Валанцёрства: мы дапамагаем вам дапамагаць

Валанцёрскі рух у нашай краіне імкліва развіваецца і набірае абароты. З кожным годам усё больш і больш маладых людзей уключаюцца ў добраахвотніцкія ініцыятывы. Аднак важна, каб валанцёрскі рух рос не толькі колькасна, але і якасна. Зрабіць валанцёрскія праграмы ва ўстановах адукацыі краіны больш сістэмнымі і эфектыўнымі, а валанцёрам аказаць неабходную падтрымку — такую задачу паставіў перад сабой Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр і паспяхова з ёй спраўляецца. У прыватнасці, гэтаму паспрыяў навучальны курс, які ў рамках рэспубліканскага анлайн-праекта “Менеджмент валанцёрскай дзейнасці” валанцёрскі цэнтр з лістапада 2020 па люты 2021года праводзіў пры падтрымцы Дзіцячага фонду ЮНІСЕФ у Беларусі.

Ад колькасці да якасці

“Валанцёрскі рух сёння перастае быць дадатковым заняткам для тых, у каго шмат вольнага часу, і становіцца важным складнікам выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі. Але каб валанцёрская работа была сістэмнай, эфектыўнай, яе неабходна правільна арганізаваць. Таму мы ў межах нашага навучальнага семінара зрабілі ўпор не на валанцёраў, а на каардынатараў валанцёрскіх цэнтраў і атрадаў ва ўстановах адукацыі. Удзельнікамі нашых семінараў сталі людзі, якія маюць розны вопыт у валанцёрскай дзейнасці: нехта толькі стаў каардынатарам валанцёрскага атрада і пакуль не ведае ўсіх тонкасцей выбудоўвання сваёй работы, нехта ўжо на працягу некалькіх гадоў курыруе валанцёрскія атрады і гатовы падзяліцца сваім вопытам з калегамі”, — гаворыць Яна Шарамецьева, начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

Усяго навучанне прайшлі 120 прадстаўнікоў з 94 устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з усёй краіны. Гэта метадысты, педагогі-псіхолагі, педагогі-арганізатары, выкладчыкі і іншыя спецыялісты, якія курыруюць валанцёрскую дзейнасць у сваіх установах.

5 складнікаў поспеху

Навучальны курс складаўся з шэрага семінараў па пяці кірунках, распрацаваных Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам: “Дарожная карта развіцця валанцёрскага руху ў Рэспубліцы Беларусь”, “Маніторынг патрэбы ў валанцёрстве, выяўленне і распаўсюджванне паспяховых практык”, “Мерапрыемствы па далучэнні студэнтаў да валанцёрскай дзейнасці”, “Праграма інфармацыйнай падтрымкі і прасоўвання валанцёрскай дзейнасці” і “Прафілактыка выгарання валанцёра і каардынатара валанцёрскай дзейнасці”.

У рамках першай тэмы спікеры абмеркавалі са слухачамі стварэнне дарожных карт развіцця валанцёрскага руху ў рэгіёнах, важнасць супрацоўніцтва і аб’яднання намаганняў у рэалізацыі валанцёрскіх праектаў. У рамках другой тэмы ўдзельнікі даведаліся аб праектным менеджменце ў рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, аб пляцоўках, на якіх можна не толькі знайсці інфармацыю пра паспяховыя маладзёжныя практыкі, але і абмяняцца вопытам, расказаць пра дзейнасць сваіх валанцёрскіх атрадаў і цэнтраў. Дарэчы, ужо ў працэсе прэзентацый каардынатары абменьваліся кантактамі, каб запланаваць сумесныя мерапрыемствы або больш падрабязна даведацца аб праектах, каб рэалізаваць падобныя ў сваіх установах адукацыі.


