Валанцёрства як прынцып жыцця

У гэтым годзе Валерыя Аўкштулевіч і Яўгенія Шыпуль заканчваюць школу. Акрамя добрых адзнак і ўмення вучыцца, у дарослае жыццё дзяўчаты возьмуць яшчэ адзін вельмі важны прынцып — заўсёды бескарысна дапамагаць людзям. Валерыя і Яўгенія — валанцёры, члены валанцёрскага атрада “Міласэрнасць”, які дзейнічае ў сярэдняй школе № 1 Ліды.

— Я пачала займацца валанцёрствам у 9 класе, — расказвае Валерыя. — Вялікае ўражанне зрабіў на мяне ўдзел у акцыі “Чалавек з белай палкай”, я нават тады расплакалася. І ўжо не магла застацца ў баку ад валанцёрскай работы. Упэўнена, што і пасля заканчэння школы буду гэтым займацца.

Валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” створаны ў сярэдняй школе № 1 Ліды на базе пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” “Рытм” і піянерскай дружыны імя Матроны Наказных. Асноўныя напрамкі работы — сацыяльна карысная, сацыяльная значная дзейнасць і прафілактычная работа, прапаганда здаровага ладу жыцця. Клопатам валанцёрскага атрада з’яўляюцца пажылыя, адзінокія людзі, выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку, дзеці-інваліды. На працягу года праводзяцца сацыяльныя акцыі, працоўныя дэсанты, сяброўскія сустрэчы.

— Важна выхаваць чалавека спагадлівым, адкрытым да добрых спраў, уцягваць дзяцей у сацыяльна актыўную і грамадска карысную дзейнасць, ствараць умовы для рэалізацыі іх грамадзянскіх ініцыятыў, сацыяльнай творчасці. Гордасць выклікаюць не толькі поспехі дзяцей у вучобе, але і іх добрыя справы. Такія дзеці вядуць за сабой равеснікаў не менш актыўна, чым настаўнікі, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў.

На рахунку валанцёраў школы шмат карысных спраў. Для педагогаў-ветэранаў Лідскага раёна дзеці правялі экскурсію ў школьным музеі, падрыхтавалі святочную канцэртную праграму. Напярэдадні навагодняга свята праведзены дабрачынныя акцыі “Цуды на Каляды” і “Нашы дзеці”. Валанцёрамі быў арганізаваны ў школе пункт па зборы канцтавараў, цацак, спартыўнага інвентару, гульняў, кніг і іншых рэчаў, якія былі перададзены ў дзіцячы сацыяльны прытулак, а таксама малазабяспечаным сем’ям.

— Важным кірункам дзейнасці нашы валанцёры лічаць растлумачальную работу сярод дзяцей па праблемах бяспечных паводзін і працуюць па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, — расказвае педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 Ліды Тэрэза Шор. — На базе атрада “Міласэрнасць” арганізавана работа дзвюх груп валанцёраў: “Тэрыторыя бяспечнага інтэрнэту” і “Мы — за ЗЛЖ”. Валанцёрамі-інструктарамі на працягу навучальнага года праводзяцца трэнінгавыя заняткі з навучэнцамі “Я — лідар”, “Упэўненасць у сабе”, “Паспяховыя зносіны”, “Твая мэта — твой поспех”, “Ты і каманда”, “Я — творчая асоба”, з навучэнцамі і бацькамі — “Інтэрнэт-залежнасць”, “Бяспека ў сетцы”, “ВІЧ/СНІД — асновы бяспечных паводзін”, “Скажам шкодным звычкам — “не”!”. У лістападзе 2017 года валанцёры школы сталі арганізатарамі інтэрактыўных мерапрыемстваў “Заставайся ў бяспецы”, “Умей сказаць “не”!”, “Формула поспеху”.

