Валанцёры працуюць на прафілактыку

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Кол-цэнтр зноў актыўна працуе ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

З прыходам чацвёртай хвалі COVID-19 актывізавалася добраахвотніцкая работа студэнтаў-медыкаў. Прэс-сакратар УВА Алена Смірнова расказала, што валанцёры гатовы прыйсці на дапамогу ўрачам і медперсаналу. Студэнцкі кол-цэнтр, як і раней, працуе з кантактамі першага ўзроўню для ранняга выяўлення пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй і аказвае дапамогу паліклінікам Гомеля. Больш за 20 хлопцаў і дзяўчат з розных курсаў добраахвотна дапамагаюць пры эпідэміялагічных расследаваннях у Гомельскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Новая змена з’явілася і ў студэнцкім добраахвотніцкім атрадзе “Вы не адны”:

— На базе вучэбнага модуля “Чырвоная зона” ў лабараторыі практычнага навучання валанцёры-навабранцы ў бяспечных умовах адпрацоўвалі навыкі работы ў кавідных аддзяленнях, — адзначае Алена Смірнова, — для таго каб працаваць у стацыянары — дапамагаць рэабілітацыі хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Нагрузка на сістэму аховы здароўя рэгіёна па-ранейшаму значная, таму добраахвотная дапамога студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта лішняй не будзе.

Між тым валанцёры Гомельскага шматпрофільнага ліцэя ў грамадскім транспарце абласнога цэнтра працуюць на прафілактыку распаўсюджвання інфекцыі. У межах рэалізацыі праекта “З добрым сэрцам — на добрыя справы!” навучэнцы — валанцёры атрада “Дарогаю дабра” — сумесна з Савецкай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прынялі ўдзел у акцыі, падчас якой заклікалі насельніцтва насіць сродкі індывідуальнай засцярогі.

Брыгады валанцёраў Мазырскага політэхнічнага каледжа пры садзейнічанні арганізацыі Чырвонага Крыжа праводзяць на вуліцах, у гандлёвых цэнтрах растлумачальную работу сярод насельніцтва вялікага палескага горада. Яны расказваюць пра важнасць вакцынацыі і неабходнасць выканання масачнага рэжыму і адначасова раздаюць ахоўныя маскі і інфармацыйныя лістоўкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.