Сёння ўсё менш застаецца людзей, якія перажылі ваеннае ліхалецце і сталі жывымі сведкамі тых жудасных падзей. На жаль, знаходзяцца людзі, якія спрабуюць сказіць праўду аб вайне. Таму вельмі важнымі і каштоўнымі з’яўляюцца ўспаміны сведак вайны, якія, на шчасце, яшчэ жывуць побач з намі. Мы прапануем успаміны аб гадах фашысцкага нашэсця былой настаўніцы сярэдняй школы № 1 Ашмян Марыі Герасімаўны Ануфрыевай.
Марыі Герасімаўне 94 гады. Нарадзілася яна 13 снежня 1920 года ў вёсцы Сіцянец Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Дзявочае прозвішча — Пятрова. Перад вайной скончыла Полацкае педагагічнае вучылішча і была накіравана на працу ў Скулавіцкую няпоўную сярэднюю школу. Адпрацавала маладая настаўніца перад пачаткам вайны толькі год. “Першыя дні вайны, — успамінае Марыя Герасімаўна, — засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Пачалася ўсеагульная мабілізацыя. Як бы прадчуваючы, што сваіх дарагіх і блізкіх людзей — бацькаў, сыноў, мужоў, братоў, каханых — яны больш ніколі не ўбачаць, жанчыны і дзяўчаты плакалі і галасілі на ўсю ваколіцу. Мужчын на фронт праводзілі ўсёй вёскай. Іграла сумная, проста-такі жалобная музыка, ад якой, здавалася, разарвецца сэрца”.
У хуткім часе ўсіх маладых педагогаў выклікалі ў Бабініцкую сярэднюю школу, далі кіркі, ламы, рыдлёўкі і павезлі пад Віцебск капаць супрацьтанкавыя равы. Выкапалі роў вялізнай шырыні, глыбіня яго была вышэй чалавечага росту. Раптам наляцелі нямецкія самалёты і сталі бамбіць. Людзі кінуліся ўрассыпную, пачалася паніка. Дабрацца да Скулавіцкай школы Марыі Герасімаўне дапамог шчаслівы выпадак. Міма праязджаў чалавек са Скулавіч, яго конь спужаўся бамбёжкі, збочыў з дарогі ў густое жыта і спыніўся. Настаўніца ўскочыла ў павозку і праз некаторы час была ля дзвярэй школы.
Тагачасны дырэктар Павел Захаравіч Кірпічэнка прапанаваў Марыі Герасімаўне разам з яго сям’ёй эвакуіравацца на ўсход. На другі ж дзень яны рушылі ў напрамку Суража. Аднак сустрэчныя людзі паведамілі, што ў Суражы ўжо гаспадараць немцы. Звярнулі ўбок, дні тры ці чатыры шукалі магчымасць перайсці лінію фронту, але ажыццявіць гэта не ўдалося. Стомленыя і галодныя, вярнуліся ў Скулавічы.
Марыя Герасімаўна не хацела стаць абузай для сям’і дырэктара і вырашыла ісці ў родную вёску, да якой было больш за 140 кіламетраў. Пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, без кавалачка хлеба, накіравалася настаўніца ў далёкі шлях. Каб не трапіць на вочы немцам, ішла глухімі ляснымі сцежкамі. Хутка туфлі разваліліся, і яна ішла босая, ранячы ногі аб камяні і карэнні дрэў.
Дома, хвалюючыся, яе чакалі родныя: маці, сястра Аляксандра з маленькай дачкой і старэйшы брат Іосіф. Братоў у сям’і было тры. Сярэдні, Георгій, змагаўся на фронце. А малодшы, Іван, у першыя дні вайны паехаў па службовых справах у Полацк і не вярнуўся.
Праз некаторы час хтосьці паведаміў, што Івана бачылі ў лагеры для ваеннапалонных у Баравусе, і Марыя, не зважаючы на небяспеку, разам са сваячкай адправілася туды. Брата ў лагеры яна не знайшла, але да сённяшніх дзён не можа забыць жудаснага ўражання ад таго, што там пабачыла.
Бяда, як кажуць, не ходзіць адна. Неўзабаве ў суседняй вёсцы пры нявысветленых абставінах загінуў Іосіф.
