Валанцёры асаблівага прызначэння

Даць азначэнне слову “валанцёр” у наш час можа кожны, не заглядваючы ў слоўнікі ці даведнікі. І ў кожным тлумачэнні абавязкова прагучаць словы “добраахвотна”, “карысна для грамадства”. У беларускіх установах вышэйшай адукацыі валанцёры ёсць абавязкова. Яны ўдзельнічаюць ў самых розных справах, дапамагаюць самым розным людзям. Зараз, у няпростай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі, студэнты дапамагаюць і тым, хто з прычыны розных абставін не можа ці апасаецца выходзіць з дому. Дзейнічаюць такія добраахвотнікі і ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце.

…Міхаіл Дзегцярэнка, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БДУ, прыходзіць на нашу сустрэчу адразу пасля таго, як з самай раніцы спаткаўся з валанцёрамі, што дапамагаюць старым, інвалідам і іншым людзям, якія па розных прычынах не выходзяць з дому. Гэта байцы валанцёрскага атрада “Абдымкі” пярвічкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўніверсітэта.

— У гэты няпросты час нашы студэнты дапамагаюць жыхарам Маскоўскага раёна Мін­ска атрымліваць рэцэпты са сваіх паліклінік і набываць прадукты і іншыя неабходныя тавары, — расказвае Міхаіл. — Кожную раніцу валанцёры наведваюць адну з паліклінік раёна (№№ 5, 25, 39) ці Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Працуюць да 10 валанцёраў, 6 дзён на тыдзень, выхадны — нядзеля. За адзі­н дзень хлопцы і дзяўчаты разносяць па 20—25 рэцэптаў або абслугоўваюць да 10 чалавек, якім неабходна прывезці прадукты. Спісы з заяўкамі атрымліва­юць у ТЦСАН, дзе працуе гарачая лінія. Дзейнічае таксама гарачая лінія Міністэр­ства аховы здароўя, куды звяртаюцца хранічна хворыя людзі.

Студэнты хімфака, геафака, механіка-матэматычнага і юрыдычнага  факультэтаў, якія падчас нашай гутаркі знахо­дзіліся на аддаленым навучанні, канечне, шмат увагі ўдзяляюць вучобе, але знаходзяць час і для дабрачыннай дзейнасці. Да яе яны, трэба сказаць, прывык­лі даўно — атрад “Абдымкі” існуе шмат гадоў, у ім заўсёды па некалькі дзясяткаў байцоў, якія правялі і праводзяць мноства акцый у дзіцячых дамах, школа­х-інтэрнатах, дзіцячым анкалагічным цэнтры, арганізоўваюць акцыі для ветэранаў, збор сродкаў для прытулкаў жывёл і многае іншае. Адна з самых значных ініцыятыў атрада — валанцёрскі фестываль “Салодкія абдымкі”, калі студэнты гатуюць выпечку, рыхтуюць пэўныя вырабы і мяняюць іх на рэчы, неабходныя для выхаванцаў падшэфных дзіцячых дамоў, іншых устаноў.

 Цяпер байцы атрада вырашылі, што самае неабходнае — падтрымка тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі па каранавірусе, і дапамагаюць, чым могуць. Здаралася, што, знаходзячыся на такой “перадавой”, студэнты наведвалі і па 30 адрасоў — а што зробіш, калі трэба, калі людзі чакаюць дапамогі? Усе, зразумела, цалкам забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, кажуць толькі, што не хапае жывых зносін з людзьмі, як гэта было раней, бо цяпер не да доўгіх размоў: галоўнае — перадаць прадукты або рэцэпты. Зносін жа давядзецца пачакаць, нярэдка валанцёры пакідаюць тое, што прынеслі, перад дзвярыма, каб мінімізаваць кантакты. Нічога, час непасрэдных зносін яшчэ вернецца, а цяпер галоўнае — дзейсная дапамога. Няхай зараз рэальныя абдымкі непажаданыя, але ж клопат, падтрымка і дапамога лю­дзям, якім гэта асабліва неабходна, рэальныя.

Безумоўна, “Абдымкі” далёка не адзіны валанцёрскі атрад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ёсць яшчэ такія, як “Дарога надзеі”, “БлагоДарю”, маладзёжны блок Беларускага фонду міру, і інш. Яшчэ тут у 2017 годзе створаны Цэнтр валанцёрскай дзейнасці, які ўключае 9 валанцёрскіх аб’яднанняў, што працуюць па некалькіх кірунках. Пастаянную шэфскую дапамогу атрады аказваюць больш як двум дзясяткам сацыяльных устаноў і арганізацый. І кірункаў работы нямала: работа з ветэранамі, сацыяльная (з дзецьмі-сіротамі, інвалідамі, старымі і інш.), экалагічны напрамак (пасадка дрэў, прыбіранне смецця і г.д.), донар­тва і інш.

— Канечне, галоўнае для кожнага валанцёра — ака­заць дапамогу тым, каму яна па­трэбна, — заўважае Міхаіл Дзегцярэнка. — Але важна і тое, што адначасова студэнты атрымліваюць карысныя навыкі камунікацыі, арганізатарскай практыкі, работы з рознымі групамі насельніцтва, у тым ліку з дзецьмі. Мы чуем шмат станоўчых водзываў аб карысці такой работы як ад саміх валанцёраў, так і ад арганізацый, якім яны дапамагаюць. Пра нашых студэнтаў гавораць як пра чулых, далікатных, тактычных памочнікаў.

Апошняе асабліва важна, бо многія выпускнікі БДУ становяцца выкладчыкамі, у тым ліку школьнымі педагогамі. Практыка работы з дзецьмі рознага ўзросту, рознага стану здароўя, якую дадаткова дае валанцёрская работа, для іх вельмі дарэчы.

Такую практыку многім студэнтам дае і работа ў студэнцкіх атрадах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маладыя лю­дзі працуюць у сферах адукацыі, аказання паслуг, вытворчай і інш. Летась штаб студатрадаў пярвічнай арганізацыі БДУ ўладкаваў каля 400 чалавек, якія працавалі ў
28-мі студэнцкіх атрадах. Па выніках 2019 года штаб універсітэта стаў лепшым сярод штабоў устаноў вышэйшай адукацыі Мінска.

— Сёлета мы таксама плануем актыўна працаваць у гэтым кірунку, — расказвае М.Дзегцярэнка. — Маем вялікі спіс устаноў і арганізацый, якія б хацелі бачыць нашых студатрадаўцаў — гэта спартыўна-аздараўленчы комплекс “Брыганціна” нашага ўніверсітэта, вучэбна-доследнае рэспубліканскае прадпрыемства “Шчомысліца”, прадпрыемствы “Атлант”, “Інтэграл” і, канечне, дзіцячыя азда­раўленчыя лагеры. Многія, ведаю, калі заканчваюць універсітэт, працягваюць летам праца­ваць у летніках, бо работа знаёмая, чаму б да яе не вярнуцца? Увогуле, на любым месцы работы студэнты атрымліваюць карысныя навыкі, бясцэнны вопыт. А з 2021 года ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 58, згодна з якім, калі віды работ, што ажыццяўляюцца ў студатрадзе, адпавядаюць вучэбнаму плану па спецыяльнасці, то работа можа быць залічана студэн­ту ў якасці вучэбнай і вытворчай практыкі.  Для многіх з’явіцца яшчэ адзін важкі стымул стаць студатрадаўцам.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлены пярвічнай арганізацыяй БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.