Вакацыі з карысцю

Працоўнае выхаванне заўсёды было адным з прыярытэтных кірункаў адукацыйнай дзейнасці школы. Так, у Ціманаўская сярэдняй школе Клімавіцкага раёна стала добрай традыцыяй арганізоўваць працоўныя брыгады.

У канцы чэрвеня ў школе сабралі брыгаду з навучэнцаў ад 14 гадоў. Юнакі пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Сяргея Генадзьевіча Нарушэвіча рамантавалі парты і крэслы, пераносілі мэблю, рыхтавалі школьныя памяшканні да рамонту. Дзяўчыны клапаціліся пра кветнікі з мнагалетнімі раслінамі, займаліся добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі: палолі пустазелле, палівалі кветкі і гародніну, абразалі кусты. Усе ўдзельнікі брыгады строга выконвалі патрабаванні аховы працы.

Наш досвед паказвае, што дзеці з вялікім жаданнем працуюць у брыгадзе. Тут яны могуць замацаваць прафесійна-працоўныя навыкі, якія спатрэбяцца ў будучыні, прынесці карысць грамадству, жыць у калектыве і разам несці адказнасць за атрыманы вынік. Сумесная праца і надзейныя стасункі ў калектыве зараджаюць пазітывам, а абноўленыя парты будуць радаваць вока цэлы год. Прыемны бонус — магчымасць зарабіць грошы.

Ад нас, педагогаў, залежыць якасць адпачынку, а значыць, і здароўе дзяцей, якіх нам даверылі бацькі. І працоўная дзейнасць — выдатная форма работы, бо забяспечвае і занятасць, і актыўны адпачынак, і задавальненне ад вынікаў сваіх намаганняў.

Юлія САКОВІЧ,
настаўніца Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.