Некаторыя парады ад Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра:

  1. Хай ваш выбар валанцёрскай дзейнасці будзе ўсвядомленым, з правам пераходу ад аднаго да іншага віду дзейнасці.
  2. Не забывайце аб выкананні простых правіл: рацыянальнае харчаванне, выкананне пітнога рэжыму, фізічная актыўнасць, паўнацэнны сон.
  3. Стварэнне даверлівай, спрыяльнай псіхалагічнай абстаноўкі ўнутры валанцёрскай супольнасці.
  4. Выразная структура цэнтра ці атрада: вызначаныя правілы і прынцыпы валанцёрскай работы, ра­зуменне мяжы адказнасці, бяспекі кожнага валанцёра.
  5. Дэлегаванне паўнамоцтваў у рамках валанцёрскай дзейнасці (як “кар’ерны” і асобасны рост для валанцёра, так і магчымасць для каардынатара не выконваць усе функцыі і задачы самастойна).
  6. Не адмаўляйце сабе ў перапынках (як працяглых, так і пяціхвілінных прыемных брэйкаў на тое, каб пабыць з любімымі людзьмі ці проста адпачыць).
  7. Не саромейцеся дзяліцца сваімі перажываннямі з навакольнымі, асабліва калі яны таксама валанцёры.

Трэцяя тэма семінара была прысвечана матывам, якімі кіруюцца маладыя людзі ў валанцёрскай дзейнасці, а таксама ўмовам, якія падтрымліваюць іх матывацыю. Гутарка вялася пра выбудоўванне выразнай структуры валанцёрскага атрада ці цэнтра, пра ролю лідара і спрыяльнага псіхалагічнага клімату, сістэму заахвочванняў для актыўных валанцёраў і зваротную сувязь. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі пытанні падтрымкі і прызнання валанцёра ў валанцёрскай дзейнасці і падзяліліся вопытам матывацыйных праграм у сваіх установах адукацыі.

У рамках тэмы “Праграма інфармацыйнай падтрымкі і прасоўвання валанцёрскай дзейнасці” ўдзельнікі абмеркавалі такія складальнікі знешняга піяру валанцёрскай дзейнасці, як камунікацыі са СМІ, інтэрнэт-камунікацыі (прасоўванне ідэй валанцёрства ў інтэрнэце, асаблівасці выбудоўвання камунікатыўнай стратэгіі і вядзення сацыяльных сетак валанцёрскіх атрадаў ці цэнтраў), а таксама работа са спонсарамі і партнёрамі.

Пафарбуюць свет навокал валанцёры з БДТУ.

Завяршальная пятая тэма была прысвечана пытанням выгарання валанцёра і каардынатара валанцёрскай дзейнасці.

“Прычыны сыходу з валанцёрства дзеляцца на дзве групы — унутраныя і знешнія. Унутраныя — гэта калі мяняюцца прыярытэты ў самога валанцёра. Напрыклад, ён стварае сям’ю ці ўладкоўваецца на працу, могуць узнікнуць праблемы са здароўем. У гэтым выпадку мы павінны проста адпусціць валанцёра. А калі мы гаворым пра знешнія прычыны, то часта гэта якраз тое, у чым заключаюцца асноўныя задачы каардынатара. Магчыма, валанцёр сыходзіць, бо яму пастаянна прапаноўваюць адны і тыя ж віды дзейнасці. Можа, яму надакучыла хадзіць на адны і тыя ж экалагічныя акцыі ці дапамагаць прытулку для жывёл. Таму ў гэтым выпадку лепш прапанаваць пераключыцца на нешта новае, бо змена віду дзейнасці спрацоўвае і ў валанцёрстве таксама. Але часта сустракаюцца выпадкі, калі ад валанцёра патрабуюць занадта шмат, таму тут каардынатару трэба перагледзець свае патрабаванні. Магчыма, ён запрашае на адны і тыя ж мерапрыемствы аднаго і таго ж чалавека і ён проста фізічна стаміўся, выгарэў эмацыянальна ад той колькасці дзеянняў і заняткаў, якія яму прапаноў­ваюць”, — гаворыць Яна Шарамецьева.