Здаровы лад жыцця прапагандуецца і сярод жыхароў мікрараёна праз акцыі, распаўсюджванне інфармацыі. На сайце школы арганізавана работа дыстанцыйнай школы “У лабірынтах інтэрнэту” для навучэнцаў і іх бацькоў, дзе размешчана інфармацыя аб бяспечных паводзінах у сетцы.

9080 сабраных адпрацаваных батарэек, 11 122 кг макулатуры — гэта вынікі ўдзелу вучняў 1-й школы ў прыродаахоўных акцыях “Чысты лес”, “Зрабі свой горад больш чыстым”, “Здай батарэйку — дапамажы прыродзе”. У рамках акцыі “Захавай дрэва — здай макулатуру” членамі атрада “Міласэрнасць” была праведзена работа сярод насельніцтва мікрараёна школы па прапагандзе другаснага выкарыстання адходаў у мэтах эканоміі і захавання прыродных рэсурсаў і неабходнасці здачы макулатуры, бо 100 кг макулатуры ратуюць 1 дрэва!

— Мы заахвочваем сваіх вучняў займацца дабрачыннай работай з 5 класа, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 16 Ліды Вольга Вінічэнка. — Яны ўдзельнічаюць у акцыях па здаровым ладзе жыцця, даглядаюць магілы герояў-афганцаў. Для экалагічнага адукацыйнага цэнтра “Гарні” змайстравалі 500 шпакоўняў. Але адзін з самых вялікіх выхаваўчых эфектаў мае дапамога пажылым людзям. У валанцёраў нашай школы — 37 падапечных ветэранаў. Кожны клас узяў пад апеку аднаго пажылога чалавека. Як чакаюць яны нашых дзяцей! Гэта не толькі дапамога ў хатніх справах, гэта размовы, зносіны, якія патрэбны і дзецям, і ветэранам. Вучні Каця Астрэйка, Ягор Камар, Кірыл Скарагод, Андрэй Шамрэй, Маргарыта Дудзіч, Георгій Шарамет заўсёды безадказныя і актыўныя ў валанцёрскай рабоце.

Вельмі актыўна ўдзельнічаюць навучэнцы Лідчыны ў валанцёрскім руху “Добрае сэрца” Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У Лідскім раёне налічваецца 40 валанцёрскіх атрадаў, у складзе якіх больш за 800 чалавек. Летась на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае Сэрца” пераможцам у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі” прызнаны атрад “Вясёлка” сярэдняй школы № 8 Ліды.

Вучні-валанцёры 8-й школы ажыццяўляюць праект “Захаваем памяць аб тых, хто захаваў нам жыццё”. Гэты праект накіраваны на далучэнне да вялікай гісторыі краіны і свайго краю праз зносіны з людзьмі розных пакаленняў, захаванне памяці пра дзядоў і прадзедаў, чые лёсы абпалены Вялікай Айчыннай вайной, і выконвае задачы па ўцягванні вучняў у сацыяльна значную дзейнасць, актывізацыю пошукавай работы ў школе, збор матэрыялаў для альбома ўспамінаў. Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Галіны Мацейка быў рэалізаваны на працягу 2015—2017 гадоў яшчэ адзін сацыяльны валанцёрскі праект — “Душу лечаць гэтыя сустрэчы”, мэтай якога была арганізацыя сумеснага правядзення часу і аказанне дапамогі адзіно-кім пажылым людзям і дзецям з сацыяльнага прытулку.

А Валерыя Аўкштулевіч з сябрамі, нягледзячы на тое, што набліжаецца час выпускных экзаменаў, працягвае ўдзельнічаць у дабрачынных справах, якіх у валанцёраў вельмі шмат: і “Вясенні тыдзень дабрыні”, і акцыі “Падары гульню ў групу прадоўжанага дня”, “Дом без адзіноты”. У Рэспубліканскім конкурсе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Валанцёр года — Добрае Сэрца” Валерыя Аўкштулевіч адзначана граматай у намінацыі “Асабісты ўклад”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.