Ваенныя паказалі прыклад

- 16:07Нам пішуць

У 2017 годзе на базе Дзярэчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы быў арганізаваны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі для юнакоў 10—11 класаў раёна. З гэтага навучальнага года дадаліся заняткі медыцынскай падрыхтоўкі для дзяўчынак 10—11 класаў.

У чэрвені 2018 года Міністэрствам абароны сумесна з Міністэрствам адукацыі за кожным цэнтрам ДіМП былі замацаваны найбліжэйшыя вайсковыя часці. Нашай установе вельмі пашанцавала: са жніўня мы сталі цесна супрацоўнічаць з 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадай Слоніма.

На пачатак навучальнага года сумесна з намеснікам камандзіра батальёна сувязі па ідэалагічнай рабоце С.М.Берташам быў распрацаваны план узаемадзеяння, да рэалізацыі якога прыступілі адразу ж у верасні.

29 верасня Сяргей Мікалаевіч і 15 ваеннаслужачых прыбылі ў госці да навучэнцаў цэнтра. У сваім выступленні намеснік начальніка ўспомніў пра знамянальную падзею 2018 года — 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Салдаты падзяліліся ўражаннямі ад сваіх армейскіх будняў, расказалі і паказалі, як абыходзіцца з аўтаматам, прадэманстравалі агульнавайсковы абарончы камплект.

І, нарэшце, наступіў доўгачаканы момант заняткаў. Кожны змог паспрабаваць самастойна разабраць і сабраць аўтамат і магазін з патронамі да яго.

Хлопцы ўвайшлі ў смак і адарваць іх ад гэтага занятку было немагчыма. У чаргу да “АК-74” выстраіліся і дзяўчаты, у якіх паралельна ішлі заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы.

Нямала было і тых, хто прымераў вайсковую амуніцыю. Не адзін дзесятак фота “паляцела” ў інстаграм.

У канцы заняткаў вучням прапанавалі правесці спаборніцтвы па зборцы і разборцы аўтамата і зрабіць сумеснае фота.

Дзецям не вельмі хацелася расставацца з армейцамі, але яны паабяцалі сустрэчу ўжо праз месяц. Сяргей Мікалаевіч паведаміў, што чакаюць вучняў у вайсковай часці, дзе падрыхтавалі для юнакоў чарговы сюрпрыз.

Такія сумесныя мерапрыемствы дапамогуць сфарміраваць у вучняў станоўчае і ўсвядомленае стаўленне да Узброенных Сіл, выхаваць грамадзяніна і патрыёта сваёй Радзімы.

Наталля СУПРУН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Дзярэчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Зэльвенскага раёна.