Ваенныя выставы і песні ля вогнішча

- 11:55Навіны рэгіёнаў

Асаблівасцю “Зарніцы” сёлета сталі абмежаванні, звязаныя з каранавіруснай інфекцыяй. У папярэднім адборачным этапе прынялі ўдзел 25 каманд, якія прадстаўлялі відэаролікі з візітнай карткай, інсцэніроўкай песні ля вогнішча і дэманстрацыяй страявой падрыхтоўкі. Адабраная дзясятка каманд вобласці ў вочнай барацьбе спаборнічала за званне лепшага атрада Гомельшчыны і права прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім этапе.

Як расказаў загадчык аддзела па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі аб’яднаннямі і арганізацыямі абласнога Палаца творчасці Дзмітрый Стагначоў, кожны дзень у юнакоў і дзяўчат быў напоўнены рознымі конкурсамі. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў аглядзе строю і песні, стральбе, зборцы і разборцы зброі, правяралі веданне правіл бяспекі на вуліцах і дарогах… Турыстычныя спаборніцтвы перамяжоўваліся з інтэлектуальнымі і музычнымі конкурсамі. Адначасова ладзіліся ваенныя выставы і паказальныя выступленні салдат і кіналагічнай групы. Спартыўныя гульні на свежым паветры і танцавальна-забаўляльныя мерапрыемствы таксама не былі забыты. Спаборніцкая частка завяршылася “Вялікай гульнёй на мясцовасці”, план якой трымаўся ў тайне да самага пачатку выпрабавання.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.