Вакцынацыя застаецца самай дзейснай формай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў

- 11:58Інфармацыйная гадзіна

Антыпрышчэпачныя кампаніі могуць прывесці да зніжэння калектыўнага імунітэту, заявіла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Паводле слоў Іны Карабан, сітуацыя, якая складваецца з асвятленнем гэтых пытанняў у СМІ, сацсетках, выклікае занепакоенасць не толькі ў эпідэміёлагаў, але і педыятраў. Яна можа прывесці да неспрыяльных наступстваў. “На працягу апошніх дзесяцігоддзяў розныя антыпрышчэпачныя кампаніі прыводзілі да таго, што рэзка зніжаўся калектыўны імунітэт супраць тых ці іншых інфекцыйных захворванняў, а гэта ў сваю чаргу прыводзіла да таго, што дзясяткі людзей паміралі”, — дадала намеснік начальніка.

У прыватнасці, у 1995—1996 гадах у Беларусі антыпрышчэпачная кампанія прывяла да таго, што колькасць вакцыянаваных супраць дыфтэрыі, слупняку зменшылася да 60—70 працэнтаў. У выніку ў 1995 годзе на дыфтэрыю захварэлі 552 чалавекі, 22 памерлі, у тым ліку 6 дзяцей. Сітуацыя з адром, якая склалася сёння ў некаторых краінах, яшчэ адзін яскравы доказ: пры зніжэнні калектыўнага імунітэту супраць таго ці іншага захворвання яно вяртаецца і выклікае эпідэмію. Ва Украіну ў 2018 годзе вярнулася дыфтэрыя, цяпер там зарэгістравана ўжо 8 выпадкаў захворвання, 5 з іх узніклі ў адной сям’і, члены якой не былі вакцынаваны.

Што тычыцца коклюшу, у выніку антыпрышчэпачнай кампаніі ў ХХ стагоддзі ў развітых краінах знізілася колькасць вакцынаваных да 31 працэнта. У выніку захварэлі на коклюш больш за 100 тысяч чалавек, 36 дзяцей памерлі. Як адзначыла Іна Карабан, пасля такіх эпідэмій насельніцтва ўсведамляла, што вакцынацыя з’яўляецца самай эфектыўнай мерай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў.

Загадчыца кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аксана Раманава дадала, што, у прыватнасці, коклюш небяспечны для дзяцей у першыя гады жыцця, асабліва да года, калі нованароджанага не паспяваюць прышчапіць, а нехта ў сям’і пераносіць гэтае захворванне. Цяжка праходзіць гемафільная інфекцыя, якая больш за ўсё небяспечная для дзяцей да пяці гадоў. “Літаральна вясной у дзіцячую інфекцыйную бальніцу ў Мінску перавялі дзіця з Брэста, у якога была гэта інфекцыя. Усе ўрачы задавалі пытанне, чаму дзіцяці не зрабілі прышчэпку. Яно стала інвалідам: выдалена канечнасць, вострая нырачная недастатковасць”, — адзначыла яна.