Валанцёрамі “Добрага сэрца” сталі ўдзельнікі дзіцячага “Еўрабачання”

Удзельнікі Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне” розных гадоў падтрымалі рэспубліканскую дабрачынную акцыю БРСМ “У школу — з добрым сэрцам”.

Гэта традыцыйны праект БРСМ, накіраваны на аказанне адраснай сацыяльнай падтрымкі дзіцячым інтэрнатным установам, сем’ям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і адчуваюць цяжкасці пры падрыхтоўцы дзяцей да навучальнага года. Ва ўсіх буйных гандлёвых цэнтрах краіны да канца жніўня будуць працаваць пункты збору канцылярскіх і спартыўных прылад, вучэбных дапаможнікаў. Да 15 верасня сфарміраваныя падарункі адправяцца ў дзіцячыя дамы, сацыяльныя прытулкі, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання, а таксама іх атрымаюць дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў.

Падтрымаць дабрачынны праект прыйшла Вольга Сацюк, якая ўпершыню прадставіла Беларусь на дзіцячым музычным конкурсе ў 2003 годзе. “Я пастаянна прымаю ўдзел у акцыях БРСМ у якасці валанцёра. Сёння мы дапамагаем падрыхтаваць дзяцей да школы. Мне хацелася б, каб мой падарунак спадабаўся дзіцяці, якое яго атрымае”, — адзначыла Вольга.

Хелена Мерааі, якая выходзіла на сцэну “Еўрабачання” ў 2017 годзе, таксама валанцёр са стажам. “Такія праекты збліжаюць людзей, гэта вопыт стасункаў, новыя эмоцыі, і сэрца на самай справе становіцца дабрэйшым”, — сказала яна.

Група “Мята” — фіналіст нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага “Еўрабачання-2018” — не толькі стала ўдзельніцай дабрачыннага праекта, але таксама выканала для валанцёраў і арганізатараў сваю песню “Аднойчы”, з якой дзяўчынкі штурмуюць музычны алімп у гэтым годзе.

Сакратар ЦК БРСМ Аляксандра Ганчарова дадала, што дабрачынная акцыя “У школу — з добрым сэрцам” працягваецца, у любы момант да яе могуць далучыцца ўсе жадаючыя. “Маленькай дапамогі не бывае, любую пакупку можна пакінуць у скарбонцы “Добрага сэрца”: альбом, пенал або нават гумку. Прыемна, што з кожным годам колькасць удзельнікаў нашага праекта павялічваецца. А гэта значыць, што з іх дапамогай мы можам падарыць свята большай колькасці дзяцей”, — падкрэсліла яна.

Валанцёрскі рух “Добрае сэрца” — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ, ён аб’ядноўвае амаль 36 тысяч юнакоў і дзяўчат па ўсёй краіне. У іх ліку нямала працуючай моладзі. Перш за ўсё гэта сацыяльнае валанцёрства, калі актывісты саюза аказваюць адрасную дапамогу і сацыяльную падтрымку ветэранам вайны і працы, адзінокім пажылым людзям, дзецям-інвалідам і сіротам, дзецям з нядобранадзейных і апякунскіх сем’яў.