня праінфармаваў аб бестэрміновым прыпыненні некаторых ваенных вучэнняў з Рэспублікай Карэя па выніках саміту ў Сінгапуры.