Вакол свету за пяць дзён

- 13:23Выхаванне

На восеньскіх канікулах прайшоў анлайн-лагер “Вагон ідэй”. У віртуальнае падарожжа па свеце адправіліся амаль 100 падлеткаў з усёй Беларусі. Арганізатарамі лагера выступілі фонд “Новая школа”, які рэалізуе праграму “Настаўнік для Беларусі”, і Інстытут імя Гётэ ў Мінску.

Падчас заняткаў ад дзяцей не патрабавалася ўвесь час сядзець перад экранам — кожны дзень удзельнікі атрымлівалі заданні на розныя віды дзейнасці, у тым ліку без выкарыстання камп’ютара. Лагер право­дзіўся праз платформу ZOOM, а для камунікацыі з бацькамі і важатымі выкарыстоўваліся некалькі пляцовак у сацыяль­ных сетках. Каб адбыўся эмацыянальны кантакт у анлайн-фармаце, арганізатары стваралі сітуацыі “Мы” — прастору для камфортнай і бяспечнай сумеснай творчасці, дзе не страшна зрабіць памылку, а навучанне спалучылі з гульнёй. У кожнага атрада з’явіліся свае традыцыі, а ў апошні дзень пасажыры кожнага вагона прэзентавалі вынікі сумеснай працы.

Адметнасць гэтага лагера ў тым, што ў аснове яго дзейнасці — не набор некалькіх разрозненых актыўнасцей, а шэраг анлайн- і афлайн-мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай канцэпцыяй, накіраванай на дасягненне асноўнай мэты лагера. Так, удзельнікаў лагера чакалі майстар-класы па творчасці, праграмаванні, заняткі па soft skills і школьных прадметах, спартыўныя факультатывы і проста цікавыя анлайн-мерапрыемствы. Праграма мела фармат падарожжа з прыпынкамі ў розных краінах і вывучэннем цікавых аб’ектаў. Кожны дзень анлайн-лагера быў тэматычным, але ўсе дні былі аб’яднаны агульнай тэмай — падарожжа, пазнанне новага, адзінства чалавека, прыроды і тэхналогій, абмеркаванне культурных і сацыяльных праблем.

Акрамя тэматычных заняткаў, кожны дзень праходзілі розныя факультатывы — творчыя, спартыўныя, па матэматыцы, біялогіі, праграмаванні. Праводзіліся яны адначасова, і зроблена гэта было наўмысна, бо ўменне рабіць усвядомлены выбар, арыентавацца ў прасторы магчымасцей і несці адказнасць за свой выбар — найважнейшыя жыццёвыя навыкі, якія школьнікі і развівалі ў анлайн-лагеры. Усяго было праведзена 14 важацкіх сесій і 31 факультатыўныя заняткі ад педагогаў і прафесіяналаў.

Першы дзень быў прысвечаны знаёмству — адзін з адным, з платформай ZOOM і праграмай, а другі, трэці і чацвёрты дні былі тэматычнымі — удзельнікі вандравалі па розных краінах. Дзеці не толькі знаёміліся з геаграфіяй і культурнымі асаблівасцямі краін, але і вучылі новую лексіку на нямецкай і ангійскай мовах. У кожнай краіне ўдзельнікі даведваліся таксама пра экалагічную сітуацыю і фарміравалі звычкі, якія дапамагаюць наносіць менш страт навакольнаму асяроддзю. Напрыклад, ліць менш вады, выключаць святло, выходзячы з пакоя, пакеты замяніць на экасумкі. Школьнікі правялі карнавал, да якога падключылі сваіх бацькоў і сваякоў. Апошні дзень анлайн-лагера стаў днём самакіравання. Гэта дазволіла ўсім падлеткам праявіць сябе ў падрыхтоўцы агульнай прэзентацыі, а некаторыя правялі асабістыя майстар-класы, факультатывы, экскурсіі. Удзель­нікі самі выбіралі тэму выступлення і самастойна рыхтавалі яго. Усяго падлеткі правялі 20 факультатываў.

Адметна, што не толькі сам лагер праходзіў анлайн і ўдзельнікі былі з розных населеных пунктаў, але і арганізатары рыхтавалі праграму аддалена. Важатыя і адміністратары анлайн-лагера з 13 населеных пунктаў не сустракаліся ўжывую падчас падрыхтоўкі і камунікавалі толькі праз інтэрнэт. Таксама сярод важатых лагера былі школьнікі старшага звяна, якія не пабаяліся ўзяць на сябе адказнасць за правядзенне заняткаў, змаглі на 100 працэнтаў уключыцца ў работу і ста ць часткай каманды. Напрыклад, Дзмітрый Янушкевіч, вучань 11 класа сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў, вырашыў стаць важатым, каб атрымаць вопыт у розных сферах. У будучыні Дзмітрый плануе паступаць на педагагічную спецыяльнасць, таму для яго было важна атрымаць рэальны вопыт работы з дзецьмі.

“Удзел у гэтым праекце стаў для мяне ўнікальнай магчымасцю, таму што дзіцячы лагер у анлайн-фармаце — гэта новы, можна сказаць, эксперыментальны кірунак у Беларусі. Пагружэнне ў гэтую тэму дапамагло знайсці адказы на наступныя пытанні: якім павінен быць змест лагера? Як арганізаваць работу з бацькамі ў аддаленым рэжыме? Ці спадабаецца дзецям анлайн-узаема­дзеянне? Зваротная сувязь ад удзельнікаў лагера, бацькоў і важатых паказала, што ў цяперашніх умовах пандэміі арганізацыя вольнага часу школьнікаў падчас канікул у такім фармаце паспяховая і эфектыўная”, — падзялілася Таццяна Багдановіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 9 Бабруйска, куратар праграмы “Настаўнік для Беларусі”, адна з арганізатараў анлайн-лагера.

Водгукі ўдзельнікаў таксама свед­чаць пра тое, што ў інтэрнэце можна правесці паўнавартасны лагер для падлеткаў. “За час правядзення лагера я даведаўся шмат новага пра Германію, Бразілію і Мексіку. Факультатывы не менш цікавыя — мне вельмі спадабалася рабіць свой сайт, гэта вельмі займальна. Шкада, што наш вагон падышоў да канцавога прыпынку. Спадзяюся, што наступны раз будзе яшчэ больш дзён лагера”, — адзначае Аляксандр Шаціла, вучань Красненскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна.

“Я тут шмат пра што даведаўся, шмат чаму навучыўся. Напрыклад, як ства­раць сайты без кода, як рабіць паслядоў­насць агнёў з дапамогай Arduino, знайшоў новых сяброў, даведаўся шмат розных цікавых фактаў пра краіны”, — піша 12-гадовы Міша Роўда, навучэнец сярэдняй школы № 1 Маладзечна.

“Вельмі пазнавальныя канікулы атрымаліся. Даведалася шмат новага пра розныя краіны. Некаторыя факты вельмі здзі­вілі. Дзякуючы лагеру навучылася рабіць сайт, трэніравалася ставіць націск у словах, а сёння практыкавалася ў англійскай мове. Вельмі спадабалася, што ўсе мерапрыемствы розныя, не падобныя адно да аднаго. І нашы важатыя вельмі добрыя, вясёлыя і ўважлівыя. Дзякуй усім у нашым вагончыку”, — адзначыла пра сваё падарожжа 5-класніца Кацярына Зямлянік з гімназіі Жыткавічаў імя А.А.Ліхоты.

Варвара ЗЛОБІНА.