Цяжка перажываючы страту сыноў, маці моцна захварэла. Пачаліся і іншыя выпрабаванні. Недалёка ад вёскі размясціўся нямецкі гарнізон. Раніцай у хату ўварваліся з аўтаматамі салдаты, пагналі Марыю расчышчаць ад снегу дарогу. На другі дзень загадалі мыць салдацкую бялізну, на наступны — прыбіраць казарму і г.д. За працу плацілі так званымі рэйхсмаркамі, на якія амаль нічога нельга было купіць. Да таго ж умовы працы былі вельмі цяжкімі. Напрыклад, якасць мыцця (мылі, вядома, уручную) прыдзірліва правяралася, і, калі яна не падабалася, работніцу застаўлялі па некалькі разоў перамываць.
Калі Марыя Герасімаўна ўспамінае гэтыя часы, на вачах яе міжволі з’яўляюцца слёзы.
Маці хварэла, хварэла і маленькая пляменніца. Каб пазбавіцца ад нязноснай прымусовай працы ў гарнізоне, вырашылі перабрацца ў Полацк, дзе далі прытулак далёкія родзічы. Адзінай каштоўнасцю сям’і пры пераездзе быў невялікі мяшок ячменных круп.
Аднак і ў Полацку жылося не лягчэй. Дзяўчына вымушана была зарэгістравацца на біржы працы. Працавала зноў жа пад строгім наглядам, а за працу плацілі тымі ж рэйхсмаркамі.
Часта ў доме не было ніякай ежы. Калі аднойчы перабіралі бульбу ў салдацкай сталовай, Марыя ўпотай паклала некалькі бульбін у кішэню. На выхадзе яе спыніў вартавы, загадаў аднесці бульбу назад, гразіў расстрэлам.
Магчыма, дзяўчына была б сярод тых, каго вывозілі на катаржную працу ў Германію, аднак захварэла на тыф, больш як шэсць месяцаў не магла ўстаць з ложка.
Гору, здавалася, не будзе канца.
Зімой 1943 года ноччу вялікую колькасць людзей, у тым ліку і сям’ю Пятровых, не даўшы нават часу як след апрануцца, фашысты выгналі з дамоў і павялі на чыгуначную станцыю. Загналі ў вагоны і павезлі на захад. Куды — невядома. Ёсць меркаванне, што везлі ў канцлагер, які знаходзіўся ў літоўскім горадзе Алітусе. Плакалі дзеці, плакалі і маліліся жанчыны. Цягнік даехаў да станцыі Ашмяны і спыніўся: наперадзе мост быў узарваны партызанамі. Немцы выкідалі жанчын і дзяцей з вагонаў проста ў снег. Праз некаторы час прыехалі падводы, і пад наглядам паліцаяў людзей сталі развозіць па бліжэйшых вёсках. Марыя Герасімаўна з роднымі апынулася ў вёсцы Віштокі Ашмянскага раёна. Жыць тут таксама было нялёгка, бо за кожным крокам прывезеных сачыла паліцыя, з недаверам адносіліся да іх і многія мясцовыя жыхары. Аднак раз-пораз даходзілі чуткі, што Чырвоная Армія блізка і хутка прагоніць гітлераўцаў. Гэтыя чуткі сагравалі душу і дапамагалі пераадольваць цяжкасці.
7 ліпеня 1944 года з радасцю сустрэлі вызваліцеляў.
Марыя Герасімаўна стала працаваць настаўніцай у Семярніцкай школе. У канцы 1944 года выйшла замуж за ўдзельніка партызанскага руху Аляксандра Ануфрыевіча Ануфрыева, з 1946 да 1975 года (да выхаду на пенсію) працавала настаўніцай пачатковых класаў у нашай школе. Была ў ліку лепшых, за добрасумленную працу ўзнагароджана знакам “Выдатнік народнай асветы”, шматлікімі ганаровымі граматамі.
За 70 гадоў Ашмянская зямля стала для яе роднай, тут выраслі дзеці, унукі, падрастаюць праўнукі. Але вайна і час акупацыі не сыходзяць з успамінаў. І Марыя Герасімаўна штодня просіць Бога, каб яе родныя, блізкія і наогул усе людзі жылі пад мірным небам.
Рамуальда АНУФРЫЕВА,
кіраўнік народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 Ашмян.