У мінулым годзе навучанне і павышэнне кампетэнтнасці ўдзельнікаў валанцёрскай дзейнасці Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр ладзіў падчас анлайн-семінара для каардынатараў валанцёрскай дзейнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі “Прафілактычныя і ахоўныя меры для валанцёраў у перыяд каранавіруснай інфекцыі”, рэспубліканскага анлайн-праекта “#AntiCOVID-19” (навучанне прайшлі 220 каардынатараў валанцёрскай дзейнасці, спецыялістаў па рабоце з моладдзю і валанцёраў з устаноў адукацыі краіны), адукацыйнай праграмы “Акадэмія валанцёраў”, якая будуецца на прынцыпе “роўны роўнаму” і прызначана для навучэнцаў-валанцёраў.

На варце здароўя студэнты БДУКіМ.

У жыццё — свае ідэі

Не менш важнай рэкамендацыяй у валанцёрскім цэнтры лічаць і магчымасць кар’ернага росту. Бо часта валанцёрства ўспрымаецца як выканальніцтва — ёсць даручэнне і яго трэба выканаць. Шмат тых, каго такі алгарытм задавальняе, асабліва школьнікаў. Але калі казаць пра студэнцкую моладзь, то ім хочацца рэалізаваць свой асобасны патэнцыял, прымераць на сябе новыя сацыяльныя ролі, паспраба­ваць стварыць свой уласны праект, быць адказным калі не за ўвесь валанцёрскі рух ва ўстанове, то хаця б за канкрэтнае мерапрыемства, адчуць сваю значнасць, і тады рэалізацыя сваіх задум падштурхне да далейшага ўключэння ў агульную справу.

Прыкладаў валанцёрскіх праектаў шмат. Так, у мінулым годзе вельмі папулярным стаў дыстанцыйны дзіцячы лагер, ідэю якога прапанавала Валерыя Рубашка з БДАС. Супрацоўнікі валанцёрскага цэнтра яе падтрымалі, маштабіравалі, дапамаглі скласці праграму. І праект аказаўся настолькі ўдалым і запатрабаваным, што яго зрабілі не толькі летнім, а канікулярным — шмат жадаючых стаць яго ўдзельнікамі было і на асенніх, і на зімовых канікулах. У рамках супрацоўніцтва з Мінскім універсітэтам трэцяга ўзросту запушчаны і рэалізуецца праект “Бабуліны казкі” — запіс казак валанцёрамі для сем’яў з дзецьмі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Валанцёры БДУКМ сталі арганізатарамі анлайн-свят і канцэртаў для сацыяльных устаноў. Хлопцы з ваеннага факультэта БДУІР найчасцей былі задзейнічаны ў спартыўных валанцёрскіх ініцыятывах, у добраўпарадкаванні на месцах пахаванняў воінаў і інш. Але яны захацелі паспрабаваць сябе ў новых кірунках і ўзялі пад апеку навучэнцаў аднаго са сталічных ЦКРіН.

Горад зялёным робяць студэнты БДУІР.

“Нельга пераацаніць і пытанні псіхалагічнай гатоўнасці. Часта да выгарання схільны тыя, хто працуе з людзьмі — з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з пацыентамі хоспісаў, з анкалагічна хворымі. У іх часта ўзнікае адчуванне: што б ты ні рабіў, дзеці па-ранейшаму паміраюць, дзіцячыя дамы нікуды не знікаюць і тваё валанцёрства нічога глабальна ў гэтым свеце змяніць не можа, і навошта тады гэтым займацца? Таму крайне важна, каб каардынатары былі яшчэ і псіхолагамі — маглі выслухаць валанцёраў, парэфлексаваць, патлумачыць: хоць ні ты, ні хтосьці іншы не можа змяніць сітуацыю глабальна, але ў гэты прамежак часу менавіта ты змог зрабіць жыццё канкрэтнага чалавека больш шчаслівым.

Гэта важная задача каардынатара — быць дарадцам для сваіх валанцёраў, адэкватна ацэньваць іх намаганні, бо насамрэч у добра­ахвотнікаў часта з’яўляецца сіндром супергероя і яны гатовы ўсю да капейкі стыпендыю патраціць на корм для бяздомных жывёл. Валанцёрства — гэта не самаахвяраванне, гэта лад жыцця, жаданне быць датычным да чужых праблем і быць гатовым дапамагчы іншым”, — адзначыла Яна Шарамецьева.

Святлана НІКІФАРАВА.