Вахту памяці нясуць школьнікі

На гарадскую Вахту памяці ў Гродне заступілі навучэнцы сярэдніх школ № 18 і № 20.

Старшакласнікі прынялі эстафету нясення Вахты памяці ля Вечнага агню ў парку Жылібера ад навучэнцаў гродзенскіх сярэдніх школ № 23, № 28 і № 3 імя В.М.Усава. На ўрачыстую цырымонію, дзе юнакі і дзяўчаты перад такім адказным момантам у сваім жыцці прымалі прысягу, прыйшлі прадстаўнікі адміністрацый устаноў адукацыі, бацькі. Гордасць і хваляванне перапаўнялі і школьнікаў. З гэтага дня яны на працягу трох месяцаў будуць стаяць у Ганаровым каравуле ў святым для кожнага гродзенца месцы — каля помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Патрыятычнае аб’яднанне па інтарэсах “Вахта памяці” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” наведва­юць навучэнцы ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна, а ЦТДіМ “Прамень” — Кастычніцкага раёна абласнога цэнтра. Нясенне Вахты памяці курыруе аддзел адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Кожныя тры месяцы адбываецца змена каравула. Перад гэтым школьнікі на працягу шасці тыдняў трэніруюцца.

— Трэніровачныя заняткі праходзяць у цесным узаемадзеянні з курсантамі ваеннага факультэта Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦТДіМ “Спектр” Алена Дулеўская. — Аднымі словамі патрыятызм не выхаваеш, яго выхаваеш стаўленнем да справы, да пажылых лю­дзей. Падчас нясення Вахты памяці, падрыхтоўкі да гэтага маладыя людзі пачына­юць больш глыбока разумець веліч подзвігу савецкага народа, пранікаюцца пачуццём адказнасці за захаванне памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі шмат пажылых лю­дзей спыняюцца ля помніка, са слязамі на вачах выказваюць сваю ўдзячнасць хлопчыкам і дзяўчынкам, што нясуць Вахту памяці. Нашы школьнікі ў такія хвіліны адчуваюць, як важна тое, што яны робяць. І мы разумеем, наколькі ў іх сфарміравалася грама­дзянская пазіцыя, і таксама ганарымся нашымі выхаванцамі. Прыемна, што новая змена Ганаровага каравула заступае напярэдадні Дня Перамогі. Нашы юныя гродзенцы вельмі адказна і добрасумленна спраўляюцца з гэтай місіяй.

Вучаніца сярэдняй школы № 18 Ганна Старавойтава — камандзір аддзялення. Менавіта ёй было даручана зачытаць словы прысягі для навучэнцаў сваёй школы.

— Мы павінны памятаць пра подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, што яны зрабілі для Гродна. Я сёння тут, ля Вечнага агню, таму што для мяне гэта вельмі важна. Я люблю свой горад, ганаруся яго жыхарамі і хачу ўнесці свой уклад у захаванне памяці салдат, якія загінулі, вызваляючы Гродна, — падзялілася Ганна Старавойтава.

Словы ўдзячнасці падчас урачыстага мітынгу гучалі ў адрас навучэнцаў школ № 23, № 28 і № 3 імя В.М.Усава Гродна, ім былі ўручаны ганаровыя граматы. Былы камандзір аддзялення сярэдняй школы № 23 Цімафей Антонаў у цяперашні час узначальвае мала­дзёжны парламент Ленінскага раёна Гродна.

Два разы на тыдзень у чацвер і пятніцу ўжо новая змена будзе несці Вахту памяці ля Вечнага агню.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.