Валанцёрскае лета

- 16:06Нам пішуць

Работа валанцёрскага атрада “Рука дапамогі” вядзецца ў Канюхоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бераставіцкага раёна з верасня мінулага года.

Хлопцы і дзяўчаты прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў “Свая гульня” — па прафілактыцы шкодных звычак, трэнінгах-семінарах “Школа валанцёра”, афармляюць стэнд “Здаровы лад жыцця”, праводзяць віктарыны “Мы за здаровы лад жыцця”, фотавыставу “Дзень здароўя ў маёй сям’і”, гульню “Формула поспеху”.

Вучням неабыякава жыццё аграгарадка. На тэрыторыі нашага сельскага савета ёсць помнікі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і мы даглядаем мемарыялы і абеліскі, прыбіраем тэрыторыю каля іх.

Не забываем і пра пажылых грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі сельскага савета. Валанцёры актыўна дапамагаюць ім, наводзяць парадак каля дома, праполваюць градкі, носяць дровы, ваду, аказваюць пасільную дапамогу па гаспадарцы. “Пакуль мы адчуваем, што патрэбны, мы будзем дапамагаць”, — кажуць школьнікі, спяшаючыся на чарговую сустрэчу.

Праводзяцца дабрачынныя акцыі па аказанні дапамогі дзецям-інвалідам — “Працягні руку дружбы дзецям-інвалідам”, “Добрае сэрца”, “Цуды на Каляды”, “Ад сэрца да сэрца”, “Нашы дзеці”, такіх дзяцей наведваюць.

Валанцёры прымаюць непасрэдны ўдзел у мерапрыемствах экалагічнай кампаніі “Уладкуем малую радзіму”, прысвечанай Году малой радзімы. Так, летам былі праведзены акцыі “Чысты бераг”, “Дапамажы прыродзе справай”, “Чысты двор”, суботнікі, падчас якіх вучні прыбралі ад смецця берагі вадаёмаў, лясы вакол іх, а таксама прышкольную тэрыторыю, абсталявалі дзіцячую пляцоўку.

Удзяляюць увагу валанцёры і здароваму ладу жыцця. Немалаважна тое, што з верасня вучні будуць удзельнічаць у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”. Дзеці ўдзельнічалі ў лёгкаатлетычным кросе сярод вучняў і іх мам, спаборніцтвах па валейболе сярод вучняў, настаўнікаў і бацькоў, спартландыі сярод каманд пагранічнай заставы “Сямёнаўка”, настаўнікаў і вучняў школы, спаборніцтвах па стрытболе.

Так, гэтыя дзеці не сядзяць склаўшы рукі! Летам вучні актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах раённага праекта “Валанцёры лета” — акцыі “Клопат” па аказанні дапамогі пажылым грамадзянам, лёгкаатлетычным кросе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, квест-гульні “Малая радзіма — ад вывучэння да дзеяння”, акцыі “Наш выбар — здароўе”, мерапрыемствах летняй акадэміі здаровага ладу жыцця для малодшых школьнікаў “Здравушка”.

Наталля ШМАРОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.